Альтэрнатыва чарзе? Аплаці сам…

IMG_7258_resizeНа шчасце, мы ўжо адвыклі ад чэргаў. Іх адсутнасць, мабыць, вынік здаровай канкурэнцыі і клопату службаў аб зручнасці сваіх кліентаў. І нярэдкія восеньскія чэргі ў аперацыйнай зале аддзялення паштовай сувязі сталі з’явай цяжка зразумелай. Панурыя твары, нецярплівыя позіркі на гадзіннік, сапсаваны настрой…

Немагчыма было не заўважыць, што праблема паштовых чэргаў з’явілася неяк адначасова з ветлівай адмовай супрацоўнікаў “Беларусбанка” прымаць плацяжы за мабільную сувязь, інтэрнэт-паслугі. І ва “ўвесь рост” выявілася, што ніяк не можам пераламаць страх перад тым жа інфакіёскам – а раптам “жалязяка” не зразумее пін-код, спіша з рахунку ўсе грошы ці ўвогуле не верне картку. Наяўныя ж грошы бачым, калі адлічваем…

– Ці ж толькі наша ўпартае жаданне разлічыцца за паслугі наяўнымі прыводзіць да чэргаў? – гэтае пытанне адрасавала начальніку раённага вузла паштовай сувязі Марыне Цавялюк.

– Гэта адна з прычын. Сапраўды, з 10 па 25 чысло, калі актыўна аплачваюцца камунальныя паслугі, – перыяд максімальнай нагрузкі ў аддзяленнях паштовай сувязі. Таму ў гэтыя дні, у асобныя перыяды часу, могуць быць чэргі.

– Што прадпрымаецца для таго, каб яны былі як найменшыя?

– У тым жа аддзяленні паштовай сувязі Каменец-1 абслугоўваем у чатырох аперацыйных вокнах з 8.00 да 18.00: тры касы для абслугоўвання фізічных асоб і адна – для работы з юрыдычнымі асобамі. Дзеля змяншэння чэргаў у аддзяленнях паштовай сувязі ўстаноўлены плацёжна-даведачныя тэрміналы, прызначаныя для самастойнай аплаты камунальных паслуг, а таксама для разлікаў за дамашні тэлефон, мабільную сувязь, карыстанне інтэрнэтам, пагашэння банкаўскай пазыкі. Аплаціць паслугі можна як грашамі, так і шляхам плацежных картак. Прычым пры карыстанні плацежна-даведачным тэрміналам камісія не збіраецца. Калі неабходна, нашы супрацоўнікі даюць кансультацыі кліентам, аказваюць практычную дапамогу пры аплаце імі паслуг на плацежна-даведачным тэрмінале.

– Ці праўда, што адбылося скарачэнне штату паштавікоў, у тым ліку аператараў?

– Аптымізацыя штату была, але яна датычылася адміністрацыі…

Тым не менш, нават самым кансерватыўным з нас прыйдзецца ўсё бліжэй знаёміцца з сучаснымі спосабамі разлікаў. Каб не стаяць у чэргах. Як вынікае з выпадковых назіранняў (вядома, у чарзе), тая ж пошта сёння аказалася ў эпіцэнтры паслуг інтэрнэт-магазінаў. Асабліва шмат пасылак напярэдадні Новага года. І адпраўляюць іх звычайна накладзеным плацяжом. Аперацыя выдачы такой пасылкі – а нярэдка і дзве-тры аднаму адрасату – займае значна больш часу.

Ад часу і зручнасці нікуды не дзецца

З той прычыны, што не ўсюды і не ўсе плацяжы з нядаўняга часу можна аплаціць праз касу (а на пошце – можна), неяк “забылі” камянчане пра разлікова-касавы цэнтр “Белаграпрамбанка”. А між тым, тут можна заплаціць за ўсе паслугі, у т. л. і за інтэрнэт, і наяўным, і безнаяўным шляхам. Што пацвярджае начальнік цэнтра Надзея Нікіціна:

– Колькасць усемагчымых плацяжоў кліентамі праз наш разлікова-касавы цэнтр чамусьці значна ўзрасла на гэтым тыдні. У фае ёсць інфакіёск, праз які можна заплаціць не толькі за ўсё, што тычыцца сістэмы ЕРИП; побач працуе кансультант, да якога варта звярнуцца па дапамогу, калі хто яшчэ не на “ты” з безнаяўнымі разлікамі. Можна заплаціць і праз касу. Бо наш інфакіёск без кэш-функцыі, іншымі словамі – не мае прыёмніка для купюр, дзякуючы якому кожны кліент мог бы разлічыцца наяўнымі сам, без аператара.

