Адно неба на дваіх

Лёсы Кямала Мамедава з Азербайджана і Ані Сірацюк з Беларусі (пасёлак Белавежскі) падобныя: абое ў выніку дарожных аварый сталі інвалідамі першай групы. Нягледзячы на прыкаванасць да інвалідных крэслаў, яны знайшлі прымяненне сваім ведам і ўменням, атрымалі адукацыю, займаюцца танцамі, становяцца прызёрамі і пераможцамі спаборніцтваў самага высокага ўзроўню. Дарэчы, у іх ёсць сумесны міжнародны, беларуска-азербайджанскі, танец у пастаноўцы Ані. Аб’яднала іх і яшчэ адна падзея – сапраўды гераічны ўчынак: 28 ліпеня яны па чарзе здзейснілі скачкі з парашутам у пары з інструктарам. Адбылося гэта ў аэраклубе Баравая пад Мінскам. У небе развяваліся два нацыянальныя флагі – Беларусі і Азербайджана. Скачкі прысвячаліся Году спорту ў СНД і Прэзідэнтам дзвюх краін. Як зазначыла ў размове Аня, цікавасць і жаданне паспытаць свае сілы заглушылі страх. Яе запаветная мара – адчуць зямное прыцягненне ў вольным падзенні – ажыццявілася, дзякуючы Кямалу, які займаўся арганізацыйнымі пытаннямі, і аэраклубу, што падарыў маладым людзям ні з чым не параўнальныя адчуванні.

Валянціна БАЧАЙ.

Добавить комментарий