Андрэй ПІСАРЫК: «Работу старшынёй Камянецкага райвыканкама я ўспамінаю з цеплынёю ў душы»

Доўга ўгаворваць гэтага чалавека даць інтэрв’ю не прыйшлося. Можа, таму, што словы ў той момант знайшліся патрэбныя, аргументы важкія. У нашай  размове ён быў лагічным, эмацыянальным, сентыментальным, адкрытым, шчырым. Адным словам, сапраўдным. Быў самім сабою.

– Ваша дзяцінства звязана з пачуццём шчасця?

– Я нават сказаў бы, што дзяцінства маё, старэйшага брата Лёні і нашай малодшай сястры Вольгі было надта шчаслівым. Нягледзячы на занятасць бацькоў, а яны ўсё жыццё працавалі ў сельскай гаспадарцы, нам хапала ўвагі, клопату і любові. Усё гэта,  можа, нават і больш, мы адчувалі і з боку бабулі, дзеда, якія жылі ў Агарэвічах. Дарэчы, я таксама нарадзіўся ў гэтай вёсцы, хадзіў у дзіцячы садок, пакуль бацьку не прызначылі старшынёй калгаса «Праўда» ў Начы і мы не пераехалі.

– Што найчасцей успамінаецца з дзяцінства?

– Я вельмі любіў пасвіць кароў. А чаму любіў? Адпасвіўшы іх, дзед заўсёды даваў мне тры рублі, бабуля – пяць. Гэта былі такія грошы! А яшчэ, калі на добрай пашы каровы  наядуцца травастою і палягуць, мне надта падабалася слухаць дзедавы расповеды. Ён мне расказваў, хто мы такія Пісарыкі, адкуль  прыехалі ў Агарэвічы, кім былі мае прашчуры. Дзед ваяваў, і таму няцяжка ўявіць, якімі цікавымі былі для мяне ягоныя гісторыі пра вайну, Перамогу, няпросты пасляваенны час. Адна бяда была: калі каровы паўстаюць пасля адпачынку, дзед  пачынаў мною «кіраваць»: «Бяжы  хутчэй да канавы, каб карова ў ваду не залезла; не пускай  рыжую карову да кукурузы – наробіць шкоды; глядзі, каб каровы з чужой чарады не ўбіліся ў нашу…».

Час ідзе. Светлыя вобразы дарагіх мне людзей, іх голас засталіся толькі ва ўспамінах.

–  А якім быў Андрэй Пісарык у дзяцінстве?

– Са старэйшым братам мы былі крыху бандзюкаватымі хлопцамі: запрыкмецім прыгожыя катафоты на веласіпедзе каля праўлення калгаса – здымем, на калгасным двары «жалеза» будзе дрэнна ляжаць – панясём… Неяк нават новы тэлефонны апарат з «чырвонага кутка»  калгаснай фермы ўкралі.  Хаця  найчасцей і мне, і Лёню ўзгадваецца гісторыя з катафотамі.  Неяк да нас  у Нач  на модных па тым часе матацыклах «Ява» прыехалі старэйшыя хлопцы з суседніх  вёсак, мо на танцы. І нам з братам спадабаліся не толькі матацыклы, але і «цацкі» на іх. І што вы думаеце, пакуль тыя танчылі, усё, што нам было патрэбна, з матацыклаў мы паздымалі. Доўга ў вёсцы шукалі, хто гэта зрабіў. Знайшлі – браты Пісарыкі! Ох, як нас бацька чыхвосціў! Месяц сказаў з двара не выходзіць, і мы сядзелі дома. Яго слова было законам.

– Вашы бацькі – людзі ад зямлі і нівы, вас выхоўвалі працай?

–  Не без гэтага. Бацька быў чалавекам сур’ёзным, прынцыповым, патрабавальным. У той жа час да нас, дзяцей, бацька меў свой уласны падыход. Ён не праводзіў з намі нейкі лікбез: гэта можна рабіць, а гэта не, ён нас падтрымліваў, і амаль што ва ўсім. Прыцягнуў Лёня аднекуль раму з-пад мапеда, бацька даў яму грошы на запчасткі, і той з раніцы і да позняга вечара круціў гайкі. Захацеў я мець гітару, бацька пабурчаў трохі, але купіў мне яе. Нават калі ў сёмым класе я вырашыў падзарабіць грошай і папрасіў бацьку купіць мне ў калгасе для адкорму быка, ён купіў і гадоў пяць я займаўся гэтай справай. Безумоўна, ён фільтраваў нашы просьбы-жаданні, але і падтрымліваў, вельмі.

– А як вы вучыліся ў школе?