Мы таксама за перавагі безнаяўнай аплаты: вялікі працэнт наяўных грошай у абарачэнні сведчыць пра нізкі ўзровень фінансавай адукаванасці насельніцтва. Замест таго, каб марнаваць час у чэргах, лепш аднойчы спакойна разабрацца з “алгарытмам” самастойнай аплаты. Той, хто сябруе з банкаўскай карткай, карыстаецца інтэрнэт-банкінгам, мае магчымасць атрымаць інфармацыю, зрабіць любы плацеж незалежна ад часу сутак, не выходзячы з дому.

Намеснік дырэктара ЦБУ №115 ААТ “АСБ Беларусбанк” Анатоль Раманчук удакладніў, што плацяжы за мабільную сувязь і інтэрнэт-паслугі не сталі прымаць у сваіх аддзяленнях толькі ў Каменцы і Высокім – у сельскіх населеных пунктах усё па-ранейшаму. Не толькі па службоваму доўгу, але і як чалавек, адкрыты для ўсяго новага, ён актыўна прапагандуе магчымасці практычна любой аперацыі з дапамогай так званых сэрвісаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання.

– У раёне працуюць дзевяць інфакіёскаў – інфармацыйна-даведачных тэрміналаў: у Каменцы – у будынках ЦБУ №115, раённага вузла электрасувязі, Дома быту, цэнтральнай раённай бальніцы, райвыканкама; у аддзяленнях банка горада Высокае і аграгарадка Белавежскі. На гэтым абсталяванні любы наш кліент, які з’яўляецца трымальнікам банкаўскай плацежнай карткі, выпушчанай нашым банкам, можа праводзіць увесь пералік банкаўскіх аперацый, у тым ліку аплату камунальных і паслуг інтэрнэт-правайдараў, паслуг аператараў мабільнай сувязі і іншыя. Для кліентаў, якія з той ці іншай прычыны не з’яўляюцца трымальнікамі банкаўскай плацежнай карты, рэалізавана магчымасць зрабіць вышэйназваныя плацяжы наяўнымі сродкамі праз вонкавы інфакіёск, размешчаны ў будынку ЦБУ №115.

Нагадаю, што паслуга “М-банкинг” – мабільны банк – дазваляе з дапамогай мабільнага тэлефона і ўстаноўленага ў ім спецыяльнага дадатку М-Belarusbank хутка і зручна рабіць плацяжы на карысць пастаўшчыкоў паслуг, пагашаць крэдыты, папаўняць банкаўскія ўклады, пераводзіць грошы з аднаго рахунку на другі, атрымліваць паведамленні аб прыходных і расходных аперацыях на вашай картцы, даведвацца пра курсы валют і многае іншае. А вось “Интернет-банкинг”, акрамя вышэйпера­лічаных банкаўскіх плацяжоў, здольны і на аперацыі па адкрыцці дэпазітаў. Каб стаць карыстальнікам гэтай паслугі, неабходна таксама мець банкаўскую плацежную картку і доступ да сеткі Інтэрнэт праз персанальны камп’ютар. Падключыцца да сістэмы “Интернет-банкинг” можна не толькі ў любым з нашых аддзяленняў, але і самастойна з дапамогай online-рэгістрацыі.

Варта ведаць і пра такі сэрвіс дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, як “Аўтааплата”, што значна сэканоміць час. З гэтай паслугай знікае неабходнасць пастаянна кантраляваць свое­часовасць папаўнення баланса асабовых і абаненцкіх рахункаў. Неабходны плацеж адбываецца ў аўтаматычным рэжыме ў патрэбны час, згодна з параметрамі, указанымі самім трымальнікам банкаўскай плацежнай карткі. Цяпер рэ­алізавана магчымасць аўтаматычнай аплаты паслуг аператараў мабільнай сувязі, стацыянарнага тэлефона – “Белтэлекам”, камунальных плацяжоў, за электраэнергію і газазабеспячэнне, паслуг інтэрнэт-правайдараў, у тым ліку byfly і іншыя. Зарэгістраваць “Аўтааплату” можна ў любым інфакіёску “Беларусбанка”. А больш падрабязную інфармацыю аб сэрвісах дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання атрымаеце па тэлефоне 2-29-34.

Што ні кажы, а безнаяўны сэрвіс – зручнасць, якую дыктуе сучаснасць. Вось і ўчора ля банкамата пачула знаёмае:

– Я ж табе не раз паказваў. Давай разам. Спачатку выбіраеш мову, потым набіраеш пін-код…

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий