Першага ліпеня ў Кіеве, на стадыёне “Алімпійскі”, прайшоў апошні матч Еўра-2012. Перамогу ў гэтым футбольным марафоне, які пачаўся месяц таму на палях Польшчы і Украіны (гаспадарамі турніру былі дзве краіны), атрымала зборная Іспаніі. Прычым, гэта ўжо трэці выйграны запар турнір падобнага маштабу. Дагэтуль былі чэмпіянат Еўропы 2008 года ў Аўстрыі і Швейцарыі і чэмпіянат свету 2010 года ў Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы.
Адным з удзельнікаў гэтага свята стаў камянчанін Аляксандр Давідзіч. 23-гадовы юнак даўно з’яўляецца балельшчыкам зборнай Англіі, ды і ўвогуле аматарам англійскага футбола. А хварэць за “англічан” стаў яшчэ тады, калі на прасторах туманнага Альбіёна ўзышла зорка Дэвіда Бэкхама. У свой час Аляксандр ездзіў у Мінск паглядзець на гульню любімай зборнай, калі яна прыязджала ў Беларусь. Не мог ён прапусціць такую магчымасць і ў гэты раз – чэмпіянат Еўропы праходзіў у суседняй краіне. І туды клікала зборная, зборная Англіі, менавіта ва Украіне яна праводзіла матчы групавога раунда.
Вандроўка на Еўра пачалася фактычна яшчэ не пачаўшыся. Найперш узнікла праблема з білетамі. Паколькі паездка планавалася на чатырох чалавек (разам з Аляксандрам у дарогу збіраліся Дзяніс Козел, Юрый Сегянюк і Дзмітрый Ніжнік, таксама камянчане і таксама аматары англійскага футбола), то і праблему вырашалі таксама разам. Не спалі начамі, каб купіць у інтэрнэце жаданыя квіточкі (адзін каштаваў 110 долараў). І час настаў – спрытнасць рук, і вось білеты ўжо зарэзерваваны. Матч Францыя – Англія. Афіша гучная і лішніх прадстаўленняў не патрабуе. Далейшая задача – прапрацоўка найбольш спрыяльнага маршруту ў Данецк, дзе павінен быў адбыцца матч двух грандаў, – вырашылася без асаблівых праблем.
Па дарозе на матч марылі пабываць ва ўсіх фан-зонах, іх ва Украіне было чатыры: у Кіеве, Данецку, Львове і Харкаве (трапілі ў першыя тры). У Кіеў цягнік прывёз з Ковеля, куды дабіраліся на аўтамабілі. У сталіцы атрымалі першыя ўражанні, зрабілі першыя здымкі на памяць з фанатамі розных зборных. Перасадка. І чарговы цягнік імчыць ужо ў Данецк. Пашчасціла трапіць у адзін вагон з англійскімі фанамі. Дагэтуль Аляксандр лічыў іх вельмі агрэсіўнымі. Пры сустрэчы меркаванне змянілася: англійскія фанаты аказаліся дабрадушнымі і прыемнымі ў адносінах людзьмі. За песнямі і гутаркамі ноч праляцела непрыметна.
У Данецку дагаварыліся разам з новымі знаёмымі пайсці на Данбас-арэну. (Зняць жыллё на чацвярых чалавек у суткі каштавала ў перакладзе на беларускія грошы паўтара мільёна). Вечарам, размаляваўшыся ў нацыянальныя англійскія колеры, з вялізным англійскім флагам, у велізарнай плыні англійскіх фанаў, многія з якіх забраніравалі білеты аж да фіналу (у надзеі, што іх зборная будзе гуляць у апошнім паядынку Еўра), Аляксандр з сябрамі трапіў на доўгачаканае свята.
