Адкрыты дыялог, прысвечаны выбарнай сістэме Беларусі, прайшоў для моладзі ў Белавежскай пушчы

Дзявятага лістапада ў актавай зале Музея прыроды ў Нацыянальным парку “Белавежская пушча” адбыўся адкрыты дыялог, прысвечаны выбарчай сістэме як паказчыку развіцця дэмакратычнага грамадства і асаблівасцям арганізацыі і правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 8-га склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў 29-га склікання.

Слухачамі і, вядома, актыўнымі ўдзельнікамі дыскусіі сталі члены Маладзёжнага парламента, створанага пры Камянецкім раённым Савеце дэпутатаў, і моладзь, што працуе ў Нацпарку. Чаму менавіта такая аўдыторыя была абраная для сустрэчы? На гэта пытанне адказала, адкрываючы мерапрыемства, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аксана Высагроцкая:

– Мы знаходзімся сёння на старце выбарчай кампаніі. Яна ў палітычнай гісторыі краі ны будзе вызначальнай: упершыню згодна з новай рэдакцыяй Канстытуцыі мы будзем адначасова выбіраць дэпутатаў усіх узроўняў… Мы бачым, што на выбарчыя працэсы, якія праходзяць у Беларусі, накіравана ўвага нашых нядобразычліўцаў. Іх хочуць выкарыстаць як трыгер для дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне. Асабліва гэта датычыцца самай маладой часткі насельніцтва. Мы павінны вас засцерагчы…

З мэтай расказаць аб тым, як у адпаведнасці з законам вядзецца ў нашай краіне падрыхтоўка да выбараў (адзіны дзень галасавання – 25 лютага 2024 г.), да моладзі прыйшлі эксперты: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Нігерыш і намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Шпак.

 

Жанна Уладзіміраўна, выступаючы першай, расказала аб тым, хто такі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, як ён удзельнічае ў працэсе законатворчасці, што здаецца простым толькі на першы погляд, і на што можа ўплываць асабіста, імкнучыся дапамагчы людзям:

– Дэпутаты не пракладваюць дарогі самі, яны садзейнічаюць іх уключэнню ў праграму “Дарогі Беларусі”. Не будуюць дзіцячыя садкі, а ўпэўніваюць зацікаўленыя структуры, што менавіта ў іх выбарчай акрузе ўжо сёння патрэбна ўстанова дашкольнай адукацыі.

У якасці станоўчага прыкладу такога падыходу да работы дэпутат прывяла добраўпарадкаванне Высокага, якое атрымалася ажыццявіць, прыцягнуўшы ў горад рэсурсы дзякуючы рашэнню правесці менавіта ў ім абласныя “Дажынкі”.

Жанна Стаціўка расказала таксама і пра ўласны дэпутацкі шлях (у 2 скліканнях), зазначыўшы, што прыйшла ў Парламент са сферы сацыяльнай абароны і свядома выбрала для далейшай работы камісію па працы і сацыяльных пытаннях, каб як практык, спецыяліст у сваёй галіне прынесці большую карысць. Акрамя таго, яна пазнаёміла слухачоў з асаблівасцямі арганізацыі і правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 8-га склікання, што адбудуцца ў 2024-м.

З залы паступілі два пытанні. Першае тычылася законапраектаў, у рабоце па ўнясенні змен і дапаўненняў у якія дэпутат прымала непасрэдны ўдзел. Жанна Уладзіміраўна назвала ў гэтай сувязі закон аб сацыяльным абслугоўванні, Працоўны кодэкс, закон аб аб’яднаннях наймальнікаў, закон аб страхавой дзейнасці і інш.

На другое пытанне “Чым кіравацца таму, хто першы раз прыйдзе на выбары ў наступным годзе?” Жанна Уладзіміраўна адказала лаканічна:“Выбарчым кодэксам і інфармацыяй СМІ”.

