Гэтая артыстычная, жвавая дзяўчынка звярнулася на сябе маю ўвагу досыць даўно. Даводзілася сустракацца з ёю на мерапрыемствах у камянецкіх бальніцы і бібліятэцы. З першай васьмікласніцу СШ №1 г.Каменец Вераніку Пляшко звязвае тое, што там працуе медсястрой у дзіцячым аддзяленні яе любімая матуля, а з другой, безумоўна, – любоў да кніг. Пра гэта і не толькі – дыялог з дзяўчынкай.
– Праз два тыдні пачнецца новы навучальны год. З якім пачуццём пойдзеш у школу?
– З радасцю! Шкада, што лета скончылася, але трэба і за вучобу брацца.
– Які твой самы любімы прадмет?
– У мяне іх два! Руская мова і літаратура. З нецярпеннем чакаю новай сустрэчы з Аленай Міхайлаўнай Гойка, якая выкладае іх нам.
– Напэўна, хочаш стаць настаўніцай таксама?
– Як вы здагадаліся? Гэта мая мара. Ведаць на выдатна свой прадмет і перадаваць веды дзецям – што можа быць лепш? Старанна вучуся, уважліва сачу за тым, як паводзіць сябе на ўроку настаўніца.
– Збіраешся нешта пераняць у яе?
– Манеру выкладання. І характарам вельмі хацела б хоць крышку нагадваць нашу Алену Міхайлаўну.
– З тваёй артыстычнасцю можна было б і ў тэатральны паступаць… Што думаеш на гэты конт?
– Я сваёй мары не здраджу. Настаўніцай быць больш цікава, чым актрысай, ды і матуля з бабуляй падтрымліваюць. Яны ў мяне, дарэчы, абедзве з медыцынай жыццё звязалі.
– То ў вас дынастыя?
– Так. Але мама не раіць мне ў тым жа накірунку ісці. Гаворыць, што з-за турботнай працы вельмі мала часу на блізкіх застаецца.
– Якія ролі на імправізаванай сцэне табе лепш за ўсё ўдаюцца?
– Кажуць, што я – выдатная Баба Яга. (Усміхаецца.) Акрамя таго, падчас Тыдня дзіцячай кнігі ў бібліятэцы была Каралевай Кнігай, Дня абароны дзяцей – Прынцэсай-Несмяянай. Аднойчы дэкламавала верш-віншаванне медыцынскім работнікам у бальніцы.
– Любіш чытаць?
– Люблю. Іду, бывае, са школы і думаю па дарозе, што б такое цікавенькае ўзяць у бібліятэцы. Выбіраю звычайна па дзве-тры кнігі запар. З імі добра!
– Што апошняе прачытала?
– Дэтэктыўную гісторыю Кацярыны Вільмант пра сакрэт карціны, якая знікла. Захапляльна!
– Чым яшчэ займаешся ў вольны час?
– Танцую з задавальненнем. Вучыць нас педагог Юлія Аляксандраўна Лапіна, выступалі нядаўна на Дні горада. З ёю заўсёды вельмі цікава! Увесь наш 8 “А” у захапленні. Дружны клас. Самы лепшы! Калі ёсць час, пляту з бісеру кветкі, якія ніколі не вянуць. Жывыя вельмі любіць мая бабуля Вера Васільеўна, але яны, на жаль, хутка ападаюць… З асалодай гляджу балетныя пастаноўкі, мару з’ездзіць у Мінск, у тэатр оперы і балету. Сучасную музыку я не вельмі люблю, як і шумныя кампаніі. Мне камфортна ў цішыні, адзін на адзін з кнігай ці з блізкім па духу чалавекам.
– Маеш лепшую сяброўку?
– Так, гэта мая стрыечная сястра Лілія Курак. Яна – мастачка.
А цяпер пытанне да вас, паважаныя чытачы: цікавая дзяўчынка, ці не так?
Гутарыла
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Жители многоквартирного дома по ул.8 Марта в Каменце обратились в редакцию со своей проблемой
-
В Каменецком районе продолжается череда субботников по благоустройству
-
Новый сезон Первой лиги «Нива» начнет домашним матчем с «Днепром»
-
ОГАИ КАМЕНЕЦКОГО РОВД ПРИВЕЛИ СТАТИСТИКУ ДТП В РАЙОНЕ
-
СПЕЦИАЛЬНОЕ ПРОФИЛАКТИЧЕСКОЕ МЕРОПРИЯТИЕ «ДОМ БЕЗ ПОЖАРА»: КАК ЭТО БЫЛО