Ужо амаль паўтара года філіял “Аўтобусны парк №9 г.Каменец” ААТ “Брэстаблаўтатранс” з’яўляецца самастойным прадпрыемствам. Аб поспехах, дробных недапрацоўках і планах на будучыню ў сваім інтэрв’ю “Навінам” расказаў яго дырэктар Віктар КРАХМАЛЮК.
– Віктар Віктаравіч, ведаю, што апошнім часам прадпрыемства, якое ўзначальваеце, упэўнена ідзе па шляху эфектыўнага развіцця…
– Гэта так. Нашы паказчыкі не могуць не радаваць. На пачатак бягучага года мы мелі 740 мільёнаў страты. З красавіка вырашылі перагледзець падыходы да работы.
– Што менавіта было зменена?
– Пераглядзелі нормы расходавання паліва, прынцыпы рацыянальнага выкарыстання транспарту, зрабілі пастаяннымі і грунтоўнымі праверкі. Акрамя таго, каб быць абсалютна шчырым, не магу не згадаць і пра тое, што на красавік-жнівень прыпадае вялікі пасажырапаток, а гэта – таксама прыбытак. Сукупнасць усяго названага вышэй і дапамагла нам за восем месяцаў бягучага года знізіць нашы страты да 272,3 мільёна рублёў. У новы 2016-ы плануем уступіць увогуле без страт.
– Калі апошні раз абнаўляўся ваш аўтобусны парк?
– Летась набылі тры аўтобусы маркі МАЗ. Адзін, мяккі, вельмі прыгожы і ўтульны, цяпер курсіруе з Брэста ў Белавежскую пушчу праз наш райцэнтр і назад; яшчэ два, прыгарадныя, прымацаваны да маршрутаў Каменец-Высокае, Каменец-Брэст і Каменец-Жабінка.
Да канца 2015-га наш аўтобусны парк папоўніцца яшчэ адным МАЗам, таксама для прыгарадных перавозак.
– Нядаўна ў Каменцы з’явіўся аўтобус, які вазіў пасажыраў з аўтастанцыі ў цэнтральную раённую бальніцу. Карыснае новаўвядзенне. Ці прыжылося яно?
– На вялікі жаль, не. За месяц новай паслугай скарысталіся толькі 48 чалавек.
– Як думаеце, чаму так?
– Відаць, справа ў кошце білета. Ён складае 3 500 рублёў, у выпадку набыцця білета ў вадзіцеля – 3 800. Калі б вазілі бясплатна, пасажыры знайшліся б. Маршрут ужо закрыты.
– Ці мэтазгодна ўводзіць у Каменцы гарадскі аўтобус?
– Па нормах адкрыццё такога маршрута магчымае толькі ў населеным пункце, насельніцтва якога складае больш за дзесяць тысяч чалавек. Каменец пакуль не дацягвае да такога паказчыка.
– Якія ўмовы створаны для рамонтных работнікаў аўтапарка?
– Адпачыць і паабедаць яны могуць у спецыяльна адведзеным пакоі з шафкамі для ўласных рэчаў, халадзільнікам і мікрахвалевай печчу. Акрамя таго, ёсць дзе прыняць душ, памыць спецадзенне з дапамогай сучаснай пральнай машыны. А хутка, калі зробім сушылку, памытае можна будзе і хутка высушыць.
– Клапоціцеся і аб добраўпарадкаванні тэрыторыі, прылеглай да будынку?
– Заўсёды! Калі б вы завіталі да нас раней, то маглі б палюбавацца чысцінёй і прыгажосцю. Колькі кветак тут было! Любата!
– У студзені бягучага года была адкрыта доўгачаканая дыягнастычная станцыя ў Каменцы. Падвядзіце папярэднія вынікі яе работы.
– Са студзеня больш за паўтары тысячы транспартных сродкаў прайшлі тут дзяржтэхагляд. Паступова напрацоўваем пастаянную кліентуру. Вельмі зручна тое, што станцыя знаходзіцца непасрэдна ў памяшканні “Аўтобуснага парка №9”.
– Як рыхтуецеся да прафесійнага свята?
– 22 кастрычніка ўжо адбылося святочнае мерапрыемства, падчас якога лепшыя нашы работнікі атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Ганаровай граматай абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджаны вадзіцель Іван Іванюковіч, а Падзячным пісьмом аблвыканкама – слесар па рамонце аўтамабіляў Аляксандр Анішчук.
