Сёлетні кастрычнік прынёс Камянеччыне шэраг кадравых назначэнняў. Сярод іншых прыступіла да выканання сваіх абавязкаў новы начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аксана Высагроцкая, якая да гэтага з 2005-га была першым сакратаром райкама ГА “БРСМ”, а з 2015-га ўзначальвала раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Аб асноўных старонках працоўнай біяграфіі Аксаны Аляксандраўны, імкненні дапамагчы кожнаму, хобі і не толькі чытайце ў інтэрв’ю ніжэй.
– Якім было ваша школьнае жыццё?
– Была вельмі актыўнай вучаніцай Навіцкавіцкай школы, натхняльнікам і арганізатарам усіх школьных вечарын! Пісала сцэнарыі, была вядучай, спявала, танцавала. Займалася ва ўсіх магчымых гуртках: макрамэ, вязанне кручком, тэатральны…Але была страх якая няўседлівая – мне патрэбен быў пастаянны рух, адзін занятак хутка надакучваў – і я шукала новы. Выдатніцай не была, але вучылася добра, на ўрокі, прызнаюся, хадзіць не любіла, бо мне там было сумнавата.
– Таму, відаць, і вырашылі пасля школы звязаць сваё жыццё з культурай?
– Менавіта так! Паступіла ў Гродзенскае вучылішча мастацтваў на спецыяльнасць “Арганізатар культурна-дасугавай дзейнасці”. Падчас вучобы ўладкавалася на працу ў ПТВ педагогам-арганізатарам – паспяхова сумяшчала. Скончыла вучылішча з адзнакай, мне прапанавалі застацца ў Гродне, але вельмі моцна цягнула дадому – на малую радзіму. Ведала, што патрэбная на Камянеччыне.
– Дзе ў родным раёне знайшлося прымяненне вашым ведам і навыкам?
– У Хадасоўскім СДК, куды ў 2000-м прыйшла маладым спецыялістам. Завочна паступіла ў БрДУ імя Пушкіна на юрыста. Мая работа заўсёды была звязана з людзьмі. Працавала менеджарам-аператарам МТС, помню, як прыемна было расказваць простым вясковым людзям пра мабільныя тэлефоны, якія толькі-толькі ўваходзілі ў наша паўсядзённае жыццё. Мне ў той час маглі тэлефанаваць кругласутачна. Наогул, прызнаюся, вельмі люблю размаўляць з людзьмі: па тэлефоне, на вуліцы. Родныя часта крыўдзяцца, што я ўвесь час з кімсьці гавару. А мяне ж не спыніш! ( Усміхаецца.)
– Чым стала далейшая ваша работа ў БРСМ?
– Значнай старонкай біяграфіі. 10 гадоў маладосці – лепшыя гады! – прайшлі менавіта з саюзам моладзі. Паездкі, турзлёты і новыя знаёмствы. Маю мноства ўзнагарод і залаты значок БРСМ за працу з моладдзю.
– А потым быў…
– …прафсаюз! Праца ў ім была не менш цікавай і насычанай. Новы віток, новыя напрамкі. Шмат просьбаў і зваротаў паступала ад землякоў. І мне заўсёды хацелася ўсім дапамагчы, працягнуць руку, усіх выслухаць, усім даць шанец. І заўсёды гэта атрымлівалася. Інакш нельга. Бо ўсе мы, як у народзе кажуць, пад Богам ходзім, і тваё дабро да цябе абавязкова вернецца. Сто разоў!
– Як пачуваецеся на новай пасадзе?
– Ведаеце, калі прыйшла на новую працу – у аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, дачка спыта ла ў мяне: “Мама, а ідэалогія – гэта што?” І я задумалася: а сапраўды? Цяпер магу падзяліцца вынікамі тых роздумаў. На маю думку, ідэалогія – гэта, па сутнасці, выха-
ванне як асобнага грамадзяніна, так і грамадства ў цэлым, фарміраванне яго. Калі лічыць тую ці іншую арганізацыю, калектыў сям’ёй, то ідэолаг у ёй – гэта маці, якая вучыць любіць, аддзяляць добрае ад дрэннага, фарміруе каштоўнасці. Увогуле кожны з нас павінен разумець: першае, чаму ён павінен навучыць сваіх дзяцей, – гэта любіць сваю Радзіму.
– Колькі звычайна працягваецца ваш працоўны дзень?
– Выязджаю з дома ў 7.30. І я – той чалавек, які ў 17.00 не зрываецца з работы – люблю працаваць доўга. Упэўнена: новая пасада не перашкодзіць мне і надалей дапамагаць людзям. Як і ў прафсаюзе, мае сэрца і дзверы адчынены для кожнага!
– Якім бачыце ваш ідэальны выхадны?
– Вельмі люблю гатаваць, таму правяла б яго на кухні, каб парадаваць блізкіх
нечым смачным.
Пажадаем Аксане Аляксандраўне поспехаў на новым полі дзейнасці!
Запісала Настасся НАРЭЙКА
Хотите читать актуальные новости Каменца и Каменецкого района первыми?Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/navinykam
Это может быть интересно:
-
Маленькая история семьи Кунц из Новицкович
-
Александр Обламский из Комаровщины — о своей необычной ферме
-
История подводного спецназовца Ивана Хинича из Каменецкого района
-
Тамара Дроздзік з Макарава – пра простую філасофію сацыяльнага работніка
-
История Нины Гаврилюк из Паникв, которая никогда не знала своего отца