Немагчыма ўявіць, як можна было вышыць столькі хараства, бо Клаўдзія Мартысюк працавала ў калгасе і даяркай, і на цялятніку, і свіней даглядала, і ў паляводстве працадні зарабляла. А дома свая гаспадарка чакала. Трое дзяцей у сям’і гадаваліся, у дэкрэтным водпуску была па паўгода – і зноў на працу.
На здымках – малая крыха яе вышыванак, бо многае ўжо разабралі дзеці, многае стала падарункамі.
– Сёгоння і сама дывуюся, як могла стылько пэрыробыты, а шчэ и покрывала ткала, и плаття вязала, и ковры иголкою выбивала, а тапочки и тыпэр вяжу для всих. Жытте прошло в роботы. Сама всёму учылася. А вышывка то завжды була под рукамы. Килько сэбэ помню, завсигда мила напоготови полотно и мулинэ…
Клаўдзія Афанасьеўна не прыгадае таго часу, калі б у яе не было распачатага вышывання. Адно завяршае, а другое ўжо ў задумках выспела. Колькі ўсяго вышытага выйшла з-пад яе рук, немагчыма палічыць, але напэўна гэта дзясяткі ручнікоў, сурвэтак, навалачак, сюжэтных карцін… Згадвае, як пасля аперацыі некалькі месяцаў жыла ў сына ў Мінску: ад кепскіх думак пазбаўлялася вышываннем, яно стала супакаяльнай тэрапіяй. Цэлы стос вышытага пакінула тады для нявесткі. І самая вялікая для яе радасць, калі бачыць, што створанае ёю дзецям падабаецца.
Шмат матуліных вышыванак упадабала дачка-брастаўчанка (цяпер Лілія разам з маці ў Дварцах, дапамагае ёй у вялікім агародзе), а многае з вышытага прыдалося ў якасці падарункаў яе сябрам з добрай нагоды і са згоды матулі.
Неўзабаве ўнук справіць наваселле ў прыгарадзе Брэста – і для маладой сям’і бабуля прапануе на выбар усё, што толькі спадабаецца. Чым больш вышыванак упадабаюць, тым больш парадуюць яе.
Вышывае яна і цяпер, вось толькі гладдзю, якая нагадвае пяшчотную акварэль, ёй ужо складана. Днямі завяршыла яшчэ адзін пейзаж. Вышыты крыжыкам, ён вельмі нагадвае ваколіцы роднай вёскі…
* * *
Аднавяскоўка Клаўдзіі Мартысюк – Яўгення Калупановіч – таксама нямала цяпла сваіх рук упляла ў тканыя посцілкі, вышытыя падзорнікі і карціны. Многаму навучыла яе бабуля, якую згадвае з цеплынёй.
Захавала і сваю самую першую вышыўку – “Рамэа і Джульета”, а было ёй тады гадоў дванаццаць. Дарэчы, дачка Яўгенні Паўлаўны ці не ўсе матуліны вышыўкі ўжо аздобіла прыгожымі рамамі ў багетнай майстэрні. Сёння тыя рукатворныя шэдэўры заварожваюць, здольныя ўпрыгожыць і вясковы дом, і гарадскую кватэру. Хтосьці абавязкова скажа: мяшчанства. Аднак пасля вайны вышыўка была самым модным і даступным рукадзеллем. Грошай на прыгожую фабрычную мэблю не было, а хацелася ўтульнасці ў хаце – вось і вышывалі падзорнікі ды навалачкі на ложак, ясікі (падушкі-думкі) на канапу і фіранкі, настольнікі і карціны…
А цяпер тыя ўнікальныя скарбы з бабуліных куфраў – як цёплая памяць. Значыць, гэта дарагая спадчына. Больш за тое, сёння ўсё, што было створана рукамі, здаецца магічнай чароўнасцю.
У век электронікі і высокіх тэхналогій вышывальная машына можа “выдаць” карціну за некалькі гадзін, але ў камп’ютарным вышыванні не будзе душы.
Галіна НОВІК
Фота Віталія ДУЛЕВІЧА
Это может быть интересно:
-
Акция “Дай лесу новае жыццё” стартует в Беларуси
-
Завтра в Каменецком районе стартует республиканская акция «За безопасность вместе»
-
На территории Брестской области проходит декада «В мотосезон — без нарушений!»
-
«Записываем вас на диспансеризацию…»: фантазия мошенников не знает границ
-
О тех, кто уехал из Беларуси, и их жизни сегодня сняли фильм «Чужое небо»