Ахова працы: вучымся на памылках

 

P8219415У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 мая 2010 г. №240 “Аб здзяйсненні гра­мадскага кантролю прафе­сійнымі саюзамі”, тэхнічны інспектар інспекцыі працы Беларускага прафсаюза работнікаў аховы працы Андрэй Бранавец некалькі тыдняў праводзіў у нашым раёне маніторынг захавання заканадаўства аб ахове працы і ўмоў выканання калектыўнага дагавору ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях.
У Беларусі праводзіцца актыўная дзяржаўная палітыка, накіраваная на захаванне жыцця і здароўя грамадзян у працэсе іх працоўнай дзейнасці. Ства­рэнне бяспечных умоў працы павінна быць неад’емнай часткай дзейнасці арганізацый усіх формаў уласнасці. У выніку прымаемых мераў па ства­рэнні бяспечных умоў працы захавалася тэндэнцыя зніжэння колькасці пацярпелых на вы­творчасці. Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага ка­мітэта, у выніку няшчасных вы­падкаў у мінулым годзе траў­міравана 2 тыс. 349 работнікаў (-270 у параўнанні з 2011-м).
З мэтай папярэджання няшчасных выпадкаў на вытворчасці на перадапошнім тыдні жніўня тэхнічны інспектар завітаў у чатыры сельгасарганізацыі, у якіх былі выяўлены парушэнні. Пад маніторынг трапілі ААТ “Усход-Каменец”, “Макарава-Агра”, “Александрыя-Агра” і “Агра-Турна”. Для кожнай гаспадаркі былі выпісаны рэкамендацыі, якія патрабуюць хуткага ўстаранення.
Амаль усе прадпісанні пераклікаюцца паміж сабой, і спіс парушэнняў даволі доўгі, але хочацца пералічыць толькі самыя важныя, ад якіх на самой справе залежыць тое, як пройдзе працоўны дзень у работнікаў.
Першым пунктам амаль ва ўсіх рэкамендацыях стаіць своеча­совае правядзенне ўводнага інструктажу па ахове працы, а таксама выключэнне фармальнага правядзення ўводнага ін­структажу (у журнале рэгістрацыі ўводнага інструктажу па ахове працы адсутнічалі подпісы рабочых). У правераных гаспа­дарках не праводзілася метралагічная паверка манометраў, устаноўленых на кампрэсарах. Забараніў тэхнічны інспектар эксплуатацыю драўляных пры­стаўных лесвіц, якія не адпавядаюць патрабаванням закана­даўства. Былі вызначаны парушэнні пры правядзенні газазварачных работ, дзе рэзку металу зваршчык выконваў без ахоўных акуляраў і шчытка са спецыяльным шклом. У дзвюх з правяраемых гаспадарак забаронена эксплуатацыя свід­равальнага станка. У адной рамонтна-механічнай майстэрні трэба правесці рамонт агульнага асвятлення. Не прайшоў інспектар і міма спецыяльных месцаў для курэння. У дзвюх гаспадарках іх трэба абсталяваць у адпаведнасці з патрабаваннямі, устаноўленымі заканадаўствам (аснасціць пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, урну не менш чым на 1/3 запоўніць вадой).
Найбольш распаўсюджанае парушэнне – адсутнасць у сельскагаспадарчай тэхніцы меды­цынскіх аптэчак, вогнетушыце­ляў і знакаў аварыйнага прыпынку, а гэта самае першае, што павінен праверыць адказны па ахове працы ў кожнай арганізацыі перад тым, як адправіць транспарт на работы.
Усе парушэнні трэба выпра­віць да вызначанага тэрміну.
Наталля ГРЫЦУК.
На здымку: падчас маніто­рынгу захавання заканадаўства аб ахове працы і выканання ўмоў калектыўнага дагавору ў ААТ “Макарава-Агра”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий