Альма-матар у Высокім

DIGITAL CAMERA
DIGITAL CAMERA

Сёлета вучобу ў Высокаўскім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійна-тэхнічным каледжы завяршаюць больш за сто юнакоў і дзяўчат, якія атрымліваюць прафтэхадукацыю і сярэдне-спецыяльную. Рабочае месца гарантавана. Многія прадоўжаць вучобу ў ВНУ, у асноўным без адрыву ад вытворчасці.

А тым часам – зноў клопат пра абітурыентаў, пра тых, хто ў верасні пачне вучыцца выбранай прафесіі. Дэмаграфічнае пытанне ніхто не знімаў з раскладу дня. Статыстыка сведчыць, што за пяць гадоў колькасць выпускнікоў школ зменшылася ці не на трэць. Таму адначасова даводзіцца думаць і пра план набору, і пра планку якасці. Найбольш блізка з магчымасцямі і ўмовамі вучобы ў каледжы старшакласнікі знаёмяцца ў Дні адчыненых дзвярэй. Разам з падлеткамі ў Высокае едуць і іх бацькі, каб дакладна ведаць, у якіх умовах будзе вучыцца сын ці дачка. Так, дзяўчат у каледжы сёння нямала – атрымліваюць прафесіі повара, кантралёра-касіра, аператара ЭВМ…

Аднак, асноўная мэта навучальнай установы – падрыхтоўка кадраў для сельгасвытворчасці, ды каб у нагу з часам. Трактарыст-машыніст катэгорыі А,В,Д, вадзіцель катэгорыі С, электразваршчык… Таму ж механізатару сёння неабходна ведаць камп’ютар, бо сучасная тэхніка нашпігавана электронікай, і не толькі дзеля камфорту. Таму колішняе “вучышся на двойкі – будзеш трактарыстам” цяпер не адпавядае тэме дня. Педагогі каледжа прыводзяць нямала прыкладаў, калі ўчарашні “слабы” школьнік раскрывае свае здольнасці іменна на занятках у каледжы, бо любіць тэхніку, мае жаданне “даследаваць” яе, зразумець работу механізмаў – заадно з’яўляецца інтарэс і да фізікі, матэматыкі. Будучыя тэхнікі-механікі пачынаюць вучобу таксама з першай ступені навучання.

Тры ў адным

Як зазначае дырэктар каледжа Аляксандр Шурхай, адметнасць у тым, што тут можна атрымаць агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную і сярэдне-спецыяльную адукацыю.

– Выпускнік, які атрымае дыплом аб завяршэнні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у адрозненне ад выпускніка школы з атэстатам аб сярэдняй адукацыі, мае яшчэ і прафесію. Для юнакоў даецца адтэрміноўка ад прызыву ва Узброеныя Сілы РБ на час вучобы, а для выпускнікоў, якія паступаюць у ВНУ і сярэдне-спецыяльныя ўстановы, – і на ўступную кампанію. Вучоба ў каледжы залічваецца ў працоўны стаж. У час вытворчага навучання не менш як 75% грашовых сродкаў за вырабленую прадукцыю (работы, паслугі) накіроўваецца на матэрыяльнае заахвочванне навучэнцаў з улікам іх удзелу. На канікулах таксама можна зарабіць уласныя грошы, бо арганізуецца часовая працоўная занятасць моладзі. Для падрыхтоўкі спецыялістаў, здольных працаваць на сучасных камбайнах і трактарах, тут створаны адпаведныя ўмовы. Усяго ў каледжы больш за 150 адзінак сельгастэхнікі і энергетычных сродкаў для практычнага навучання. Праўда, тэхнічная база тут па вядомай пры­чыне не можа штогод папаўняцца найноўшай тэхнікай, якая сёння на палях гаспадарак. Юнакі вучацца працаваць на ёй падчас вытворчай практыкі пад апекай майстроў і вопытных меха­нізатараў у тых жа гаспадарках, часта там, адкуль родам.

Не варта думаць, што рыхтуюць адно толькі “технарей”,– у каледжы нямала выкладчыкаў, якія працуюць і вучаць працаваць творча як на занятках тэхнічнага профілю, так і гуманітарнага. Вось і на гэтым тыдні тут адбыўся конкурс чытальнікаў, пераможца – першакурснік Яўген Ільютчык з Белавежскага. Усё дзеля таго, каб маладыя людзі былі неабыякавымі і дапытлівымі. Ёсць у каледжы і вынаходнікі з ліку навучэнцаў.

Выпускнікі атрымліваюць некалькі кваліфікацый, што дазваляе ім быць канкурэнтаздольнымі на рынку працы.

У кантакце не толькі з бацькамі

Калі бываеш у каледжы, немагчыма не адзначыць, з якой гатоўнасцю ідуць насустрач выкладчыкі, як індывідуальна гавораць пра сваіх вучняў, глыбока і з веданнем спраў – аб іх вучобе. Як з карысцю заняць вольны час навучэнцаў, як адцягнуць іх увагу ад шматлікіх спакус нашага часу, якія ўсё больш даступныя, – яшчэ адзін аспект увагі дырэкцыі каледжа. Працуюць у цесным кантакце з бацькамі. Бо гэта якраз той узрост падапечных, калі яны патрабуюць максімум свабоды, але не зусім усведамляюць, што такое адказнасць. Каледж цесна супрацоўнічае з грамадскімі раённымі і гарадскімі арганізацыямі, райаддзелам унутраных спраў, праваслаўнай царквою, установамі аховы здароўя, камісіяй па справах непаўналетніх з мэтай прафілактыкі шкодных звычак: наркаманіі, таксікаманіі, курэння.

За час нашай гутаркі матулі дваіх навучэнцаў наведаліся да дырэктара, кожную з іх паасобку прывяла нейкая набалелая праблема і, напэўна, з дапамогай педагогаў яна вырашыцца, бо – разам, бо неабыякавыя. А прафесія – аснова поспеху. І нават калі размова аб яе “даходнасці”, дык высокакваліфікаваны спецыяліст у любой галіне зможа знайсці добра аплачваемую работу, як і сваё месца ў жыцці.

Напрыканцы мая ў Брэсце на вуліцы Савецкай прадстаўнікі каледжа наладзяць прэзентацыю прафесій, якія маладыя людзі могуць атрымаць у Высокім…

Галіна НОВІК.

Добавить комментарий