Прыгожы наш Каменец са знакамітай старажытнай вежай. Невыпадкова яго абралі месцам правядзення і свята беларускай пісьменнасці, і мінулагодніх абласных “Дажынак”, да якіх абнавілася зона адпачынку са знакам горада і з’явіўся рукатворны фантан… Па выніках рэспуб-ліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў летась наш райцэнтр у сваёй катэгорыі выйшаў у лік пераможцаў, у раённым спаборніцтве першынство заваявала Камянецкая ЖКГ. Але толькі ганарыцца поспехамі ды любавацца прыгажосцю мала. Усё вартае добрых слоў дасягаецца стараннай працай.
У добраўпарадкаванні гарадоў і вёсак наступіў такі перыяд, калі галоўнай прыладай працы стала каса, ці то звычайная літоўка, ці інструмент з рухавічком. У Каменцы з апошняй прыладай у руках зараз шчыруюць камунальнікі. І прыбіральшчыкі вуліц выходзяць на свае ўчасткі на досвітку. Па Брэсцкай, ля вежы, брацкай магілы, у скверы з фантанам – прыгажосць, чысціня, трава падкошана, радуюць кветкі… І ўся вуліца Пагранічная, такая ж доўгая, абкошана.
– Малайцы камунальнікі, – зазначыла гаспадыня дома, што на вуглу Пагранічнай і Падрэчнай, – скасілі ля ажурнай агароджы траву, якая падсохла, я яе згрэбла…
Ідзем далей. За прадуктовым магазінам неўзабаве ад Пагранічнай ідзе ўлева вуліца імя Горкага. Дзе хто падкасіў траву, а вось за домам №2 (там, відаць, ніхто не жыве), ля плоту – крапіва да пояса. Між іншым, за плотам – градкі з цыбуляй, бульбай… Назад вяртаемся праз вуліцу 9 Мая. Назва адметная, а вось вуліца – убогая з выгляду, уся ў калдобінах, з лужынамі, там ля платоў ніхто, пэўна, і не думае касіць, прыклад паказалі толькі двое гаспадароў.
На павароце вуліцы Праскоўі Дзмітрук у бок Навіцкавічаў, ля пахіленых рэшткаў плоту, – суцэльныя зараснікі. Супраць іх – яшчэ не стары, добрага выгляду дом №35. Відаць па ўсім, што ў ім няма жыльцоў. Але ж уласнікі, пэўна, ёсць.
Калі мы сапраўдныя гаспадары сваіх сядзіб, дамоў, дач, пэўна, не павінны разлічваць толькі на камунальную службу… Нейкі парадокс атрымліваецца: знесці павалены плот нельга – чужое; але калі яно тваё, чаму ж кінуў на волю лёсу? Не ў захапленні ад убачанага вяртаемся па вуліцы Падрэчнай і завулку з аднайменнай назвай, бо і там – адзін бур’ян. Між іншым, ля самой рэчкі гэта ўжо быццам і да месца – стыхія, улюбёнае месца баброў. А там, дзе агароджа, ці драўляная, ці ажурная з больш трывалых матэрыялаў – сапраўднымі гаспадарамі павінны быць людзі, якія там жывуць. Ці не так?
Георгій ПАРАФЯНЮК.
Мікола ШУМ (фота).
Это может быть интересно:
-
Реорганизация каменецкого райбыткомбината завершилась
-
Чем заняться в Высоком на пенсии?
-
Срок действия некоторых медицинских справок изменился в Беларуси
-
«Вогненныя вёскі. Нельга забыць». За гады акупацыі ў Белавежскай пушчы перасталі існаваць 80 вёсак
-
Что делать, если подруга молчит о насилии в семье?