Наступнай да мікрафона запрасілі Ірыну Нігерыш, якая пазнаёміла слухачоў з асноўнымі прынцыпамі работы дэпутатаў раённага Савета і мясцовых Саветаў дэпутатаў (аднаго гарадскога і 13 сельскіх), а таксама прывяла паказальны прыклад.

Так, у снежні 2018 года дэпутаты агульнымі намаганнямі склалі звод самых актуальных праблем, з якімі ідуць да іх людзі. Пунктаў у спісе было нямала – 178. Па кожным з іх былі дадзены даручэнні адпаведным службам, і ў выніку на сёння з тых праблем вырашаны 170.

– Такім чынам выкананы нашы абяцанні, дадзеныя людзям, – зрабіла выснову Ірына Іванаўна. – Дэпутату абавязкова патрэбна ўмець слухаць, пайсці насустрач чалавеку, які звярнуўся па дапамогу. А калі дапамагчы, на жаль, немагчыма, патрэбна растлумачыць яму, чаму склалася менавіта так. Гэта галоўнае ў нашай дэпутацкай рабоце.

У сваім выступленні старшыня райсавета дэпутатаў закранула таксама тэму арганізацыі і правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, акрэсліла спосабы вылучэння кандыдатаў у дэпутаты і заклікала моладзь цікавіцца будучай электаральнай кампаніяй, думаць і разважаць, каб зрабіць свой выбар.

 

Арганізацыйныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і мясцовых Саветаў дэпутатаў сталі тэмай выступлення наступнага ўдзельніка дыялога Дзяніса Шпака. Ён расказаў маладым людзям пра фарміраванне выбарчых акруг, падчас якога ў нашым раёне арыентаваліся на колькасць выбаршчыкаў, што прагаласавалі на рэферэндуме 2022 года.

Так, на выбарах у Палату прадстаўнікоў, згодна з законам, ствараецца 110 акруг (мы ўсім раёнам уваходзім у Белавежскую выбарчую акругу №8). Калі гаварыць пра выбары ў Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў, то там акруг 48, і Камянецкі раён падзелены на дзве: у Жабінкаўскую №22 увайшлі Пелішчанскі і Відамлянскі сельсаветы, у Камянецкую №23 – увесь астатні раён. Для выбараў у раённы Савет дэпутатаў створаны 28 акруг, у гарадскі Савет у Высокім – 15, па сельскіх – ад 5 да 7. Сярэдняя колькасць выбаршчыкаў на акругу ў Камянецкім раёне – 892 чалавекі.

Далей Дзяніс Іванавіч расказаў пра стварэнне камісій, якія будуць падводзіць вынікі выбараў, растлумачыў, як можна стаць кандыдатам у дэпутаты, закрануў магчымасць галасавання дома і датэрміновае галасаванне (дарэчы, не менш за 50% жыхароў раёна заўсёды галасуюць датэрмінова), а таксама параіў з усімі пытаннямі, што могуць узнікнуць падчас галасавання, звяртацца да членаў участковых камісій, якія абавязкова дапамогуць.

 

Інфармацыі падчас адкрытага дыялогу маладыя людзі атрымалі сапраўды многа. І каб праверыць, ці добра яна засвоілася, слухачам прапанавалі далучыцца да інтэлектуальнай гульні “PROВыбары”, арганізатарамі якой сталі аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама і райкам ГА “БРСМ” (першы сакратар – Лізавета Басалай).

Раздзяліўшыся на 5 каманд, хлопцы і дзяўчаты адказвалі на пытанні пра будучыя выбары і пазнавалі па фота сённяшніх дэпутатаў розных узроўняў. Пасля падвядзення вынікаў з 3 месцам віншавалі каманду “Зубры”, з другім –“Выбаршчыкаў”, а пераможцай стала каманда “Маладзёжны парламент”. Усе прызёры атрымалі граматы.

З дапамога гульні веды па выбарчым праве, безумоўна, замацуюцца лепш!

Настасся НАРЭЙКА

 

Хотите читать актуальные новости Каменца и Каменецкого района первыми?Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке  https://t.me/navinykam