Адзін дзень на ўборцы

P80689366 жніўня старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК

Ірына Дуднікава і карэспандэнт “Навін” наведалі “Агра-Турну”, “Агра-Зарэчча”, “Хадасы” і “Каленкавічы”.

Першымі ў раёне завяршылі ўборку зерневых і зернебабовых (без уліку позніх культур) у ААТ “Агра-Турна”. Туды і накіраваліся ў першую чаргу, каб павіншаваць хлебаробаў з маленькай перамогай, тым больш, што ёсць тут сярод вадзіцеляў тысячнікі. На адвозцы зерня ад камбайнаў першае месца ў гаспадарцы заняў Іван Сцельмашук, на рахунку якога 1140 тон зерня плюс 270 тон рапсу. Пасля віншаванняў і шчырых пажаданняў далейшых перамог перадавік крыху расказаў пра сябе, а таксама падзяліўся некаторымі сакрэтамі добрай працы: “Прыйшоў у гаспадарку пасля арміі ў 1982 годзе. Я адсюль родам, таму не ўзнікла пытанняў, куды пайсці працаваць. Адразу сеў за руль бензавоза… Апошнія 12 гадоў шчырую на МАЗе. Амаль кожны год займаю першыя месцы на перавозцы зерня. Як дасягаць высокіх вынікаў? Ды ўсё вельмі проста: самае галоўнае – узаемаадносіны ў калектыве. Калі не будзе ўзаемнай павагі, то ні аб якіх станоўчых выніках і гаварыць не прыйдзецца. Нездарма, відаць, існуе прымаўка “Стаўся да чалавека так, як хочаш, каб ён ставіўся да цябе…”

Далей мы накіраваліся ў ААТ “Агра-Зарэчча”, бо сюды на дапамогу гаспадарцы прыехаў другі лідар з “Агра-Турны” – Аляксандр Салавей. Ён – таксама тысячнік, таму – і яму падарунак і пажаданні поспехаў.

Як пісала раёнка, райкам прафсаюза сёлета ўвёў некалькі новых намінацый, адна з якіх – “Жанчына на ўборцы”. Менавіта ў “Агра-Зарэччы” ёсць такая намінантка, а калі быць больш дакладнай, то іх дзве: Ірына Яршова і Святлана Шумік, якія шчыруюць у памочніках сваіх мужоў Ігара і Васілія адпаведна. У Ірыны Сяргееўны гэта ўжо пятая ўборка побач з любым мужам, а ў Святланы Афанасьеўны – другая. Вось хто дакладна ведае, што муж рабіў цэлы дзень…

У суседніх “Хадасах” – дзяўчына, якая ўжо шосты (!) год дапамагае свайму татку на ўборцы. Гэта – Ганна Сазонава. У паўсядзённым жыцці яна – сакратар-юрыст СВК “Хадасы”. Але вось калі прыходзіць жніво, дзяўчына мяняе кабінет у адміністрацыйным будынку гаспадаркі на цесную кабіну камбайна. На маё пытанне, чым прываблівае такая незвычайная для жанчыны праца, сціплая дзяўчына шчыра адказала: “Падабаецца мне карысць радзіме прыносіць…” Ведаеце, мабыць, заста­ліся яшчэ тыя, хто і “и коня на скаку остановит, и в горящую избу войдёт”…

Вось тут хочацца зрабіць маленькае лірычнае адступленне для некаторых мужчын: і не сорамна вам пралежваць бакі на канапе, калі жанчыны шчыруюць у полі на камбайне?

Апошнім пунктам нашай паездкі 6 жніўня стала ААТ “Каленкавічы”. Тут сваіх узнагарод прычакалі Аляксандр Максімук і Васілій Якавук, якія, са словаў дырэктара таварыства Віктара Мазько, з’яўляюцца лепшымі і, галоўнае, адказнымі вадзіцелямі. На ліку мужчын не адна сотня тон перавезенага зерня.

Ведаеце, хоць цэлы дзень і не правяла ў кабіне камбайна ці грузавога аўтамабіля ў 35-градусную спёку, але ўсё ж такі адчула на сабе ўсю “прывабнасць” жніўнай гарачай пары. Магу сказаць адно: трэба абавязкова выдаваць медалі “за трываласць” тым людзям, якія заняты на ўборцы зранку да ночы!

Наталля ГРЫЦУК.

P8068908P8068922P8068950P8068973

Добавить комментарий