Аспекты сельскага жыцця

У мінулы чацвер адбылася чарговая выязная дзевятнаццатая сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць шостага склікання. Удзельнікі сесіі – дэпутаты, члены выканаўчага камітэта, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў і запрошаныя. На парадак дня было вынесена пытанне аб ўзаемадзеянні Воўчынскага і Агародніцкага сельскіх выканаўчых камітэтаў і Саветаў дэпутатаў з зацікаўленымі службамі і органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па выкананні нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў.

Пачатак сесіі адбыўся ў Агародніцкім Доме культуры. І першым пытаннем парадку дня стала зацвярджэнне дэпутацкіх паўнамоцтваў Аляксандра  Васільевіча Бурага і Уладзіміра Аляксандравіча Чарвінскага. Намеснік старшыні мандатнай і па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання пастаяннай камісіі раённага Савета дэпутатаў  Валерый Бядуля далажыў аб выніках выбараў у раённы Савет дэпутатаў.

Іван Сямейка, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання,  распавёў аб ходзе выканання “Праграмы падтрымкі і развіцця падсобных гаспадарак у раёне”, з мэтай рэалізацыі якой сельскімі Саветамі дэпутатаў распрацаваны і зацверджаны планы мерапрыемстваў з улікам асаблівасцей сваіх тэрыторый:

– Здзяйсняюцца меры па рэгуляванні зямельных узаемаадносін, развіцці раслінаводства і жывёлагадоўлі ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян, закупу і збыту лішкаў сельскагаспадарчай прадукцыі, крэдытаванні грамадзян для вядзення сваіх гаспадарак…

Былі таксама агучаныя задачы па далейшым удасканаленні падтрымкі ўласных падсобных гаспадарак: забеспячэнне жывёлы сенажацямі, пашай і грубымі кармамі па адзінай сістэме аплаты; паляпшэнне арганізацыі закупаў сельскагаспадарчай прадукцыі і інш.

Ацэнку выкананых мерапрыемстваў па забеспячэнні сёлета супрацьпажарнай бяспекі ў домаўладаннях грамадзян даў намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па дзяржаўным пажарным наглядзе Андрэй Парафянюк:

– Сёлета, у параўнанні з мінулым годам, зарэгістравана менш пажараў і загінулых з той прычыны на тэрыторыі раёна. Дадзенай тэндэнцыі атрымалася дасягнуць дзякуючы прафілактычнай рабоце РАУС, МНС і назіральных камісій сельвыканкамаў.

Працягваецца закуп і забеспячэнне насельніцтва аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі і гукавымі сігнальнымі прыладамі, вядзецца рамонт і замена ацяпляльнага абсталявання. Вялікая работа праводзіцца з нядобранадзейнымі сем’ямі, адзінокімі грамадзянамі,  паводзіны якіх нярэдка рызыкоўныя ў адносінах узнікнення пажараў.

Акрамя вышэй названага, на сесіі былі разгледжаны такія пытанні, як вызваленне ад пераліку ў раённы бюджэт арэнднай платы, набыццё ва ўласнасць раёна акцый ААТ «Белавежскі» і іншыя.

Удзельнікі сесіі на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Пісарыкам азнаёміліся з работай па добраўпарадкаванні ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, паштовай сувязі і гандлю ў Агародніках, Макараве, Воўчыне, Ставах і Навасёлках.

Старшыня райвыканкама даў ацэнку працы на 16-і аб’ектах і адзначыў, што галоўнай праблемай у сельскіх населеных пунктах застаецца недахоп спецыялістаў.

Завяршылася сесія абмеркаваннем асноўнага пытання ў Навасёлкаўскім Доме культуры. Старшыня Воўчынскага сельскага Савета дэпутатаў Канстанцін Якубовіч і старшыня Агародніцкага сельскага Савета дэпутатаў Барыс Данілюк прадставілі агульную карціну стану населеных пунктаў гэтых сельсаветаў. Яны агучылі вынікі добраўпарадкавання, акрэслілі актуальныя праблемы.

Барыс Данілюк больш падрабязна распавёў аб рабоце наведаных аб’ектаў і выкананні нарматываў сацыяльных дзяржаўных стандартаў у іншых галінах на тэрыторыі Агародніцкага сельсавета:

– Цэнтральнае водазабеспячэнне – у двух аграгарадках: Агародніках і Макараве. Асноўная частка сялян карыстаецца шахтнымі студнямі. На тэрыторыі сельсавета ёсць крыніца. Цэнтралізаванае ацяпленне толькі ў Макараве, па вуліцах Спартыўнай і Цэнтральнай. Палівам насельніцтва забяспечваецца па заяўках Камянецкім райпалівазбытам, індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Працуе лазня ў Агародніках, многія ездзяць у Высокае, бо гэта зусім блізка ад аграгарадка.

У 15-і населеных пунктах – 76 ліхтароў вулічнага асвятлення, што складае 86% асветленасці вуліц. Санітарнай ачысткай ахоплены 14 населеных пунктаў, адна вёска – па заяўным прынцыпе.

Газазабеспячэнне – балонамі, акрамя 151-й гаспадаркі, якія перайшлі на выкарыстанне прыроднага газу.

