Блізкасць Турны да Брэста – 25 км па адмысловай трасе – надае нямала адметных “нюансаў” тутэйшай гаспадарцы. Горад вабіць вяскоўцаў 8-гадзінным рабочым днём і магчымасцю мець выхадныя і водпуск незалежна ад пары года, разнастайнасцю спосабаў самарэалізацыі і адпачынку…
– Так, праца ў сельскай гаспадарцы мае свае адметнасці. Але што датычыць асноўнага стымулу – заробку, дык ён у нашых механізатараў і жывёлаводаў нярэдка значна больш высокі, чым у многіх гараджан, – удакладняе дырэктар ААТ “Агра-Турна” Сяргей Шальпук. – У час сезонных сельгасработ той жа механізатар можа зарабіць 8-10 мільёнаў рублёў і больш. І я толькі рады, калі бачу ў ведамасці важкія лічбы зарплаты. Гэта значыць, што раніцай чалавек з добрым рабочым настроем будзе ісці на працу. І жывёлаводы ў нас не пакрыўджаны – зарплата, у залежнасці ад вынікаў,– да 6 мільёнаў. У спецыялістаў яна таксама залежыць ад паказчыкаў у галіне, якую яны ўзначальваюць, – быць абыякавым да сваіх абавязкаў нявыгадна.
Хоць сярэдні заробак у “Агра-Турне” набліжаецца да запаветных 500 долараў, але, тым не менш, час ад часу ў раённай і абласной газетах з’яўляюцца аб’явы пад рубрыкай “патрабуюцца”. Дырэктар гаспадаркі ставіцца да гэтага разважліва:
– Немагчыма прывязаць чалавека да рабочага месца. Гэта ж не 50-я гады мінулага стагоддзя. Сапраўды, палова працаздольных жыхароў Турны едзе на работу ў Брэст. У той жа час, дзякуючы сучаснай тэхніцы, патрабуецца і менш рабочых рук. Пад апекай аднаго аператара машыннага даення да дзвюх сотняў кароў. Адказны механізатар на энерганасычаным трактары вясной можа падрыхтаваць да сяўбы палову палёў гаспадаркі, як, напрыклад, наш шаноўны Вадзім Ахрымчук. Нядаўна набылі па лізінгу яшчэ адзін магутны трактар, які называюць беларускім “Джон-Дзірам”,– МТЗ-3022, яго даверым Уладзіміру Тураку. Ёсць людзі, адданыя вёсцы, любяць работу з жывёлай, на зямлі. А аб’явы… Так, часам шукаем і спецыялістаў, і працавітых жывёлаводаў, і механізатара, але ж гэта дае магчымасць выбару, бо бывае нават своеасаблівы конкурс… Жыллём забяспечваем, хай і не адразу з усімі выгодамі, ёсць перспектывы прафесійнага росту, заробак. Нярэдкія выпадкі, калі дадому, у гаспадарку, вяртаюцца тыя, хто паспытаў сябе ў горадзе. За апошнія гады колькасць пастаянна працуючых не змяняецца – 180 чалавек.
На жніве ў “Агра-Турне” будуць заняты сем экіпажаў камбайнераў, на адвозцы зерня ад камбайнаў – вадзіцелі МАЗаў, трое механізатараў – на прасаванні саломы. Усе – з вопытам, працуюць тут не першы год. Аўралу з кадрамі напярэдадні жніва не было. Цяпер ідзе падбор работнікаў для працы на зернетоку.
Азімы ячмень новага ўраджаю вязуць на Жабінкаўскі камбікормавы як давальніцкае фуражнае зерне. Да саломы стаўленне асабліва ашчаднае, бо, магчыма, давядзецца дадаваць яе ў сілас. Усяго ў гаспадарцы да жніва – 1650 га зерневых (без проса і кукурузы). І неўзабаве аграномы будуць выглядаць участкі спелай збажыны, каб весці жніво выбарачна. І ў той жа час спадзяюцца, што дождж не абміне нашы палі, што колас, які наліваецца, яшчэ пацяжэе.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Сёння, 13 лістапада, адбылася пазачарговая сесія Камянецкага раённага Савета дэпутатаў 29 склікання
-
Каменецкий район: итоги рейдовых мероприятий ГАИ
-
В Каменце наградили лучших волонтеров района в рамках конкурса «Волонтер года-2024»
-
Как сегодня работает ОАО “Беловежский” – одно из крупнейших агропромпредприятий страны
-
Больнице сестринского ухода в Ставах оказало помощь благотворительное общественное объединение «София»