Афганскі слоўнік

5Па выніках мінулага года Высокаўскі Дом культуры прызнаны лепшым у раёне. Яго дырэктара Алега Грыпічука мы ведаем як творчую асобу – чалавек на сваім месцы. Шчаслівы чалавек… І мала хто ведае, што за спінай яго выпрабаванне вайной.

Пасля вучобы ў сельскагаспадарчым прафесійна-тэхнічным вучылішчы, у лістападзе 1987 года, Алег быў прызваны ў армію. Падрыхтоўку праходзіў у вучэбным пункце ў Сярэдняй Азіі, а пасля сам падаў рапарт з просьбай аб накіраванні ў Афганістан. Ужо ў сакавіку 1988-га ён быў там. Першае спатканне з незнаёмай краінай Алег Грыпічук апісвае трыма кароткімі, як стрэлы, словамі: чорна, холадна і страшна. Наўрад ці, гаворачы так, мае на ўвазе выключна фізічныя свае адчуванні…

Мота-манеўровая група з 30 чалавек, у склад якой увайшоў і Алег, размясцілася на мяжы Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан з Узбекскай ССР, каб кантраляваць бяспечны рух караванаў па ўрочышчы Мармоль (у перакладзе з узбекскага “змяінае гняздо”). Там – паўночны караванны шлях, што злучаў горад Мазары-Шарыф і перавал Саланг.

База ў гарах была адкрытая ўсім вятрам, але на вышыні размяшчаліся пляцоўкі, адкуль вялі абстрэл у выпадку небяспекі. А яна падсцерагала паўсюль, 10 тысяч бандаў душманаў дзейнічалі непрадказальна.

У 1989-м тая ж група сачыла за бяспечным вывадам савецкіх войскаў праз “мост сяброўства” Хайратон. Аднак не ўсе пакінулі тады Афганістан. Алег Грыпічук быў там да 1992 года, пакуль усё на той час не сцішылася. Пачынаў службу як радавы, у 90-м пасля вучобы атрымаў званне прапаршчыка.

Такой уяўляецца тая вайна, калі гаварыць аб ёй адцягнута, а якой была яна ў вачах, у сэрцы, у душы асобнага чалавека? Якое азначэнне даў бы ён?

 

Слова – Алегу Грыпічуку

Вайна – гэта…

…сяброўства

Калі б спыталі, у што я верыў там, дзе кулі чыркаюць па скалах, дзе заўсёды даводзілася быць напагатове, дзе без аўтамата ні кроку, я не прамовіў бы ні “Бог”, ні “лёс”. Мы 8ведалі, што дастаткова зайсці за вугал, каб атрымаць кулю ў лоб, таму і верылі выключна ў сябе. Ды яшчэ – у надзейнае плячо сябра. Нідзе не сустракаў такога адзінства людзей, ніякай подласці не памятаю. Мы былі розных нацыянальнасцей: беларусы, рускія, узбекі – і гэта толькі яднала. Дарэчы, сяброўства, народжанае там, самае жывучае. Яно сагравае мяне і цяпер. Лепшы сябар тых часоў масквіч Сяргей Юр’евіч Гарын часта прыязджае па справах у Брэст, і кожная наша з ім сустрэча – свята.

…пісьмы

Іх пісаў праз дзень, акуратна збіраў, а потым адпраўляў па некалькі ў адным канверце. Пошту нашу спярша накіроўвалі ва Узбекістан, а адтуль аўтакалонай – па накірунках. Калону суправаджалі БТРы і БМП. Пісаць пра тое, дзе мы, забаранялася – усю карэспандэнцыю правяралі. Мае бацькі ведалі, што служу ў Сярэдняй Азіі, і толькі.

…міласэрнасць

Нам пастаянна перадавалі дапамогу з Саюза: посуд, пшаніцу, тканіну, адзенне, сумкі… Усім гэтым мы дзяліліся з мясцовым насельніцтвам. Людзі ставіліся да нас насцярожана, пабойваліся, магчыма, з-за таго, што не зусім разумелі, хто мы: сябры ці ворагі. Жылі яны, нібыта ў Сярэднявеччы, прынамсі, так і насамрэч.

…гібель сяброў

Яна для мяне заўсёды будзе асацыіравацца з адной датай – трынаццатым днём мая ў 1988-м. У той дзень наша сапёрная група трапіла пад абстрэл, вынік – шасцёра хлопцаў загінулі, двое былі паранены. А на 14 мая выпаў мой дзень нараджэння, першы ў арміі. Памятаю, што гэты дзень прайшоў нібы ў тумане. Сядзеў у медпункце пры сябры, якому пашчасціла выжыць. Коля Канцоў. Я суцяшаў яго і… сябе адначасова. Ён жыве цяпер у Татарстане. Мы ўсе былі пад уражаннем жахлівага. Першая смерць, другая… У нашым падраздзяленні за час з 1982 па 1989 год загінулі 24 воіны.

