Актыўнае жыццё Наталлі Васілюк

наташаПошукі гераіні для чарговай маладзёжнай старонкі прывялі мяне той дажджлівай раніцай на гарадскі стадыён “Колас”. Тут, ва ўтульным будынку, працуе інструктар-метадыст па турызме раённага фізкультурна-спартыўнага клуба “Лідар” Наталля Васілюк. Аб прафесіі, захапленнях і жыццёвых прыярытэтах – наша гутарка.

– У агульнарэспубліканскі Год гасціннасці твая прафесія набывае асаблівую значнасць. Як прыйшла ў яе?

– Дарога была няпростай. Падчас вучобы ў сярэдняй школе №2 вяла актыўнае спартыўнае жыццё, гуляла ў валейбол і баскетбол, але галоўнай для мяне заўсёды была лёгкая атлетыка. Ёю займалася з 5 класа. Ішла да канкрэтнай мэты – паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры.

– Відаць, атрымалася?

– Так! Вучылася, атрымала дыплом, а ў ім пазначана спецыяльнасць – “кіраўнік фізвыхавання ў дашкольных установах”. Каб паспытаць сапраўдны “смак” новай прафесіі, тры месяцы працавала ў адным з дзіцячых садоў сталіцы, а потым пацягнула дадому.

– Як сустрэў родны Каменец?

– Як сваю. Знайшла работу. Наступныя два гады была інструктарам-метадыстам СДЮШАР “Пушча”, курыравала лёгкую атлетыку. Пасля лёс прапанаваў яшчэ раз паспытаць выхавальніцкага хлеба. Калі даведалася, дзе менавіта буду працаваць – у Бучамлянскай дапаможнай школе-інтэрнаце, – не змагла адмовіць. Мяне заўсёды хваляваў лёс дзяцей, якім нямала давялося зведаць у жыцці.

– А потым ты заняла сённяшнюю пасаду?

– З першага ліпеня мінулага года працую ў клубе “Лідар”.

– Што ўваходзіць у твае абавязкі?

– За мной “замацаваны” аграэкатурызм нашага раёна. Пастаянна маю зносіны з уладальнікамі сядзіб і тымі, хто яшчэ толькі марыць працаваць у гэтай даходнай галіне. Дапамагаю людзям збіраць дакументы для атрымання мэтавага льготнага крэдыту, паведамляю ім пра конкурсы, семінары, трэнінгі, прапаную ўдзельнічаць. Акрамя таго, размяшчаю інфармацыю аб аграэкасядзібах у Інтэрнэце. Інфармую ўпраўленне спорту і турызму аблвыканкама аб развіцці турызму ў раёне…

– Значыць, працуеш і з людзьмі, і з дакументамі?

– Даводзіцца. Стараюся зразумець чалавека, які да мяне звяртаецца. Уважліва слухаю, шукаю агульную мову.

– А калегі?

– Адносіны з імі склаліся добразычлівыя, што вельмі дапамагае. Дарэчы, узначаліла прафсаюзную арганізацыю.

– Вядзеш актыўнае грамадскае жыццё?

– Стараюся. Са школьных гадоў была актывісткай. Як уступіла ў шэрагі БРСМ, так і застаюся прыхільніцай добрых спраў гэтай арганізацыі. Была дэлегатам раённай справаздачнай канферэнцыі. У хуткім часе планую ўдзельнічаць у раённым конкурсе жанчын-аўтааматараў “АўтаЛэдзі-2014”.

– Працягваеш займацца спортам?

– Так, але цяпер як аматар, выключна для сябе, для здароўя. Наведваю басейн і трэнажорную залу ў Каменцы.

– Маеш чыста жаночае хобі?

– Люблю кулінарнічаць. Пад настрой гатовая цэлы дзень ля пліты стаяць, каб толькі атрымалася нешта смачнае. У дзяцінстве бабуля Ніна вучыла мяне вязаць. Увогуле, у свой час наведвала гурткі лепкі з гліны, выпальвання і вырабу цацак у Камянецкім цэнтры пазашкольнай работы. Усе гэтыя захапленні маглі перарасці ў прафесію, але зразумела, што хацела б займацца спортам. Каб жыццё было актыўным.

– Марыш пра сваю сям’ю?

– Як і кожная дзяўчына, напэўна. А цяпер у мяне ёсць два любімыя хрэснікі: Уладзік і Ягорка…

Гутарыла Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий