А Ванька слушает, да пьёт…

Дарэчы, і не толькі віно ды гарэлку п’е, але і жонку б’е. Праўда, Іван Е. з Расны з 27 сакавіка і на працягу года піць спіртное не зможа, бо этапіраваны ў ЛПП №4 г.Віцебск. І не толькі Іван, але Аляксей Ф. з Вуглян, Ранат С. з Высокага, Леанід А. з Шышова, Павел Ю. з Панасюкоў, Сяргей Ш. з Каменца, Юрый К. з Вярховічаў. Да гэтай сямёркі неўзабаве дабавяцца яшчэ трое: Уладзімір П. з Высокага, браты Валерый і Генадзь Г. з Абяроўшчыны, яны судом раёна, выязныя пасяджэнні якога адбыліся ў Расне, асуджаны да прымусовага лячэння ад алкагалізму ва ўмовах лячэбна-працоўнага прафілакторыя тэрмінам на 12 месяцаў. Хацелася б спадзявацца, што гэтыя сямейныя скандалісты пасля курса лячэння адумаюцца і пераменяць да лепшага свой лад жыцця. Як і былая даярка Таццяна П. з вёскі Сосны. Прозвішчаў гэтых “пакутнікаў ад алкаголю” не называю з этычных меркаванняў, як жа – гэта ж хвароба, хоць і спецыфічная, а хіба можна папракаць хворых?
Аднак, і мірыцца з імі нельга, бо як жыць з сем’янінам, які прапівае зарплату, ды яшчэ ўчыняе вэрхал, лаецца, пагражае? Вядома, такое выцерпець цяжка. І наўрад ці варта цярпець, бо звыклыя скандалы ў любы момант могуць скончыцца больш цяжкімі вынікамі. Тым не менш, амаль у палове выпадкаў, калі вырашаецца далейшы лёс сямейных скандалістаў, райаддзелам міліцыі выносяцца рашэнні аб спыненні спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Чаму? Зусім не таму, што работнікі міліцыі такія добранькія – жонкі ці сужыцелькі скандалістаў даруюць ім дэбошы і пабоі. Ці правільная такая пазіцыя? Няўжо спадзяюцца на лепшае? Але ж паверыць можна ў першы, хай у другі, трэці раз. Не бясконца ж… І звычайна атрымліваецца так, што сямейны скандаліст, упэўнены ў сваёй беспакаранасці, становіцца яшчэ больш раз’юшаным. Між тым, да п’яніцы, які яшчэ і кулакамі размахвае, можна прыняць дзейсныя меры. І гэта – не толькі накіраванне на прымусовае лячэнне. Да гора-сем’яніна можна прымяніць абмежаванне ў дзеяздольнасці. Калі ўжо складзены не адзін пратакол за п’яныя дэбошы, а рэакцыі – ніякай, варта звярнуцца да ўчастковага з просьбай аформіць дакументы ў суд. Які і можа вынесці рашэнне аб абмежаванні ў дзеяздольнасці. Калі зарплату аматара выпівак будзе атрымліваць яго жонка ці іншы надзейны сем’янін, за што ж прыхільніку “зялёнага змія” купляць спіртное? А заробленыя ім грошы пойдуць на пакупку неабходных для сям’і тавараў. Летась судом раёна было вынесена шэсць рашэнняў аб абмежаванні ў дзеяздольнасці аматараў п’янак і скандалаў, з пачатку гэтага года паступіла ў суд адна справа, якая пакуль не разгледжана.
Сёлета ў райаддзеле міліцыі зарэгістраваны 74 паведамленні грамадзян аб правапарушэннях у быце (за аналагічны леташні перыяд 80). І 33 жыхары раёна прыцягнуты да адказнасці за зневажанне, шасцёра – за дробнае хуліганства, нават узбуджана адна крымінальная справа. А ў 34 выпадках справы былі спынены па прычыне, якая была ўказана. Што ж, пацярпелыя могуць і далей цярпець здзекі, гэта іх права, толькі ці варта?
З 21 па 29 сакавіка ў раёне праведзены комплексныя мерапрыемствы па прафілактыцы асацыяльных паводзін грамадзян у сферы сямейна-бытавых адносін. Міліцыя наведала ўсіх, хто на ўліку ў РАУС і схільны да ўчынення “бытавухі”. Якія меры прыняты, сказана вышэй. А як жыць далей тым, хто ўчыняе “п’яныя” дэбошы, вырашаць ім самім. Падумайце як след, што лепш: ісці “па этапу” на прымусовае лячэнне, пазбавіцца павагі і даверу блізкіх, ці ўсё ж “завязаць” з выпіўкай ды жыць па-людску.

Валерый БУКАЧ,
старшы інспектар прафілактыкі
райаддзела міліцыі

Добавить комментарий