З 1992 года Уладзімір Жалнерчык – ляснічы Высокаўскага лясніцтва Брэсцкага лясгаса. Тройчы паўтараецца ў гэтым сказе слова “лес” і, паверце, недарэмна. Усё жыццё Уладзіміра Уладзіміравіча з самага маленства звязана менавіта з ім, зялёным, мудрым і такім неабходным.
Уладзімір Жалнерчык нарадзіўся ў вёсцы Скрыпелі Драгічынскага раёна. “Будучую прафесію выбіраць не давялося, яна сама прыйшла да мяне, – узгадвае ляснічы. – Паспрыяў гэтаму мой дзядуля Яўхім, ветэран Вялікай Айчыннай і ляснік. Хлопчыкам я кожнае лета бавіў з ім сярод лесу. Удваіх збіралі грыбы і ягады, назіралі за наваколлем.”
Сярод навучальных устаноў “ляснога” профілю Уладзімір Уладзіміравіч абраў Вялікалукскі лесатэхнічны тэхнікум, пасля заканчэння якога па размеркаванні паехаў працаваць у Селігерскі запаведнік (Цвярская і Наўгародская вобласці РФ). Адтуль жыццёвыя дарогі прывялі ў Івацэвіцкі лясгас: 6 гадоў быў майстрам лесу ў Рэчыцкім лясніцтве, 2 гады памочнікам ляснічага – у Пескаўскім. У 1991 годзе скончыў Бранскі тэхналагічны інстытут, новыя веды спатрэбіліся, калі заняў пасаду ляснічага Высокаўскага лясніцтва, якую надзейна трымае і сёння..
У падначаленні Уладзіміра Уладзіміравіча 25 чалавек. Штодзень праводзіць планёрку з майстрамі, па панядзелках – сход усяго калектыву, калі падводзяцца вынікі, акрэсліваюцца планы. Часам даводзіцца збірацца і ў экстранным парадку.
“У працы з людзьмі для мяне галоўнае – кантакт, – зазначае Уладзімір Жалнерчык. – Заўсёды выступаю за цёплыя адносіны ў калектыве, імкнуся жыць праблемамі людзей. Да мяне заўсёды можна прыйсці і з радасцю, і з бядою. Добрым, руплівым працаўнікам ахвотна іду насустрач. Напрыклад, калі бачу, што ў чалавека дзеці вучацца, а гэта патрабуе выдаткаў, накірую яго на ўчастак з больш высокааплатнай работай.”
На першым месцы ў ляснічага – дысцыпліна. “Прызвычаіцца да яе цяжка, жыць з ёй лягчэй.” Гэтыя словы Уладзіміра Уладзіміравіча смела можна запісаць у афарызмы. У Высокаўскім лясніцтве чалавек, што робіць сваю справу спусціўшы рукавы, доўга не пратрымаецца. Тут працуюць у звязцы, робяць адну справу.
Ёсць у ляснічага і свой план прадукцыйнай працы, што складаецца з трох пунктаў. Спярша трэба паставіць пэўную задачу, пасля знайсці шляхі і сродкі яе рашэння, а потым пракантраляваць выкананне. Калі хаця б адно з трох звёнаў выпадае, справа – дрэнь.
Пра лес Уладзімір Жалнерчык гаворыць з асаблівым пачуццём. “Без лесу не ўяўляю свайго жыцця, – расказвае мой суразмоўца. – Ён – наш твар.” За “выраз” гэтага твару ў лясніцтве адказвае кожны.
Абодва сыны ляснічага, дарэчы, асэнсавана пайшлі яго дарогай. “Чырванець за іх не даводзіцца,” – не без гонару зазначае Уладзімір Уладзіміравіч. Старэйшы, Валодзя, працуе галоўным ляснічым Пружанскага лясгаса, малодшы – Віталій – намеснік бацькі ў Высокаўскім лясніцтве. Жонка Уладзіміра Уладзіміравіча занята ў сферы гандлю. Ёсць ужо 3 унукі і ўнучка.
Сваім галоўным захапленнем Уладзімір Жалнерчык называе паляванне. Прычым, выходзяць на яго звычайна сямейным падрадам. Стаж паляўнічага ў бацькі – з 1985 года.
Акрамя таго, Уладзімір Уладзіміравіч ахвотна падарожнічае, сумяшчаючы прыемнае з карысным. Наведвае сяброў-калег у Беларусі (аб’ехаў многія лясніцтвы краіны) і Расіі. Трэба ж вопытам дзяліцца і новы назапашваць…
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
ОБЗОР МАТЧА «АГРО-ПЕЛИЩЕ» – «БЛЭКУЭЛ»: ЗЕМЛЯКИ ЗАБИРАЮТ ПЕРВЫЕ ОЧКИ МИНИ-ФУТБОЛЬНОГО ТУРНИРА
-
Юные художники Каменетчины награждены по итогам районного смотра-конкурса «Остановим ВИЧ вместе!»
-
С 27 ноября по 5 декабря ГАИ Каменетчины контролировало готовность водителей к зимнему сезону
-
Посол Казахстана посетил «Беловежские сыры»: перспективы сотрудничества определены
-
Новые павильоны для междугородних автобусов появятся в райцентре