У Агародніках ёсць базавая школа і дзіцячы сад. Сельскія Дамы культуры – у Агародніках і Макараве. Кінавідэаабслугоўванне насельніцтва не праводзіцца. Жыхары аграгарадка Макарава чакаюць, калі пачнецца будаўніцтва новага ДК. Працягваюцца работы па касметычным рамонце танцавальнай залы ў ДК у Агародніках.

Сацыяльныя стандарты ў галіне сувязі выконваюцца двума паштовымі аддзяленнямі. У населеных пунктах – 457 тэлефонных нумароў.

Аўтазносіны добрыя, побач – чыгуначная станцыя Вярба. Праўда, няма прамых зносін з Брэстам і Каменцам у жыхароў вёсак Вулька, Такары, Макарава. Няма аўтобуснага прыпынку каля Зарэчча, але ў наступным го­дзе ён будзе збудаваны.

Ахова здароўя прадстаўлена адным ФАПам – у Агародніках. У астатнія вёскі ўчастковыя тэрапеўты Высокаўскай гарадской бальніцы выязджаюць паводле графікаў.

Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва здзяйсняецца чатырма стацыянарнымі аб’ектамі гандлю, індывідуальны прадпрымальнік працуе ў Агародніках. Сялян абслугоўвае аўтамагазін, аднак часта ўзнікаюць пытанні наконт асартыменту і графіку работы.

Што датычыцца выканання нарматываў дзяржаўных сацыяль­ных стандартаў на тэрыторыі Воўчынскага сельсавета, Канстанцін Якубовіч адзначыў:

У галіне ЖКГ цэнтральнае водазабеспячэнне – у двух аграгарадках – Навасёлках і Ставах, у вёсках Паніквы, Вялічкавічы, Кастары, Воўчын – на балансе гаспадарак. Аднак, значная частка насельніцтва карыстаецца шахтнымі студнямі. На тэрыторыі сельсавета ёсць крыніца. Цэнтралізаванага ацяплення няма. Усё індывідуальнае: печкі, катлы на цвёрдым паліве і з выкарыстаннем прыроднага газу. Газавым ацяпленнем карыстаецца 261 гаспадар. Лазневае абслугоўванне насельніцтва здзяйсняецца ў Воўчыне, Навасёлках і Ставах.

Старшынёй Воўчынскага сельскага Савета было агучана таксама выкананне нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў у іншых галінах жыццядзейнасці.

У 18-ці населеных пунктах – 147 ліхтароў вулічнага асвятлення: больш як 90% асветленасці вуліц. Санітарнай ачысткай ахоплены 13 вёсак, астатнія – па заяўным прынцыпе.

Дзеці вучацца ў трох школах: Воўчынскай сярэдняй (тут патрабуецца капітальны рамонт) і дзвюх базавых – Ставах і Навасёлках (неабходна абнаўленне матэрыяльнай базы). У галіне культуры сацыяльныя стандарты забяспечваюцца ў двух ДК і адным сельскім клубе. Кінавідэаабслугоўванне наладжана толькі ў Навасёлках.

Паштовыя паслугі аказваюцца ў трох паштовых аддзяленнях сувязі. На тэрыторыі сельсавета “працуе” 641 тэлефонны нумар. Акрамя гэтага, наладжана тэлефонная сувязь двух аператараў: МТС і Велком.

Добрыя аўтазносіны з Брэстам, чаго нельга сказаць наконт раённага цэнтра.

У галіне аховы здароўя нарматывы дзяржаўных сацыяльных стандартаў выконваюцца Воўчынскай амбулаторыяй і двума ФАПамі – у Навасёлках і Ставах. Сёлета зроблены рамонт аптэкі.

Гандлёвае абслугоўванне здзяйсняецца сямю прадуктовымі і адным прамтаварным магазінамі, дзевяць маланаселеных вёсак абслугоўваюцца аўтамагазінам. На тэрыторыі сельсавета працуюць тры КПП. Вялікім попытам у насельніцтва карыстаюцца такія віды паслуг, як выраб і рамонт мэблі, цырульныя, рамонт жылля.

Вынікі падвёў старшыня ра­ён­нага Савета дэпутатаў Мікалай Войцык:

– Райвыканкамам штогод аналізуецца выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў з прыняццем пэўных рашэнняў па павышэнні іх якаснага ўзроўню. На  сесіі раённага Савета дэпутатаў разгледжана гэтае пытанне на прыкладзе дзвюх адміністрацыйных тэрыторый – Воўчынскага і Агародніцкага сельсаветаў. Тут выконваюцца сацыяльныя стандарты па вулічным асвятленні населеных пунктаў, вода-, цепла- і газазабеспячэнні жылля, лазневым абслугоўванні насельніцтва, у галіне сувязі, фізічнай культуры. І, тым не менш, нельга не адзначыць шэраг праблемных пытанняў у выкананні сацыяльных стандартаў: санітарная ачыстка тэрыторый населеных пунктаў; аўтобусныя зносіны паміж вёскамі сельсаветаў і раённым цэнтрам; невыкананне нарматываў забяспечанасці насельніцтва гандлёвай плошчай; недахоп кадраў і іншае.

Але вырашэнне пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва – патрабаванне, пацверджанае заканадаўствам, якое абавязвае мясцовыя органы ўлады і іншыя дзяржаўныя структуры прымаць неабходныя для гэтага меры.

Анастасія ЯНКІНА.

Добавить комментарий