– А як адзначыла лепшых ААТ “Брэстаблаўтатранс”?
– Ад таварыства ганаровую грамату атрымаў вадзіцель Юрый Калупановіч, а Падзячнае пісьмо – касір Высокаўскай аўтастанцыі Ірына Капуза.
– Ёсць узнагароды і ад філіяла “Аўтобусны парк №9 г.Каменец”?
– Іх чатыры. Ганаровыя граматы заслужылі дзяжурны механік Генадзій Божуль і вадзіцель Уладзімір Кірпа. А падзячныя пісьмы цяпер нагадваюць аб працоўных поспехах, дзяжурнаму механіку Яўгенію Лышчыку і токару Сяргею Максімуку. І, безумоўна, натхняюць на новыя дасягненні.
Акрамя таго, з нагоды Дня аўтамабіліста і дарожніка мы выпусцілі першы нумар газеты “Аўтамабіліст“. Чатыры старонкі расказваюць пра нашы працоўныя будні і лепшых работнікаў. Тыраж у 80 экземпляраў плануем распаўсюдзіць сярод супрацоўнікаў аўтапарка і паважаных ветэранаў.
– За першым нумарам газеты будуць і наступныя?
– Безумоўна! Выданне стане штомесячным. Яго рэдактар – наш спецыяліст па кадрах Надзея Якімук.
– Што пажадаеце калегам напярэдадні свята?
– Шчасця, здароўя, бадзёрасці духу, поспеху ў дасягненні мэтаў, сямейнага дабрабыту, душэўнай раўнавагі і святочнага настрою. Няхай увасобяцца ў жыццё ўсе надзеі, мары і спадзяванні! Сардэчна дзякую ўсім за плённую працу.
* * *
Інтэрв’ю скончылася прапановай Віктара Віктаравіча на свае вочы ўбачыць, у якіх умовах працуюць і адпачываюць работнікі аўтапарка. Як было не згадзіцца? Словы майго суразмоўцы пацвердзіліся на справе. Утульна. Прыгожа. Зручна. Тры словы, што самым найлепшым чынам характарызуюць убачанае.
А потым мне далі магчымасць пагутарыць з двума работнікамі, чыю працу адзначыў Брэсцкі аблвыканкам. Знаёмцеся…
За спінай Івана ІВАНЮКОВІЧА – 42 гады працоўнага стажу. Як прыйшоў адразу пасля арміі на работу ў тагачасную аўтакалону, так і застаўся. Тады на розных пасадах тут ужо шчыравалі маці, бацька, брат і сястра Івана Васільевіча. Чым не дынастыя?
Сёння вадзіцель ездзіць па маршрутах на Белавежскі, Высокае, Падбельскія Агароднікі, Дварцы, Шастакова, Любашкі, Такары і г. д.
У 2007 годзе Іван Васільевіч ужо ўзнагароджваўся Ганаровай граматай райвыканкама, сёлета яго адзначылі на абласным узроўні, тут, відаць, і да рэспубліканскага недалёка…
Аляксандр АНІШЧУК выконвае абавязкі слесара па рамонце аўтамабіляў з 1995-га. Сёлета адзначыць 20-годдзе сваёй працоўнай дзейнасці. Немалы тэрмін. Відаць, ёсць нешта асаблівае, што не адпускае.
– Калектыў у нас склаўся цудоўны, – з усмешкай тлумачыць мой суразмоўца.
Дарэчы, узнагарода, якую атрымаў сёлета Аляксандр Анішчук, не першая. У 2010-м яму ўручылі Падзячнае пісьмо райвыканкама.
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
ПРОКУРАТУРА РАЙОНА ВЫЯВИЛА ФАКТЫ НАРУШЕНИЙ ПРАВИЛ СОДЕРЖАНИЯ КРС
-
До Нового года рукой подать. Подготовку к зимнему турсезону начали в Беловежской пуще
-
С 25 ОКТЯБРЯ ПО 2 НОЯБРЯ В КАМЕНЕЦКОМ РАЙОНЕ ПРОЙДЕТ РЕСПУБЛИКАНСКАЯ АКЦИЯ «ЗА БЕЗОПАСНОСТЬ ВМЕСТЕ»
-
Важно знать! Проверка дымовых и вентиляционных каналов
-
Паэтка Наталля Кандрашук выступіла ў родных Камянюках