“Афіна” пашырае межы

IMG_2414Да Новага 2013 года высакаўчане атрымалі прыемны падарунак. Прыватны магазін “Афіна” (таварыства з дадатковай адказнасцю – Юлія і Уладзімір Кірылюкі), што адкрыўся тут чатыры гады таму, расчыніў перад пакупнікамі яшчэ адзін аддзел. У ім, размешчаным на другім паверсе, можна набыць адзенне і цацкі для дзяцей, канцылярскія тавары і біжутэрыю.

Другі паверх пакуль што запоўнены таварам не поўнасцю, бо пакінулі месца для “дарослага” адзення. Акрамя таго, тут плануюць прапанаваць высакаўчанам будаўнічыя матэрыялы, сантэхніку, складаную бытавую тэхніку.

– Падбіраючы асартымент, кіраўніцтва арыентавалася на патрэбы пакупніка, – дзеліцца загадчыца “Афіны” Наталля Кліцук. – Ды і ўвогуле, ідзём яму насустрач. Робім скідкі ў час акцый на той ці іншы тавар. Нядаўна, напрыклад, знізілі цэны на наборы парфумы, якія напярэдадні святаў разыходзіліся, нібыта гарачыя піражкі. У нас, дарэчы, вельмі танныя бытавая хімія і шампуні, як у “Еўраопце”. Пашыраючыся, гаспадары магазіна вырашылі звярнуць асаблівую ўвагу на дзяцей, пастараліся стварыць тут, у Высокім, так званы міні-“Дзіцячы свет”. Здаецца, атрымалася. Адзенне для хлопчыкаў і дзяўчынак у нашым магазіне якаснае і прыгожае, беларускай вытворчасці. Гэта не толькі “Світанак”, да якога ўсе прызвычаіліся, але і прадукцыя Гродзенскай і Віцебскай фабрык. Раю звярнуць на яе ўвагу. Прапануем шырокі выбар рэчаў для нованароджаных: адзенне, столікі для кармлення, развіваючыя дыванкі, гульнявыя манежы…

Пакуль гутарылі з загадчыцаю, гандлёвая зала запоўнілася пакупнікамі. Вочы дзяцей гарэлі прадчуваннем абноўкі, а бацькі задаволены, што могуць зрабіць неабходныя пакупкі ў сваім родным горадзе, што не трэба ехаць у Брэст.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.

IMG_2421

 

IMG_2419

Добавить комментарий