Два тыдні таму з валізкай незабыўных уражанняў вярнулася з Балгарыі, дзе адпачывала на беразе Чорнага мора. Выбар зрабіла ў красавіку з дапамогай адной з брэсцкіх турфірмаў. А на пачатку чэрвеня ўжо атрымала аднаразовую балгарскую візу, якая абышлася мне ў 60 еўра. Той, хто мае “шэнген”, у больш выгадным становішчы.
Дарога ў адзін бок на “Неаплане” заняла амаль 30 гадзін. Пасажыры-турысты самага рознага ўзросту: ад 5-і да 65-і гадоў. Аўтобус не новы, але даехалі без прыгод, вось толькі кандыцыянер падводзіў. Найбольш часу прастойвалі ў пунктах пропуску паміж дзяржавамі, асабліва доўга, да дзвюх гадзін, затрымаліся на ўкраінска-румынскай граніцы. Час у дарозе не лічу марна патрачаным, бо і праз акно аўтобуса любавалася новымі для мяне пейзажамі, асабліва цікавыя краявіды і архітэктура паўднёва-заходняй Украіны, Румыніі, упершыню ўбачыла велізарныя вінаграднікі… Нас суправаджала прадстаўніца турфірмы, да якой можна было звярнуцца з пытаннямі. Яна ж гатавала нам чай, не забыла сабраць і грошы непасрэдна за паслугі турыстычнай фірмы. Яны ацэнены ў 380 тысяч беларускіх рублёў з кожнага. Да ад’езду, у Брэсце, аплаціла кошт медыцынскай страхоўкі – 8 долараў ЗША ў эквіваленце. А за нумар у гатэлі (тры зоркі) разлічылася ўжо на месцы – 170 еўра за 12 сутак. Не так і дорага, хоць у тую суму не ўваходзяць ні сняданак, ні вячэра.
Для турыстаў прапануецца шмат экскурсій. Ды і сам Нясэбр, які дзеліцца на стары і новы горад, захаваў нямала цікавага са сваёй багатай гісторыі. Тут многа цэркваў, большасць веруючых балгар – праваслаўныя. Яркасцю ўразіла этнаграфічная вёска, дзе нас сустрэлі хлебам-соллю, тутэйшым фальклорам, частавалі баршчом з фасоляй. Мова і культура балгар вельмі блізкія да нашай, таму разумеліся без праблем. А сярод турыстаў найбольш расіян і англічан. Вабяць сюды залатыя пяскі пляжаў, мяккі клімат, невысокія цэны. Апошняе больш датычыць паслуг і адзення, бо ў разгар турыстычнага сезона кошт фруктаў і агародніны на рынку такі ж, як і ў нас на пачатку лета. Але які выбар! На турыстаў разлічаны і гандаль садавіной да паўночы.
Харчаванне можна выбіраць на свой густ і кашалёк, тым больш, што кафэ, рэстаранчыкаў і бараў дастаткова. І на талеркі накладваюць вельмі шчодра. Таму мы з сяброўкай бралі дзіцячыя порцыі. Добра паабедаць можна за 30 тысяч беларускіх рублёў. Вячэра ў рэстаране з белым віном, шампіньёнамі і іншым на дваіх абышлася ў 120 тысяч. Вельмі спадабаліся супы па-балгарску, салата шопская з белым сырам. Мяса і рыбу там гатуюць на грылі. Я кандытар, таму звяртала ўвагу на “свой” асартымент, прыйшла да высновы, што наша “кандытарка” больш натуральная і смачная, а вось з афармленнем і ўпакоўкай мы адстаём.
Найбольш часу праводзілі на пляжы, які намнога больш чысты, чым на крымскім узбярэжжы таго ж Чорнага мора. Кожную раніцу ўборка пляжа: збіраюць нават каменне, якое хвалі выносяць на бераг. Дарэчы, наведванне пляжа – бясплатнае. Калі ж пажадаеце парасон, рыхтуйце 4 еўра, шэзлонг – яшчэ 4 еўра.
А вось на вясёлую вячэрнюю дыскатэку тут разлічваць не прыходзіцца. З невялікага, ціхага Нясэбра мы з сяброўкай некалькі разоў ездзілі аўтобусам – недалёка, 5 прыпынкаў – на Сонечны Бераг. Гэта вядомы курортны комплекс, дзе шмат забаўляльных устаноў. Там на адной з маладзёжных дыскатэк і пазнаёміліся з украінскімі дзяўчатамі і юнакамі. Цяпер перапісваемся.
Марыла ўбачыць славутыя ружавыя плантацыі. Але яны – у сярэдняй частцы краіны, з цэнтрам вытворчасці ружавага алею ў Карлаве. Аднак знакамітая балгарская ружа вельмі часта нагадвае пра сябе ў россыпах сувеніраў, сродках касметыкі і гігіены.
З надвор’ем нам пашанцавала, хоць і лічыцца, што чэрвень на чарнаморскім узбярэжжы Балгарыі – дажджлівы. Толькі два дні неба плакала кароткімі цёплымі дажджамі. Але мора трэба бачыць ў любое надвор’е – настолькі яно рознае.
Калі вярнуліся дадому, даведалася, што ў Сафіі праходзяць дэманстрацыі пад лозунгамі з сацыяльнымі патрабаваннямі. Сталіца – на захадзе краіны, дзе сканцэнтраваны прамысловыя прадпрыемствы, а ўсходняя сухапутная граніца – бераг Чорнага мора, курортны рэгіён, дзе чакаюць турыстаў і куды не далятае рэха дыскусій на плошчах. Нам там рады, хоць мы і не самыя “денежные” госці. Калі ёсць жаданне і магчымасць падарожжа, не варта праводзіць водпуск на канапе – паедзьце хоць бы ў блізкую да нас ва ўсіх сэнсах слова Балгарыю…
Уражанні Вольгі ЖУК
занатавала Галіна НОВІК.
Это может быть интересно:
-
Республиканский профсоюзный правовой прием граждан состоится 27 февраля
-
Здоровье — наша главная ценность: в СШ №2 г. Каменца прошла информационно-образовательная акция
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
О ремонтах в ЦРБ и поставках нового медоборудования рассказали в Брестском облисполкоме
-
Мастер-классы для будущих художников и музыкантов прошли в Каменце