Тэрмез, Ташкент, Узбекская ССР. Хараство гор, якія пераліваюцца колерамі вясёлкі ў ранішніх промнях вясновага сонца. Цэлы год горы пакрыты леднікамі, і так прыемна піць крынічную халодную (аж зубы ломіць!) ваду, калі тэмпература паветра паднімаецца да плюс 40-45 градусаў на санцапёку! Усё гэта жыве ва ўспамінах Іны Калянюк…
Пасля школы яна паступіла ў Сярэдне-азіяцкі педыятрычны інстытут у Ташкенце. Пацяклі студэнцкія будні, была і работа ў студэнцкім атрадзе на ўборцы бавоўны. Побач з інстытутам знаходзілася ваеннае вучылішча, пасля заканчэння якога хлопцы станавіліся афіцэрамі Савецкай Арміі. Адзін з курсантаў адразу звярнуў увагу на Іну, маладога, сімпатычнага будучага доктара. Позіркі сустрэліся, і стала ясна: спадабаліся адно аднаму. З часам маладыя людзі сталі зусім блізкімі па душы, што неаднаразова дапамагала ім у жыцці. Гэтым афіцэрам аказаўся наш зямляк Уладзімір Іванавіч Калянюк. Далёка закінуў яго лёс, але і падарунак падрыхтаваў – цудоўную жонку. Згулялі вяселле, і панесла іх сямейнае жыццё па сваіх хвалях.
У 1977-м нарадзіўся першынец Пеця. Наступным месцам жыхарства (загад ёсць загад) стала Чэхаславакія. Добрым словам успамінае Іна Пятроўна гэтую краіну. Дзіцячы доктар, ён паўсюль патрэбны. “Мясцовыя падтрымлівалі з намі сяброўскія сувязі,” – расказвае жанчына.
У 1983 годзе нарадзіўся сын Цімафей, а хутка і новы перавод, на гэты раз – у Сібір, дзе пражылі 6 гадоў, перабраўшыся пасля ў Германію. Там для таго, каб быць побач з мужам і працаваць, самой Іне Пятроўне давялося апрануць ваенную форму…
“Завяршылася мая замежная “турпаездка” толькі ў маі 1992-га, – падводзіць вынік мая суразмоўца, – калі нашы войскі выводзілі. Уладкаваліся пасля таго ў Белавежскім. Працавала педыятрам. У 2003-м праходзіла перападрыхтоўку ў Віцебску, пасля якой стала ўрачом агульнай практыкі. Забрала з часам і бацькоў, Ніну Фёдараўну і Пятра Васільевіча, да сябе. Нават не верыцца, што 20 гадоў прайшло, як працую тут у амбулаторыі.”
Не злічыць сёння дзяцей, якіх вылечыла за гэты час Іна Пятроўна. А колькі пажылых і хворых ратавала ў любы час сутак! Цяпер яна на пенсіі, але працаваць працягвае, заўсёды дапамагае справай і парадай загадчыцы Белавежскай амбулаторыі Таццяне Мікалаеўне Пенчанкавай. Упэўнены: не кожны доктар згадзіўся б апоўначы ў цемры ісці на дапамогу пажылому чалавеку, які пакутуе ад болю. А яна ідзе… Што тут яшчэ дадаць? Словы лішнія.
Станіслаў ФІЯЛКОЎСКІ,
Фота Ірыны САХАРКА.
пас.Белавежскі.
Это может быть интересно:
-
Як прайшла сустрэча з пісьменнікам і ваеннаслужачымі Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага
-
После реконструкции в Каменце открылось здание БТИ
-
В Каменецкой ЦРБ проводится вакцинация для профилактики COVID-19
-
Сегодня у жителей района была возможность обратиться со своими вопросами к депутатам всех уровней
-
«Наши дети» и «От всей души»: новогодние акции Каменецкого района объединяют добрые сердца