“Гледзячы падобнае шоу па тэлевізары, складваецца зусім іншае ўражанне. На экране ўсё як бы ў замаруджаным стане. Падзеі разгортваюцца памяркоўна і не спяшаючыся, – гаворыць Аляксандр. – А там, акунуўшыся ў гэтае балельшчыцкае мора, ты губляеш сувязь з часам, стрэлкі гадзінніка бягуць з неверагоднай хуткасцю. Падзеі на полі змяняюць адна адну, і ты не паспяваеш заўважыць, як пралятае тайм, другі. Я сам гуляю ў футбол, але калі глядзеў матчы па тэлевізары, здавалася, што за “недацёпы” на полі. Я згуляў бы лепш…” Трапіўшы на стадыён, у цэнтр падзей, свой пункт гледжання юнак змяніў. “Долі секунды на прыняцце рашэння, якое б яно ні было, гэта яшчэ трэба зрабіць. А збоку, тым больш па тэлевізары, усё ацаніць, вядома, прасцей. Але наколькі гэта будзе аб’ектыўна…”
Матч праляцеў нібы адно імгненне. І балельшчыкі, як адной, так і другой каманды, засталіся незадаволенымі зыходам паядынку, гульня скончылася з лікам 1:1. Не быў выключэннем і Аляксандр. Але ўсё роўна ад тых 90 хвілін матча засталося шмат яскравых успамінаў. “Пабываць на стадыёне, які ўмяшчае 60 тысяч балельшчыкаў, тым больш у першы раз, – гэта дарагога каштуе”.
Далей у час вандроўкі па Украіне Аляксандр разам са сваімі сябрамі з’ездзіў на адзін дзень на Азоўскае мора, да якога не так далёка ад Данецка. Адпачываючы там, паглядзелі нічыйны паядынак паміж расіянамі і палякамі. Апошні прыпынак быў у Львове, дзе накупілі сувеніраў з сімволікай чэмпіянату сабе і сваім блізкім.
Вярнуўшыся ў Каменец, Аляксандр працягваў сачыць за падзеямі на Еўра, асабліва за гульнямі зборнай Англіі. Астатнія дзве сустрэчы групавога раунда глядзеў па тэлевізары і вельмі радаваўся, калі любімая каманда выйшла з групы. Чвэрцьфінал з італьянцамі ён разам з сябрамі глядзеў у дыскабары “Улад”. Многія ў той вечар бачылі групу маладых юнакоў, размаляваных у нацыянальныя колеры зборнай Англіі, якія з вувузеламі ішлі ў вядомым накірунку. Камянецкія “англічане” верылі ў перамогу сваёй каманды. На жаль, паражэнне ў серыі пасляматчавых пенальці выбіла зборную з турніру. Але ні ў якім разе такі вынік не прымусіў усумніцца Аляксандра ў яго балельшчыцкіх прыярытэтах.
Зараз фанат зборнай Англіі Аляксандр Давідзіч разам з сябрамі марыць аб паездках у Францыю і Расію, дзе пройдуць наступнае Еўра-2016 і чэмпіянат свету 2018 года. Будзем спадзявацца, што менавіта на адным з гэтых турніраў заснавальнікі футбола ўздымуць над галовамі чэмпіёнскі кубак. А адным з тых, хто ўбачыць гэта ўвачавідку, стане балельшчык са стажам, камянчанін Аляксандр Давідзіч.
Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.
Это может быть интересно:
-
Турнир по волейболу и соревнования по пулевой стрельбе и гиревому спорту памяти Василия Игнатюка прошли в Новицковичской СШ
-
ДЮСШ «Пуща» – снова чемпион Беларуси!
-
PREMIER LEAGUE 2024-2025 по мини-футболу.1/4 ФИНАЛА PLAY-OFF: Green – ФК «Высокое»
-
PREMIER LEAGUE 2024-2025 по мини-футболу.1/4 ФИНАЛА PLAY-OFF. Первый матч. Агро-Пелище — Мясокомбинат
-
Шибанова и Володина отправятся на республиканские соревнования по дзюдо
3 thoughts on “Англія – Францыя, або Еўра Аляксандра Давідзіча”
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.
Все организационные вопросы мы решали совместно!
А вот теперь другое дело , теперь я их вижу.)
Ребята молодцы! Но вот где на фото Дзяніс Козел, Юрый Сегянюк і Дзмітрый Ніжнік, в упор не вижу. И еще на сколько мне известно всю поездку организововал Дзяніс Козел.