– Нацкую сярэднюю школу я скончыў з сярэбраным медалём. Хаця тады і зараз лічу: не заслужыў я яго. Чаму не заслужыў? Я па сённяшні дзень пішу бязграматна.

– І аб гэтым так адкрыта гаворыце?

– А чаго тут саромецца? Які ёсць, такі ёсць. Раблю памылкі ў рускамоўных тэкстах, крыху менш – у беларускамоўных. Зараз добра дапамагае Wоrd: няправільна напісаныя словы падкрэсліваюцца ў тэксце (усміхаецца). Таму нават чацвёрак, якія мне выставілі настаўнікі ў атэстат, я не заслужыў, «ліпавыя» яны ў мяне.

– Астатнія школьныя прадметы  даваліся  лёгка?

– Калі Нацкую школу зачынілі, мой сын, дакладна не ведаю нават дзе,  знайшоў два класныя журналы. Як жа мне было прыемна іх пагартаць! Чарнільным алоўкам, роўненькім, акуратным почыркам у пажаўцелых ад часу журналах было выведзена маё прозвішча і імя, а насупраць – адны пяцёркі. «Глядзі, – кажу Ягору, – як бацька вучыўся…».

Журналы гэтыя я забраў у Брэст. Жонка буркала, маўляў, навошта табе гэтая макулатура?  А я ёй і тлумачу: «Унучачка падрасце, пакажу, як вучыцца ў школе трэба».

– Любімае месца ў вёсцы дзяцінства?

– Дом, у якім зараз жыве маці, і метраў дваццаць ад яго ўлева і ўправа.

– Што можаце сказаць пра знакамітую ліпавую алею ў Начы?

– Прыгажуня, інакш ніяк. У гэтым годзе вясной з жонкай дапамагалі маці  ў агародзе. Акурат была пара, калі цвілі ліпы. Водар, хараство – непаўторныя. Вось толькі шкада, мала ім засталося, старэюць. Калі падумаеш пра тое, што  ні сёння, дык заўтра настане час ліпы зрэзаць, страшна становіцца. Дарэчы, гэтай ліпавай алеі ў Начы даўно магло б не быць. Калі асфальтавалі дарогу, хацелі зрабіць яе шырэйшай на метр-паўтара. А бацька так падняўся: «Ці я, ці ліпавыя алеі?». Ездзіў іх «адваёўваць»  не толькі ў раён, нават у вобласць з тагачасным начальнікам ДРБУ-100 Паўлам Мікалаевічам Бараноўскім.

– За што і каму вы больш за ўсё ўдзячны ў жыцці?

– Бацьку і маці. Брату Лёню і сястры Вользе. Жонцы. Сёння ўжо магу выказаць словы ўдзячнасці сваім старэйшым дзецям, што разумеюць мяне, падтрымліваюць, радуюць… даруюць.

– Вы скончылі Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. У студэнцкія гады ў вас было адчуванне, што ў жыцці многае атрымаецца і вы зможаце дасягнуць пэўных вяршынь?

–  Пачну з таго, што ў юнацтве я мала думаў пра нейкія там вяршыні. Мне проста хацелася быць лепшым. Мушу прызнацца, што адразу я паступаў у наргас. Там вучыўся мой сваяк Сяргей Пісарык (былы старшыня Праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк». –  Заўв. аўт.). Ён у свой час паступіў, а я – не.  Сяргей  – хлопец разумны, меў добрыя веды як па матэматыцы, так і па мовах. Я, паўтаруся, пісаў бязграматна. Паколькі ў мяне быў атэстат з адзнакай, мне трэба быдо здаць у ВНУ толькі адзін экзамен – матэматыку. На жаль, матэматыку я напісаў  на чацвёрку, таму  вымушаны быў здаваць астатнія два экзамены. Грамадазнаўства здаў на пяцёрку, а вось за сачыненне па рускай мове  атрымаў двойку. Калі ўбачыў сваю работу, выпраўленую чырвонымі чарніламі, ажно твар ад сораму  закрыў рукамі. Што далей рабіць? Сядзець дома? Не… І я падаўся на падрыхтоўчыя курсы ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, потым стаў яе студэнтам і на выдатна скончыў. Неяк заязджаў у сваю альма-матар, усё яшчэ ёсць на стэндзе «Выдатнікі акадэміі» маё фота. Што тут скажаш? Прыемна.

– Як з песні слоў не выкінеш, так і з жыцця вашага нельга выкрасліць сем гадоў на чале Камянецкага райвыканкама. Як вам успамінаецца той перыяд? Аб чым шкадуеце, што зрабілі, а што не ўдалося на гэтай пасадзе?

