У 2012-м Хойнікі адзначылі сваё 500-годдзе. Загадзя аб святкаванні юбілею, прызначаным на жнівень, паведамлялі па тэлебачанні і радыё, пісалі ў газетах. Для таго, каб у горад сабраліся са ўсёй Беларусі тыя, для каго ён быў і застаецца родным, тыя, каго лёс сарваў з наседжаных месцаў і раскідаў па нашай гасціннай краіне. А імя ў гэтага лёсу было простае і адначасова страшнае – Чарнобыль.
Аляксандр Маркавіч і Людміла Аляксандраўна Гапоненкі з Каменца, пра якіх раёнка пісала ўжо ў 2006-м з нагоды 20-й гадавіны аварыі на ЧАЭС, таксама не змаглі застацца ў баку ад святкавання шаноўнага юбілею роднага горада. Узялі з сабою дачку-мінчанку з сям’ёю (сын-масквіч, на жаль, не змог далучыцца) і накіраваліся ў Хойнікі, дзе “кватаравалі” ў брата Аляксандра Маркавіча. Тры дні горад спяваў і весяліўся. З яго Гапоненкі прывезлі безліч уражанняў, мора светлай настальгіі, фатаграфіі на фоне такіх знаёмых і адначасова непазнавальных гарадскіх краявідаў, а таксама – нумар “Хойніцкіх навін”, прысвечаны юбілею.
– Штогод выбіраемся на радзіму, як да роднага чалавека едзем, – распавядае Аляксандр Маркавіч. – Раней наведвалі маіх бацькоў, пакуль яны былі жывыя, а цяпер абавязкова даглядаем магілкі. Без памяці – ніяк…
– Дарэчы, наконт памяці, – уступае ў размову Людміла Аляксандраўна. – Не забываем пра сяброў і родных, што засталіся ў Хойніках, падтрымліваем сувязь, ахвотна ездзім у госці і самі прымаем гасцей.
– Цяжка было зрывацца і накіроўвацца ў невядомасць у 93-м?
– Хойнікі не ўваходзілі ў спіс населеных пунктаў абавязковага адсялення, але з дня аварыі ведалі, што паедзем. Быў час псіхалагічна настроіцца, – тлумачыць Аляксандр Маркавіч. – А наконт невядомасці… Непасрэдна наша сям’я ведала, куды накіруецца. Загадзя я з дазіметрам аб’ехаў усю Беларусь, знайшоў чатыры самыя чыстыя населеныя пункты: Расоны, Верхнядзвінск, Каменец і Белавежскі. Выбар спынілі на трэцім.
– Як вас сустрэлі на Камянеччыне?
– Вельмі добра. Мы – людзі адкрытыя, з радасцю ішлі на кантакт, вось і сябрамі хутка абзавяліся.
– Які момант з таго далёкага 1986 года запомніўся вам асабліва?
– Сёмы дзень мая. Ён нечым нагадаў мне Дзень Перамогі. На плошчы гэтаксама, як і тады, арганізавалі салют у гонар таго, што шахцёры з Данбаса, сапраўдныя героі, зманціравалі ахаладжальную сістэму, якая развеяла “чорнае воблака” напружання, што вісела над усімі – баяліся, што атамная станцыя выбухне. Тады ж, 7 мая, з горада былі вывезены дзеці, школьнікі ехалі з настаўнікамі, малодшыя – з мамамі. Калона з трох раёнаў: Нараўлянскага, Брагінскага і Хойніцкага – расцягнулася на 60 кіламетраў…
– Я суправаджала свой выпускны клас, – узгадвае Людміла Аляксандраўна. – Бацькі давяралі нам, педагогам, а тады, улічыце, ніякіх мабільных тэлефонаў яшчэ не было. Ехалі, па праўдзе кажучы, у невядомым накірунку, але не баяліся, давяралі. Нас пасялілі ў летніку, які паспелі за кароткі тэрмін падрыхтаваць да прыезду нечаканых наведвальнікаў. Там мы і выпускны баль наладзілі, і атэстаты ўручылі. Жыццё працягвалася.
А Аляксандр Маркавіч тым часам ахоўваў 30-кіламетровую зону вакол рэактара, якая цяпер знаходзіцца за калючым дротам, пераўтварыўшыся ў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. На той час у Хойніках засталіся толькі пажылыя, людзі ў пагонах, медыкі і супрацоўнікі партыйных органаў.
– Яшчэ да аварыі мы пастаянна ўдзельнічалі ў вучэннях на выпадак ядзернага нападзення на ЧАЭС. Гэтыя веды і навыкі вельмі спатрэбіліся пазней. Панікі ніякай не было – толькі зладжаныя дзеянні.
– Калі б была ў вас магчымасць, вярнуліся б дадому назаўсёды?
– Наўрад ці. Людзі паўсюль жывуць. Мы тут прыкіпелі. Асабісты домік – што можа быць лепш? Агародчык завялі (Дарэчы, вельмі акуратны і дагледжаны, грады нібы лінейкай адмераны – любата!) Жонка кветкі вырошвае: ружы, крокусы… А ў вольны час, калі выпадае, вышывае крыжыкам карціны. (Побач з імі на сцяне – вялікае генеалагічнае дрэва Гапоненкаў, на галінках якога размясціліся 8 пакаленняў.)
– Там, у Хойніках, у вас таксама дом быў?
– Кватэра на тры пакоі. З 1970-га мы ў ёй жылі, пакуль не пераехалі.
– Ведаеце цяперашніх яе гаспадароў?
– Пазнаёміліся, сябруем. Няхай жывуць добрыя людзі.
Сапраўды, няхай жывуць. Застаюцца аптымістамі, у сэрцах якіх назаўсёды пасяліўся Чарнобыль. Не для таго, каб мучыць, а для таго, каб рабіць чалавечнымі.
Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
О геноциде белорусского народа говорили со школьниками в Турнянской СШ
-
Цель Украины — переворот в Беларуси. Подробности тайной сходки беглых
-
В Беларуси закрепляются новые избирательные цензы для кандидатов в президенты
-
Как решить «детский» вопрос мирно?
-
ИНВОЛЮЦИЯ: ЖИЗНЬ ВЗАПЕРТИ ДЕЛАЕТ ИЗ ЧЕЛОВЕКА ОБЕЗЬЯНУ. НАГЛЯДНЫМ ПРИМЕРОМ ДЕЛЯТСЯ СОСЕДИ