Аўтапрабегам распачалося святкаванне Дня моладзі ў Каменцы

Аўтапрабег, прысвечаны Дню моладзі і студэнцтва, прайшоў сёння ў Камянецкім раёне.

Калона машын пад Дзяржаўнымі Сцягамі Рэспублікі Беларусь, а таксама пад сцягамі грамадскіх аб’яднанняў, распачала свой рух ад брацкай магілы воінаў і партызан у Каменцы, да якой пасля хвіліны маўчання ўсклалі жывыя кветкі. Далей прадстаўнікі мясцовай улады, раённых арганізацый РГА “Белая Русь”, “БРСМ”, “Беларускі саюз жанчын” і ФПБ накіраваліся ў Прускаўскі лес, дзе таксама ўсклалі кветкі да брацкай магілы.

А ў Пелішчы ля помніка танкістам, загінулым падчас Вялікай Айчыннай, невялікі экскурс у ваеннае мінулае правёў настаўнік мяцовай школы Васілій Арабейка. Пасля ўскладання кветак калона вярнулася ў райцэнтр, дзе літаральна праз гадзіну распачнецца ўшанаванне маладых лідараў Камянечыны. Жадаеце пазнаёміцца з імі? Прыходзьце ў парк “Ля Лясной”!

Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.