З 2018 года Алена Шаблінская паспяхова сумяшчае адразу некалькі відаў дзейнасці. Яна не толькі дырэктар Камянецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, але і дэпутат двух узроўняў (раённага ды абласнога). І ў гэтым яднанні ёсць глыбінны сэнс, бо агульнымі намаганнямі можна дасягнуць большага ў нялёгкай, але такой неабходнай справе падтрымкі тых, хто побач…
Як дэпутат Камянецкага раённага Савета дэпутатаў па Камянецкай – Цэнтральнай акрузе №1 Алена Іванаўна рэгулярна праводзіць прамыя тэлефонныя лініі і прыёмы, прымае ўдзел у пасяджэннях раённага Савета дэпутатаў і сустрэчах у працоўных калектывах. Падчас такіх зносін з грамадзянамі і паступаюць звароты адносна праблемных пытанняў, вырашаць якія дэпутат стараецца на месцы, не выносячы на абласны ўзровень (хаця такая магчымасць безумоўна ёсць). І большасць пытанняў вырашаецца станоўча…
Галоўнае – рэальна дапамагаць!
Напрыклад, неаднаразова звярталіся да Алены Шаблінскай жыхары вуліцы Чкалава ў Каменцы, просячы аб грэйдзіраванні адрэзка дарогі ад ранейшай ПМК-14 да выезду з горада. Неабходныя работы ўжо выкананы. Не без удзелу дэпутата вырашылася і пытанне арганізацыі пастаяннай падачы гарачай вады камянчанам, што жывуць па вуліцы Брэсцкай…
– Калі браць звароты грамадзян менавіта па райцэнтры, то яны звычайна звязаны з маёй работай у цэнтры сацабслугоўвання, – робіць акцэнт Алена Іванаўна. – У якасці ілюстрацыі прывяду частыя званкі ад жыхароў вуліцы Пралетарскай, якія звяртаюцца за рэчавай гуманітарнай дапамогай, прадуктовымі наборамі, цікавяцца паслугамі сядзелкі для інваліда.
Акрамя таго, як дэпутат райсавета Алена Шаблінская ўзначальвае пастаянную камісію па пытаннях сацыяльнай сферы і правапарадку. Яе пасяджэнні (выязныя і на месцы) закранаюць выключна актуальныя для грамадства пытанні: якасці аказання медыцынскай дапамогі, эстэтычнай і музычнай адукацыі дзяцей, прадухілення пажараў і гібелі грамадзян ад знешніх прычын, забеспячэння бяспекі пажылых людзей, устаноўкі прыпыначных пунктаў, прафілактыкі сямейнай недабранадзейнасці і сіроцтва, увекавечвання памяці абаронцаў Айчыны… Бліжэйшае пасяджэнне камісіі адбудзецца ў хуткім часе, і ў ходзе яго пытанне інавацыйных форм работы па сацабслугоўванні грамадзян будзе разглядацца на прыкладзе дома сумеснага самастойнага пражывання у Дзмітровічах.
Важна зазначыць і тое, што камісія, якой кіруе Алена Іванаўна, каардынуе работу маладзёжнага парламента, створанага ў раёне.
Яшчэ і дэпутат абласнога Савета дэпутатаў
Як дэпутат абласнога Савета дэпутатаў па Камянецкай выбарчай акрузе №36 Алена Іванаўна гатова прыйсці на дапамогу не толькі ўсім камянчанам, але і жыхарам 9 сельсаветаў: Белавежскага, Войскага, Пелішчанскага, Навіцкавіцкага, Вярховіцкага, Відамлянскага, Дзмітровіцкага, Камянюцкага і Рэчыцкага. Прычым паспяхова робіць гэта на раённым узроўні вось ужо пяты год запар.
Да прыкладу, пасля звароту жыхароў Турны Вялікай, што тычыўся звальнення доктара мясцовага ФАПа, Алена Шаблінская звязалася з Камянецкай ЦРБ, дзе патлумачылі прычыну такой сітуацыі.
Станоўча вырашылася праблема, якую падняў жыхар Набярэжнай у Каменцы (гэта вуліца не адносіцца да акругі Алены Іванаўны як дэпутата райсавета, але як дэпутат абласнога ўзроўню яна можа разабрацца з гэтым пытаннем). Грамадзянін прасіў адрамантаваць участак дарогі каля магазіна “Пінскдрэў” і ліхтары ля сквера. Усе неабходныя работы былі праведзены.