– Перыяд работы старшынёй Камянецкага райвыканкама я ўспамінаю з цеплынёю ў душы. Гэта быў па-сапраўднаму яркі, цікавы  і, безумоўна,  павучальны час. Калі ў Брэсцкім аблвыканкаме, займаючы пасаду старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы, прыходзілася  працаваць у вузкім, сельскагаспадарчым накірунку, то тут, у Камянцы, маштабы значна пашырыліся. Трэба было ўшчыльную займацца прамысловай галіною, аграсектарам, дарогамі, школамі, бібліятэкамі ды клубамі… Што ўдалося зрабіць на старшынёўскай пасадзе? Я ганаруся тым, што  тры гады запар, з 2013-га па 2015-ы, Камянецкі раён быў лепшым у Рэспубліцы Беларусь па развіцці сельскай гаспадаркі. Добрыя стасункі і паразуменне было ў мяне з начальнікам аддзела па адукацыі Камянецкага райвыканкама Віктарам Грыцуком, і таму ў нас атрымалася  будаваць новыя, рамантаваць старыя  школы, дзіцячыя садкі. Успамінаецца цікавы вопыт работы з начальнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна Аляксандрам Галавачом. За грошы Еўрасаюза  мы пабудавалі на Камянеччыне ачышчальныя збудаванні па самым сучасным праекце. Потым, зноў-такі за сродкі Еўрасаюза, у горадзе Высокае праклалі 16 кіламетраў каналізацыйных сістэм. Увесь горад перарылі.  А якую бальніцу ў Камянцы выбудавалі! Са светлымі, добраўпарадкаванымі аддзяленнямі, сучасным медыцынскім абсталяваннем. З таго, што мною было задумана ў раёне, больш атрымалася, чым не атрымалася. Праўда.

– У старажытным Камянцы вы адчулі сябе сваім чалавекам?

– Душою і сэрцам я прыкіпеў да гэтай зямлі. Іншы раз і  зараз туды цягне. Скажу шчыра, я магу смела пераступіць парог райвыканкама, заехаць у любую вёску і падаць руку любому чалавеку. Мне не брыдка за сябе і за сваю працу. З боку людзей, што жывуць на Камянеччыне, я таксама адчуваў павагу, чуў шмат добрых слоў. Хочацца верыць, што ўсе яны былі шчырымі.

– Не будзем удавацца ў падрабязнасці, але з гэтым горадам у вашым жыцці звязаны  і сур’ёзныя жыццёвыя праблемы. Іх вы годна змаглі пераадолець. Аднак і пэўныя ўрокі, мабыць, атрымалі?

– Будучы на пасадзе старшыні Камянецкага райвыканкама, я меў добрую каманду  намеснікаў. У нас ніколі не было сур’ёзных канфліктаў, мы разумелі, падтрымлівалі, давяралі адзін другому.  А давяраць  трэба было не заўсёды. Тыя, хто былі да мяне бліжэй за ўсіх, першымі  і здрадзілі.

– Зараз вы працуеце…

– намеснікам дырэктара ААТ «Аграпрадукт». Наша прадпрыемства займаецца перапрацоўкай алейных культур, вытворчасцю рапсавага, соевага алею, шроту. Мне, у прынцыпе, як і заўсёды, падабаецца тое, чым я зараз займаюся. На мяне ўскладзены пэўныя абавязкі, і за іх выкананне я атрымліваю нядрэнную заработную плату. Я магу сабе дазволіць у выхадны дзень паехаць да маці, правесці дзень з жонкай, дзецьмі.

– У вашым кабінеце на рабочым стале чые стаяць фотаздымкі?

– Нічые. Я не маю такой моды. Раней у маім старшынёўскім кабінеце, некаторы час і ў «Аграпрадукце» стаялі абразы святых. Забраў дахаты.

– А зараз давайце пагаворым пра каханне. Яно, на ваш погляд, існуе?

– Вядома. І робіць чалавека такім шчаслівым!

– Дзе і калі вы сустрэлі сваё каханне?

– У юнацтве я быў дамаседам. І калі мае сябры вечарам ехалі танчыць і заляцацца да дзяўчат у Лактышы, Круговічы, Драбаўшчыну, я сядзеў дома, зрэдку ішоў у свой клуб. І вось неяк на танцы ў Нач прыйшла мая Ірына. Убачыў, спадабалася, пазнаёміліся, узнікла каханне, якое  жыве ў нас абодвух па сённяшні дзень. І гэта сапраўднае каханне.

–  Якія якасці маюць для вас самую вялікую вартасць: а) у жанчыне; б) у мужчыну?

