А ён ехаў, ехаў, ехаў…

У кастрычніку дарожна-транспартныя здарэнні адбываліся па розных прычынах. У прыватнасці, жыхар Каменца на ГАЗе ехаў па вул.Цэнтральнай у Ясінаўцы. Не ўлічыў дарожныя ўмовы (мокры асфальт, дождж), не выбраў бяспечную хуткасць, на закругленні дарогі выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з аўтамабілем Івека. У выніку ДТЗ машыны пашкоджаны.

А другі камянчанін на МАЗе ў Падбеле на вул.Белайца пры руху заднім ходам не пераканаўся ў бяспецы выконваемага манеўра і наехаў на прыпаркаваны аўтамабіль Додж. У гэтым выпадку аўтамабілі таксама былі пашкоджаны. Аналагічнае здарэнне ўчыніў і жыхар Мартынюкоў, які на Опель Амега ў Каменцы на вул.Чкалава пры руху заднім ходам не пераканаўся ў бяспецы і сутыкнуўся з Форд Гелаксі, які стаяў. І яшчэ пра адзін наезд. Апора святлафорнага аб’екта стала перашкодай для жыхара Брэста, які на ГАЗе пры руху заднім ходам не пераканаўся ў бяспецы манеўра і наехаў на яе.

Жыхар Белавежскага на Вольва рухаўся па вул.Першамайскай у Абяроўшчыне, не выбраў бяспечную дыстанцыю да едучага наперадзе Аўдзі-100, і калі той знізіў хуткасць, сутыкнуўся з ім.

Назаву два выпадкі, калі ў выніку ДТЗ машыны перакуліліся. Так, жыхар Каменца, які не меў права на ваджэнне аўтамабіля, кіраваў у стане алкагольнага ап’янення Нісан Мікра. Едучы па аўтадарозе Брэст – Каменец – НП “Белавежская пушча”, на закругленні яе ўлева не выбраў бяспечную хуткасць, не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у левы па ходу руху кювет і… перакуліўся. Ніхто не пацярпеў, машына пашкоджана (гл. здымак). Вось і жыхарка пасёлка Белавежскі ехала на Аўдзі-80 па дарозе Высокае – Каменец – Кобрын з боку Каменца ў накірунку Высокага. Таксама на закругленні дарогі ўлева не выбрала бяспечную хуткасць, не справілася з кіраваннем, з’ехала ў правы па ходу руху кювет, і машына перакулілася.

А жыхар Юўсіч, не маючы права на кіраванне, ва ўмовах моцнага туману ехаў на матацыкле ІЖ з бакавым прычэпам і ўчыніў наезд на жыхарку гэтай жа вёскі. Пешаход атрымала раненні і апынулася на бальнічным ложку. Праводзіцца праверка, прычыны ДТЗ устанаўліваюцца. На момант здарэння пацярпелая не была абазначана святловяртальным элементам.

Яшчэ адно здарэнне з пацярпелым адбылося на аўтадарозе Высокае – Люта. Жыхар Новых Лышчыц Брэсцкага раёна на Вольва ўчыніў наезд на веласіпедыста, жыхара Высокага, які рухаўся ў спадарожным накірунку (на здымку). Веласіпедыст атрымаў раненні і дастаўлены ў бальніцу на лячэнне. Праводзіцца праверка, прычыны здарэння ўстанаўліваюцца. Веласіпедыст быў абазначаны святловяртальным элементам.

Аляксандр ГЕРАСІМУК.

Добавить комментарий