Як дэпутат Алена Шаблінская вядзе прыём у ТЦСАН у першую і трэцюю сераду месяца, а таксама выязджае ў раён. Так, 16 лютага была ў Відамлянскім сельсавеце. Тады на прыём прыйшлі трое грамадзян, і іх пытанні тычыліся дзяржаўнай адраснай дапамогі, чысткі дымахода і запазычанасці аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі. Усе звароты вырашыліся прама ў ходзе прыёма. Так, бабулі, якая прасіла дапамогі з печчу, старшыня сельвыканкама Марына Каралюк знайшла спецыяліста для выканання гэтай работы, а Алена Іванаўна паабяцала матэрыяльную дапамогу ад ТЦСАН, каб кампенсаваць яе кошт.
– Запомніўся мне яшчэ адзін зварот аб бабулі з Вярховіцкага сельсавета, – успамінае дэпутат. – У той час якраз пачыналася ўстаноўка пластыкавых кантэйнераў для смецця. Бабуля прасіла за свайго мужа – інваліда 1 групы, які не выходзіць з дома і ўвесь час праводзіць ля акна, перад якім і планавалася ўстанавіць кантэйнер. І раённае прадпрыемства ЖКГ, куды я звярнулася, пайшло насустрач заяўніцы – не хочацца ж, каб чалавек штодзень глядзеў толькі на смецце… Бабуля дзякавала за дапамогу ад усёй душы, і гэта было вельмі прыемна…
Быў і калектыўны зварот жыхароў раёна, звязаны з пераносам дня прыёму ўрача амбулаторыі ў Войскай, каб людзям зручней было дабірацца на яго з Бучамлі 3. Пасля званка дэпутата просьба была задаволена адміністрацыяй Камянецкай ЦРБ…
Алена Іванаўна пастаянна ўдзельнічае ў сельскіх сходах на тэрыторыі раёна, пасяджэннях абласнога Савета дэпутатаў, вядзе прыёмы і прамыя лініі, а таксама з’яўляецца намеснікам старшыні камісіі па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароны насельніцтва абласнога Савета дэпутатаў.
Яшчэ адна форма работы дэпутата – тэматычныя дыялогавыя пляцоўкі…
Сувязь з Беларускім саюзам жанчын
Вельмі дапамагае ў дэпутацкай дзейнасці і сувязь з Беларускім саюзам жанчын. З удзелам гэтага грамадскага аб’яднання (і раённай, і абласной арганізацый) быў адрамантаваны і адкрыты дом сумеснага самастойнага пражывання ў Дзмітровічах – далучыўся да гэтай важнай справы і райсавет дэпутатаў.
БСЖ, дэпутацкія корпусы раёна і вобласці цесна супрацоўнічаюць на пастаяннай аснове: яны ўдзельнічалі ў леташнім зборы дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад ваенных дзеянняў, а цяпер разам з Чырвоным Крыжам падтрымліваюць ахвяр землетрасення ў Турцыі. Нельга не прыгадаць і сумесныя акцыі “Нашы дзеці” і “Збяром партфель разам”.
А што гэты год?
Калі цікаўлюся планамі на 2023-ы, Год міру і стварэння, Алена Іванаўна расказвае:
– Мы задумалі праект “Жаночае аблічча Камянеччыны” – ад БСЖ і дэпутатаў. З сакавіка да верасня будзем збіраць даныя пра жынчын, што ўнеслі ўклад у развіццё і гісторыю раёна, а выніковую выставу прадставім да Дня маці. Нагадаю словы кіраўніка нашай дзяржавы, сказаныя ім у навагоднім віншаванні: дабрабыт і росквіт Беларусі залежаць ад кожнага з нас, ад нашага ўмення працаваць, удасканальваць свае прафесійныя веды. Стваральны характар працы патрабуе нямала намаганняў, волі, работы над сабой. Сёння кожны павінен разумець і ўсведамляць, што штодзённая яго праца – гэта пасільны асабісты ўклад у развіццё нашай краіны і ўсталяванне міру на Зямлі.
– Што праца дэпутата для вас асабіста?
– Гэта пастаяннае набыццё новых навыкаў вядзення дыялогу з выбаршчыкамі, калегамі, прадстаўнікамі органаў улады і грамадскіх арганізацый. Я ўдзячна людзям за давер, які яны аказалі мне як дэпутату, і буду і надалей старацца шукаць падыход да кожнага. Цеснае ўзаемадзеянне з выбаршчыкамі дапамагае мне хутка рэагаваць на праблемы і рэальна дапамагаць – гэта галоўнае!
Настасся НАРЭЙКА.
Фота з архіва Алены ШАБЛІНСКАЙ.
Это может быть интересно:
-
Приходите поклониться частице мощей блаженной Матроны Московской
-
В Каменецком районе появится еще одна церковь. Где?
-
Афиша мероприятий на выходные 25-26 марта в Каменецком районе
-
Работники Беловежского детсада привели в порядок улицу Парковую в агрогородке
-
Ребята из Войсковской СШ провели акцию, направленную на профилактику туберкулеза