Алена Юшкевіч: «Чалавеку патрэбен клопат»

З такой устаноўкай ідзе па жыцці сённяшняя мая суразмоўніца Алена Юшкевіч, якая ўжо 27 гадоў працуе ў сферы аховы здароўя і з 2008-га паспяхова выконвае абавязкі намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Камянецкай цэнтральнай раённай бальніцы.

А быў час, калі маленькая Аленка гуляла ў доктара: слухала з дапамогай сапраўднага фанендаскопа любімага плюшавага мішку, рабіла ўколы “хворым” лялькам… Ды і якія яшчэ гульні маглі зацікавіць дзяўчынку, калі перад вачамі яе ўвесь час стаяў прыклад таты ў белым халаце?

Сям’і маёй суразмоўніцы давялося пападарожнічаць у свой час па Беларусі: Аленка нарадзілася ў Брэсце, у 1973-м пераехала з бацькамі ў Гродна (тата вучыўся тут у медінстытуце, а мама працавала ў ім жа лабарантам на кафедры інфекцыйных захворванняў), потым быў Каменец. У нашым райцэнтры тата быў спярша хірургам Камянецкай ЦРБ, потым – намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва, пазней – загадчыкам рэанімацыі. “Я назірала за яго работай і разумела: гэта маё!” – расказвае Алена Віктараўна.

Пасля заканчэння школы без рэпетытара (тады пра такое і не чулі) яна паступіла ў Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт, здаўшы як залатая медалістка толькі адзін экзамен – на пяцёрку, вядома ж. Калі ВНУ засталася за спінай, выйшла замуж, нара дзілася дачка. І праз 2 гады дэкрэтнага водпуску Алена Юшкевіч прайшла інтэр натуру па функцыянальнай дыягностыцы – у Брэсце і Каменцы. Працавала ўрачом функцыянальнай дыягностыкі нашай раённай бальніцы і ўрачом-тэрапеўтам на дзённым стацыянары.

У 2000-м, прайшоўшы пярвічную спецыялізацыю па інфекцыйных захворваннях, стала загадчыкам інфекцыйнага аддзялення, 5 гадоў паглыблялася ў новы накірунак работы… У 2008 годзе, вяр нуўшыся да сваіх абавязкаў пасля нараджэння другой дачкі, Алена Віктараўна стала намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі. Каб пачувацца на новым месцы ўпэўнена, у 2009-м прайшла перападрыхтоўку ў медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў Мінску па спецыяльнасці “ўрач-эксперт”. Веды, як вядома, ніколі не ў цяжар…

Апісваючы свой працоўны дзень, Алена Віктараўна расказвае:

– На работу заўсёды прыходжу рана – у 7.30. І ўжо у 8.00 у нас “пяціхвілінка” ў галоўнага ўрача, падчас якой вырашаем глабальныя пытанні ды ставім задачы на новы дзень. Вярнуўшыся ў свой кабінет, абмяркоўваю бліжэйшыя планы з сакратаром і пасля да 10 гадзін працую з даку ментамі. Далей дзве гадзіны вяду прыём як старшыня ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі. З 12.00 да 13.00 зноў бяруся за дакументы: правяраю ці журналы ў бюро рэ гіст рацыі, дзе выдаюць лісткі непраца здоль нас ці, ці гісторыі хваробы ў стацыянары. Пасля абеду на дзве гадзіны ўзнаў ляецца прыём. А яшчэ па аўторках і пят ні цах з 16.00 да 18.00 прымаю людзей, што праходзяць вадзіцельскую камісію, як яе старшыня. І на заканчэнне да 18.45 вяртаюся да дакументаў.

Цікаўлюся, з якімі пытаннямі звычайна прыходзяць на прыём да Алены Юшкевіч як да старшыні ўрачэбнакансультацыйнай камісіі. 

– Яны тычацца самых розных аспектаў жыцця: адкрыцця і закрыцця лісткоў непрацаздольнасці, устанаўлення групы інваліднасці (праводзім пасяджэнне, вызываем іншых урачоў, калі ёсць пільная патрэба, аглядаем пацыента і робім выснову), працаўладкавання пры наяўнасці захворванняў, атрымання тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, выдачы дапамогі цяжарным, калі яны становяцца на ўлік, вызвалення ад выпускных экзаменаў, догляду пажылых людзей пасля 80 гадоў, калі ёсць паказанні…

Што імпануе вам у вашай паў сядзённай працы? 

– Магчымасць дапамагаць людзям. Пытанні, з якімі яны звяртаюцца, часам бываюць вельмі няпростыя, і прыемна ўсведамляць, што атрымалася вырашыць іх. Пацыенты, што ідуць да нас, у асноўным хворыя. Ім патрэбны ўвага, клопат, цеплыня, разуменне. Важна пагутарыць, выслухаць, супакоіць. Гэта няпроста, і за столькі гадоў я стала ўжо ў нейкім сэнсе псіхолагам.

Калі б была магчымасць, вы змянілі б сферу дзейнасці? 

– Арганізавала б сваю аранжарэю! (Усміхаецца.) Каб вырошчваць у ёй расліны – вельмі іх люблю. Ахвотна даглядаю квет кі ў доме, агарод і прысядзібны ўчастак ля яго. Вось мой самы лепшы адпачынак! І ў кабінеце, як бачыце, вазонаў таксама дастаткова, вось толькі часу на догляд іх застаецца вельмі мала. А любая раслінка любіць клопат. Як і чалавек.

Што ж самае галоўнае ў рабоце з людзьмі? 

– Важна мець вялікае цярпенне і шчырае жаданне дапамагаць ім.

 

Настасся НАРЭЙКА 

Фота аўтара