Конны спорт набывае вялікую папулярнасць у многіх краінах свету. У апошнія гады да класічных відаў спаборніцтваў − выездка, канкур і трохбор’е − дадалася такая дысцыпліна, як дыстанцыйныя конныя прабегі.
Фермерскія гаспадаркі, якія займаюцца развядзеннем пародзістых коней, у Беларусі можна пералічыць па пальцах адной рукі. У 2010 годзе ў Камянюцкім сельсавеце для ФГ «Брыльянтавая падкова» было выдзелена больш за 60 га зямлі − пераважна заліўныя лугі, непрыдатныя для земляробства, але добрыя для выпасу коней. А неўзабаве ў будынку былой калгаснай фермы пачалася работа па ператварэнні яе ў сучасную стайню з персанальнымі стойламі для гадаванцаў. Цяпер у «Брыльянтавай падкове» каля 20 коней знакамітай кабардзінскай (чаркескай) пароды, што ўваходзіць ва ўсе сусветныя даведнікі па конегадоўлі. Нядаўна, літаральна за адзін месяц, нарадзілася чацвёра жарабят. Напэўна − будучыя чэмпіёны. Варта згадаць і два адмысловыя поні, якіх ласкава называюць тут паняшкамі.
Гаспадар коней − Юрый Беканаў − 16 гадоў таму прыехаў на Беларусь з Кабардзіна-Балкарыі. Спачатку ён адкрыў стайню ў Брэсце, а два гады ўжо працуе на ўскрайку Камянюкаў. “Чыстакроўных «кабардзінцаў», адлоўленых арканамі ў гарах Каўказа, адстойвалі тры дні, каб яны прызвычаіліся да людзей, а потым перавозілі. Колькі давялося з імі памучыцца…” − успамінае Юрый. Цяпер кожная жывёліна мае пашпарт. Коні сапраўды прыгожыя: добра развіты корпус, доўгая вытанчаная шыя, мускулістыя шырокія грудзі. Сапраўдны «кабардзінец» – гнядой масці, чорныя грыва і «гольфы» на нагах, а нос з гарбінкай (каўказец!). На спіне выведзены белы нумар. Па ім можна прасачыць ўвесь радавод, які занесены ў міжнародную кнігу аб кабардзінскай пародзе.
25 жніўня ў Камянюках прайшлі чарговыя рэспубліканскія конныя прабегі, з дыстанцыямі на 15, 30 і 60 км. Удзел у іх прынялі прадстаўнікі брэсцкіх конных школ і «кабардзінцы» Беканава. Тут трэба ўдакладніць: такія прабегі − не звычайныя скачкі, дзе галоўнае − перамога любой цаной. На дыстанцыйных прабегах перамагае не той, хто першым прыходзіць да фінішу, а той, хто прыводзіць да яго свайго каня ў найлепшым стане. Гадаванцы «Брыльянтавай падковы» паказалі выдатныя вынікі. У іх цудоўная скорасць, добрае дыханне, здольнасць хутка аднаўляцца. У якасці арганізатара прабегаў зноў выступіў сам гаспадар стайні. Усе арганізацыйныя праблемы, у тым ліку набыццё прызоў, узяў на сябе.
Першы забег стартаваў у 6.45 на самую доўгую дыстанцыю.
На працягу ўсіх спаборніцтваў тут панаваў спартыўны дух. Хваляванне было прыметным і ў коннікаў, і ў коней, хваляваліся таксама і ветурачы, без якіх гэты від спорту немагчымы. Удзельнікі са сваімі камандамі пільна сачылі за коньмі, імкнучыся найхутчэй аднавіць сэрцабіццё. Галоўнае − выбраць такую тэхніку бегу, каб коні маглі хутка аднавіцца і працягнуць спаборніцтвы.
Былі паказаны добрыя вынікі. Конь Ахабюк наезніцы Святланы Качалоўскай на дыстанцыі ў 60 км развіў фенаменальную хуткасць − 23 км у гадзіну, уласцівую арабскім пародам. Але, апярэдзіўшы ўсяго на 1 хвіліну, на гэтай дыстанцыі выйграла Валянціна Паплаўская на кані Пегей. На дыстанцыі ў 30 км перамогу атрымаў Арсен Беканаў на кані Бягун, апярэдзіўшы на 20 хвілін Марыю Рыжкову якая імчала на кані Бром. Юрый Краўчук, які заняў трэцяе месца, на кані Зубамер паказаў скорасць ўзроўню чэмпіянату Еўропы − 18,5 км у гадзіну. Адрэзак у 15 км першым прайшоў Дзмітрый Пратасевіч на кані Оскар. Спецыяльным быў прыз для самага юнага (дзесяцігадовага) ўдзельніка спаборніцтваў Цёмы Беканава – на кані Зулус.
Юрый вельмі ўдзячны генеральнаму дырэктару НП “Белавежская пушча” Аляксандру Бураму за паразуменне і падтрымку, у тым ліку і конных прабегаў на лепшы вынік. Яны ніяк не супярэчаць гармоніі ў прыродзе.
Развядзенне коней − высакародны і прыгожы занятак, але, на жаль, ён пакуль не акупляецца. Утрыманне аднаго каня патрабуе каля 100 долараў штомесяц, прытым, што «кабардзінцы» не пераборлівая парода, спакойна пераносяць маразы. Усе расходы на ўтрыманне табуна, забеспячэнне неабходнай экіпіроўкай наезніка (сёдлы, шлемы і інш.) − немалыя. Юрый плануе з часам адкрыць тут аграсядзібу. Цяпер жа супрацоўнічае з гаспадаром камянюцкай сядзібы “Дом рыбака” Васіліем Рэбікам, чые госці нярэдка бываюць на стайні Беканава, каб спазнаць асалоду верхавой язды, палюбавацца грацыёзнымі жывёлінамі. Тут рады кожнаму, каго прыводзіць сюды любоў да коней.
Пры стайні наладжаны бясплатныя заняткі з дзецьмі, якія прыходзяць сюды з суседніх вёсак, дапамагаюць тут. Займаюцца з імі інструктары Вольга Розава і Марыя Рыжкова. Як зазначае Юрый Міхайлавіч, для тых, хто пакажа добрыя вынікі, будзе дадзена магчымасць удзельнічаць у еўрапейскіх спаборніцтвах.
Пакуль жа ў мяне склалася ўражанне, што і людзі, і коні ў «Брыльянтавай падкове» проста атрымліваюць задавальненне ад зносін адзін з адным. Кажуць, па пазітыўным уздзеянні на чалавека коні саступаюць толькі дэльфінам…
Дар’я ДЗЯМЯНКА.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
Прокуратура Каменецкого района поддержала в суде гособвинение по уголовному делу о смертельном ДТП
-
Александр Лукашенко подписал закон, комплексно корректирующий Кодекс об образовании
-
ОБЗОР МАТЧА «АГРО-ПЕЛИЩЕ» – «БЛЭКУЭЛ»: ЗЕМЛЯКИ ЗАБИРАЮТ ПЕРВЫЕ ОЧКИ МИНИ-ФУТБОЛЬНОГО ТУРНИРА
-
Мошенники рассылают вирусы под видом фото в Telegram
-
Юные художники Каменетчины награждены по итогам районного смотра-конкурса «Остановим ВИЧ вместе!»