Армрэстлер-інжынер Аляксей Гук

P1110355_новый размерКамянеччына… Калі згадваем тых, хто праслаўляе яе на ніве спорту, найперш на думку прыходзяць імёны футбаліста Сяргея Кісляка, цяжкаатлеткі Ірыны Кулешы і лёгкаатлета Паўла Лыжына. Цяпер, спадзяюся, многія будуць называць і імя Аляксея Гука. Армрэстлінг. Менавіта ў гэтым відзе спорту камянчанін Аляксей Гук і стаў чэмпіёнам свету на левую руку сярод юніёраў (U-21). Гэта першы медаль такога гатунку ў яго скарбонцы. І дэбют на міжнародных спаборніцтвах, якія праходзілі ў польскай Гдыні з 1 па 8 верасня, безумоўна, – паспяховы.
Займацца армрэстлінгам Аляксей пачаў без малога чатыры гады назад. Тады ён толькі паступіў у Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт (на будаўнічы факультэт) і яшчэ “зялёным” студэнтам прыйшоў у секцыю. Праз год стаў кандыдатам у майстры спорту. Яшчэ праз год – майстрам спорту. Самае цікавае, што да прыходу ў секцыю Аляксей ніякім відам спорту не займаўся. Безумоўна, жаданне займацца армрэстлінгам было, але, як вядома, для Каменца такі від спорту занадта экзатычны: каб крыху заняць сябе, хадзіў у трэнажорную залу, дома з гантэлькамі “бавіўся”. Але ўсё гэта не тое. Сапраўдную асалоду ад заняткаў Аляксей пачаў атрымліваць толькі ў Брэсце. І ўжо зараз нават трэнер прыслухоўваецца да парад тытулаванага спартсмена. (Да вераснёўскага поспеху на чэмпіянаце свету ў Польшчы Аляксей паспеў двойчы стаць чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь сярод ВНУ у 2012 і 2013 гадах. У 2012-м выйграць юніёрскі чэмпіянат РБ. Прычым, на ўсіх спаборніцтвах дабіваўся поспеху і на левую, і на правую рукі. Але ўсё ж больш моцная ў яго левая. Аляксей жартуе: “Гэта ў мяне ад таго, што на баяне часта іграў”. (Юнак скончыў музычную школу).
Падтрымліваюць намаганні Аляксея і ва ўніверсітэце: без дапамогі рэктара Пятра Сцяпанавіча Пойты не было б і трыумфальнай паездкі ў Польшчу. І ўсё ж балельшчыкамі №1 з’яўляюцца сястра Алеся і бацькі Ігар Васільевіч і Антаніна Уладзіміраўна. Апошнія, як зазначае юнак, грошай на захапленне сына не шкадуюць. Ды і сам Аляксей стараецца. Атрымлівае павышаную стыпендыю. Ёсць бонусы і ад заняткаў любімым армрэстлінгам: выйграў спаборніцтвы – атрымаў “прэмію”. Ды і з інтэрнатам праблем ніколі не было. Што таксама някепска.
Зараз Аляксей Гук вучыцца на апо­ш­нім курсе ўнівер­сітэта, але развітвацца з любімым заняткам не збі­раецца і пасля заканчэння альма-матэр. Армрэстлінг для яго – гэта больш чым хобі”. Як зазначае, “сам яшчэ не вырашыў, хто я больш, ці то інжынер-армрэстлер ці то армрэстлер-інжынер”. Праўда, адчувае ён сябе ўсё ж больш камфортна на трэніроўках, дзе праводзіць не адну гадзіну вольнага часу.
У бліжэйшых планах новаспечанага чэмпіёна свету, па-першае, паспяхова закончыць універсітэт і выйграць беларускі юніёрскі чэмпіянат, а ў наступным годзе ўдала выступіць на чэмпіянаце РБ сярод ВНУ і на дарослых спаборніцтвах, у тым ліку ёсць і “задумка” паехаць на чэмпіянат Еўропы. А яшчэ Аляксей марыць аб моцнай сям’і, добра аплачваемай рабоце, прыватным жыллі.
Што ж… Пажадаем поспеху Аляксею. Хай збудуцца яго жыццёвыя планы. А ў спорце? Хай усё складзецца гэтак жа добра, як і ў яго куміра, – шматкратнага чэмпіёна свету па армрэстлінгу амерыканца Джона Брзенка.
Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий