Ад мандарынаў да лістоў шыферу… Чым сёння жыве магазін у вёсцы?

Сённяшняя загадчыца магазіна тавараў паўсядзённага попыту ў Мартынюках Святлана Калянюк нарадзілася ў Паўднёва-Сахалінску (Расія), але воляю лёсу напачатку новага тысячагоддзя (у 2000-м) разам з бацькамі пераехала ў Дварцы, што на Камянеччыне.

З ранняга дзяцінства ведала: стане прадаўцом, ахвотна гуляла з сяброўкамі ў “магазін”, а падчас наведвання сапраўднага глядзела на ўсё навокал зачараванымі вачамі. “Касавы апарат тады проста заварожваў мяне”, – з усмешкай успамінае яна.

Пасля заканчэння СШ №1 Каменца прый­шла ў райспажыўтаварыства прасіць мэтавае накіраванне і паступіла з ім у Ба­ранавіцкі прафесійна-тэхнічны каледж сфе­ры абслугоўвання, які скончыла з чырвоным дыпломам. Першым месцам працы маладога спецыяліста стаў магазін у Каменцы, і работу Святлана Аляксееўна паспяхова сумяшчала з далейшым навучаннем у Брэсцкім гандлёва-тэхніч­ным каледжы.

Выйшла замуж, быў першы дэкрэтны водпуск, потым – другі. У Каменцы сям’і даводзілася здымаць жыллё, але душа прасіла свайго ўтульнага дома. З цягам часу яго прыдбалі ў Прусцы Валгіновай. А недалёка ад новага жылля знайшлася і работа для Святланы Калянюк. У 2016-м пачала працаваць у Мартынюках на палову стаўкі, праз год заняла поўную. І з той пары шчыруе над тым, каб магазін радаваў пакупнікоў. Таваразварот тут, дарэчы, з моманту прыходу новай загадчыцы вырас у 4 разы! І асартымент значна пашырыўся. У магазіне тавараў паўся­дзённага попыту можна набыць і разнастайныя прадукты харчавання (хлеб, на­прыклад, выключна камянецкага хлебазавода – падтрымліваем сваё!), і тавары прамысловай групы на любы густ (ад мыйных сродкаў да тазікаў і электрычных плітак).

Ёсць “Куток школьніка” і – патрэба апошняга часу – “навагодняя” палічка (салод­кі падарунак, напрыклад, каштаваў тут ад 5 да 10 рублёў, прычым 10-рублёвы важыў больш за 1,5 кг). На касе адразу кіда­юц­ца ў вочы маскі, якія апошнім часам сталі пастаяннымі элементамі нашых гардэро­баў (у продажы – адна- і шмат­разовыя).
Фарміруючы асартымент, Святлана Аляк­сееўна арыентуецца на густы і патрэбы сваіх пакупнікоў, якія даўно дасканала вывучыла, прымяняючы індывіду­альны падыход. “Ведаю, хто якую каў­бас­ку любіць, каму які пральны парашок больш даспадобы”, – расказвае яна. А яшчэ – ах­вотна прымае заказы. Такім чынам можна займець і буйнагабарытныя рэчы: хала­дзіль­ныя камеры, лісты шыферу, іншыя бу­даўнічыя матэрыялы (такія выпадкі былі).

Паўплывала на пашырэнне спісу тава­раў і нядаўняе далучэнне Камянецкага райспажыўтаварыства да Брэсцкай між­раённай гандлёвай базы. Увесь наш раён цяпер падзелены на ўчасткі і за кожным замацаваны начальнік. Свайму – Таццяне Міхайлаўне Жук – Святлана Калянюк шчыра дзякуе за дапамогу і падтрымку.
Не абыходзіцца ў магазіне ў Мартынюках і без акцый, што таксама прыемна. Прычым, кожны месяц новая! Так, перад Новым годам мандарыны тут каштавалі 3,24 руб. за кг. Былі на зніжках таксама і сокі. Святлана Аляксееўна вывучае попыт і кожны раз з улікам яго выбірае тавары са спісу акцыённых.
Не за гарамі вясна, таму хутка з’явяц­ца на паліцах яркія пакецікі з насеннем і цыбулька-сявок.
Увогуле ж гэтымі зімовымі днямі па пакупкі сюды штодзень завітваюць па 40-50 чалавек (улетку – больш).

Магазін – гэта цэнтр вёскі, яго “сэрца”, – слушна заўважае Святлана Аляк­сееўна. – Сюды ідуць не толькі нешта купіць, але і сустрэцца з аднавяскоўцамі, пагутарыць, абмяняцца навінамі…
Калі пытаюся пра якасці, якімі абавязаны валодаць чалавек, што працуе ў сфе­ры гандлю, загадчыца мартынюкоўскага магазіна называе вялікае цярпенне, жаданне працаваць і добразычлівасць. І ёй, на маю думку, іх пазычаць дакладна няма патрэбы! З гэтым згодзяцца і жыхары Мартынюкоў. Напрыклад…

Кацярына СКРОЦКАЯ:
– З упэўненасцю скажу, што за час работы Святланы Калянюк асартымент змя­ніўся каласальна! Магазін проста не паз­наць! Тут ёсць усё. Калі нешта і не зной­дзецца, прадавец абавязкова закажа: так было з асобным відам дзіцячай кашкі, які я папрасіла. Святлана Аляксееўна вельмі добразычлівы, просты, ветлівы чалавек. Дзякуй ёй вялікі за работу!
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Віталія ДУЛЕВІЧА.