– У жанчыне – вернасць, клапатлівасць, гаспадарлівасць, людскасць. У мужчыну – прынцыповасць, мужнасць, працавітасць і зноў такі людскасць. Безумоўна, мужчына павінен умець  любіць па-сапраўднаму і заўсёды быць гатовым аддаць сваё жыццё за тых, каго любіць.

– Ваша ўяўленне аб ідэальнай сям’і і ці атрымалася  вам гэтага ідэала дасягнуць?

– Я не ведаю, што такое ідэальная сям’я.  Мы з жонкай іншы раз буркаем адзін на другога, грукаем дзвярыма…  А потым мірымся і далей  жывём з павагай, падтрымкай, узаемаразуменнем, любоўю адзін да другога. Нічога, мабыць, новага не сказаў, аднак на гэтым і трымаемся.

– Чаго вы баіцеся больш за ўсё?

–  Паўстаць перад Богам вялікім грэшнікам.

– Давайце з вамі яшчэ пагаворым пра мову. Сёлета на раённых «Дажынках»  у Будчы вы надта хораша гаварылі на роднай, беларускай мове. Прытым не «папяровай», а літаратурнай…

– Жыла наша сям’я заўсёды ў вёсцы і гаварылі бацькі, суседзі, сябры няхай сабе не на літаратурнай, але ж на беларускай мове. Хадзіў я ў сельскую школу, і былі  ў нас прадметы не «обществоведение», а «грамадазнаўства», не «математика», а «матэматыка»… У студэнцкія гады, потым ужо і працуючы, я стараўся гаварыць па-руску, хаця беларускамоўны акцэнт прысутнічаў. Пройдзе час, і недзе глыбока ўнутры мяне адбудзецца пераварот,  які прымусіць мяне паўсюдна карыстацца мовай, узяць і перачытаць ад першай да апошняй аповесці, апавяданні Васіля Быкава, ягоную публіцыстыку, «праглынуць»  поўны збор твораў Максіма Гарэцкага… На рабоце, у паўсядзённым жыцці  я найбольш пачаў карыстацца беларускай мовай. Нават на пасяджэнні Камянецкага райвыканкама  я рыхтаваў выступленні на беларускай мове. Прызнаюся, адразу на мяне глядзелі як на дзівака. Потым прывыклі.

Люблю беларускую мову, лічу, што кожны беларус павінен яе ведаць, хаця б дзеля таго, каб мова народа, прыгожага, мудрага, годнага, не стала «мёртвай».

– А ў сям’і на якой мове размаўляеце?

– На трасянцы (усміхаецца).

– Малітвы чытаеце?

– Толькі па-беларуску. Некалькі гадоў таму  дачка  зрабіла цудоўны падарунак –  набыла мне «Новы запавет» на беларускай мове. Затым я купіў  на беларускай мове «Малітваслоў». І зараз ужо міжволі ідуць з душы радкі галоўнай малітвы праваслаўнага хрысціяніна: «Ойча наш, Які ёсць на нябёсах, няхай свеціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Царства тваё, няхай будзе воля Твая, як на небе, так і на зямлі…».

– Паспрабуйце даць адказ, з аднаго боку, на філасафічнае, з другога, некалькі банальнае пытанне: «У чым сэнс вашага жыцця?»

– У магчымасці, хаця б на хвілінку, заехаць у госці да маці  і бачыць потым, як яна доўга-доўга праводзіць цябе сваім сумным поглядам.  Сэнс жыцця ў тым, каб пражыць дзень і было не сорамна перад жонкай, брыдка перад дзецьмі, калегамі, сваім уласным сумленнем. Калі ўзяць крэн рэлігійны: табе Гасподзь даў магчымасць з’явіцца на гэтай зямлі, дык  зрабі ўсё магчымае і нават немагчымае, каб не страшна было  з’явіцца перад Госпадам.

– Апошнім часам  з героямі рубрыкі «Без гальштука» праводжу бліц-інтэрв’ю па апытальніку Марсэля Пруста. Дазвольце задаць іх і вам?

– Вашы галоўныя якасці?

– Адкрытасць, шчырасць, адказнасць.

– Што з’яўляецца вашым галоўным недахопам?

– Няўпэўненасць.

 –  Здольнасць, якой вы хацелі б валодаць?

– Марыў, мару і буду марыць добра валодаць нямецкай і англійскай мовамі.

– Калі не сабою, дык кім бы вам хацелася быць?

–  Сапраўдным праваслаўным хрысціянінам.

👤Галіна ПУПАЧ.

Крыніца: Савецкае Палессе.