Пазней ва Узбекістане з’явіліся два помнікі, на якіх выбіты імёны тых, хто застаўся на той вайне. На шчасце, у мяне атрымалася дабіцца дазволу на іх узвядзенне. Мы самі зрабілі эскізы, самі ўстанавілі. Гэта быў наш доўг. І бязмежна радавала тое, што ўзбекі паважалі памяць нашых сяброў, прыходзілі да помнікаў з кветкамі. Адзін з іх так і стаіць перад вачамі. Прабітая снарадам сцяна, і ў расколіне – востры язык агню…

Пазней, у 1990-м, я з’ездзіў да бацькоў аднаго з хлопцаў, што загінуў 13 мая, Уладзіміра Гука. Яны жылі ў вёсцы Халап’я Івацэвіцкага раёна. Валодзя быў малодшым у сям’і, доўгачаканым сынам, народжаным пасля шасці дзяўчынак. Яго вельмі любілі, назвалі ў гонар таты. Я бачыў запісы, якія рабіў у свой час мой сябар, чуў аповяды пра яго любоў да кветак, выдатны голас і майстэрскую ігру на гітары… Я не мог паверыць, што такога чалавека больш няма. Дадому я ехаў тады з адчуваннем, што набыў новую сям’ю. А сына ім, на жаль, нішто не верне.

…вершы

Здавалася б, чалавек з тонкай душэўнай арганізацыяй, схільны да творчасці, павінен бы там, на вайне, пачувацца асабліва цяжка. Аднак, мяне мае вершы, маналогі, якія запісваў, выратоўвалі. Пачуццям, пастаяннаму напружанню патрэбны выхад. Самы лепшы – слёзы, але гэта было не для нас. Я выбраў словы.

Закрыть глаза ладонью, и уже

Горящий свет, в них бьющий,

успокоишь,

Не станет он слепить, томить и жечь,

Но память-то ладонью не закроешь.

Напэўна, творчасць і ўратавала многіх з нас ад “афганскага сіндрому”. Страшныя сны прыходзяць – нікуды ад іх не дзенешся, але лепш помніць, чым забыць.

…мара аб міры

Ніколі не забуду той летні дзень, калі скончылася для мяне Афганская вайна. Мы з сябрамі доўга блукалі па вуліцах аднаго з тамтэйшых гарадоў. Мы хадзілі, мы глядзелі вялікімі вачамі, што бываюць толькі ў дзяцей, на дамы, людзей у грамадзянскім адзенні, на машыны, якія не мелі ніякіх адносін да ўчарашняга ваеннага мінулага. Мы хацелі ўпэўніцца, што недзе на свеце ёсць МІР. Афганцы святкавалі ў той дзень Новы год (у іх ён прыпадае на дзень вясновага сонцастаяння – 21 сакавіка). Свята і мір зліліся для нас у адно.

…памяць

Нельга забыць. Час сплывае, але мы застаёмся, тыя, хто быў там. Мы помнім, мы стараемся не губляцца, бо патрэбныя адзін аднаму. У свой час я ўзначальваў раённае 1грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, дэвізам якога былі словы “Ідзі сам, дапамажы іншым, і дадзена табе будзе.” Нам няпроста, але мы расказваем пра перажытае іншым людзям, часцей за ўсё – моладзі.

Пазней, звязаўшы свой лёс з працай у галіне культуры, не раз праводзіў канцэрты і вечарыны, прысвечаныя Афганскай вайне – адной з трагедый ХХ стагоддзя. Вяртаўся ў мінулае, і самі па сабе нараджаліся словы: “Ва ўсе часы ў памяць аб тых, хто злажыў галаву на вайне, ствараліся помнікі, дзе загінулыя ўсміхаюцца са стандартных фатаграфій, і для іх самае горшае ўжо за спінай. Ля магіл 15 лютага збіраюцца аднапалчане-афганцы, мараць аб тым, каб урэшце сцерся з памяці прысак пекла, з якога ім пашчасціла вырвацца цэлымі… Вырвацца? Цэлымі? Гэта цана вайны…”

І лепш помніць, чым забыць.

Запісала Настасся НАРЭЙКА.

Фота з архіва Алега ГРЫПІЧУКА.

 

Добавить комментарий