У некалькіх кіламетрах ад Чвіркоў, сярод лесу, пад высачэзнымі дрэвамі схавалася ад свету хата, сцежкі вакол якой пратаптаны хутчэй звярамі, чым людзьмі. У наваколлі гэты хутар ведаюць як кардон (так называюць лясную варту, ахову запаведніка).
Пра яго існаванне не так даўно даведалася з пісьма нераўнадушнай брастаўчанкі Вольгі Ледзянец, якое даслала ў рэдакцыю: у час прагулкі па лесе яна выпадкова натрапіла на лясную хаціну, якую, здавалася, людзі пакінулі з паўвека назад. І як жа была ўражана аўтарка пісьма, калі ўбачыла, што тая хата… жылая, што там жыве немаладая жанчына. “Как же так? Неужели никто не видит? Это можно сравнить только с Агафьей Лыковой в российской тайге…»
Пры выпадку, з дапамогай падказак чвіркоўцаў, адшукалі гэты кардон, які сапраўды не можа не ўразіць сваім нежылым выглядам. Праўда, ад тых жа чвіркоўцаў ужо ведалі, што ў гэтай леснічоўцы, якая некалі была дзвюхкватэрнай, у 70-я гады жылі дзве сям’і пушчанскіх работнікаў. Пазней палова будынка была разабрана і вывезена, а жыхарцы другой паловы дома, Вользе Радыванюк, якая на той час ужо аўдавела, ад Нацпарка было прапанавана іншае жыллё. Згоды на пераезд яна не дала. Некалькі гадоў назад прапаноўвалі пакой у інтэрнаце… Цяпер да яе на кардон найчасцей наведваюцца хіба што супрацоўнікі пошты, якія прывозяць газету, а заадно і прадукты, калі па мабільніку аб тым папросіць 70-гадовая гаспадыня ляснога хутара. Пенсію яна зарабіла, бо працавала і ў калгасе, і санітаркай у раённай бальніцы. Дзіву даешся, як дабіралася на работу ў Каменец…
Яе дома не засталі. І аб прысутнасці чалавека ў гэтай мясціне нішто не нагадвала. Як і аб тым, што яшчэ з год назад на так званым падвор’і Вольга Макараўна мела карову. Толькі шэры каток жаласліва мяўкаў на драўляным парозе ў чаканні гаспадыні. Мы ж яе не дачакаліся, хоць у лясным паўзмроку ля хаты правялі з паўгадзіны, імкнучыся ўявіць жыццё-быццё жыхаркі гэтай “заімкі”, асабліва зімою. Адзіны абнадзейваючы факт – тое, што побач з хатай электралінія.
Праз некалькі дзён ад супрацоўніцы раённага цэнтра эпідэміялогіі і гігіены Яўгенні Дзенісенка даведалася, што тыдні два назад, пасля скаргі жыхаркі гэтага хутара Вольгі Радыванюк на дрэнную якасць вады ў калодзежы, да яе на кардон разам з прадстаўніком санстанцыі ў чарговы раз наведаўся і старшыня Дзмітровіцкага сельвыканкама Вячаслаў Русакевіч. Мэтай візіту была не толькі вада (з прычыны безнадзейна занядбанага калодзежа пітную ваду на хутар цяпер дастаўляюць работнікі Бялянскага лясніцтва), але і спроба яшчэ адных перамоў з гаспадыняй хутара аб перасяленні да дзяцей, якіх у яе трое, ці афармленні на сацыяльны ложак у Дзмітровіцкую бальніцу, хоць бы на зіму. Але ў адказ зноў пачулі катэгарычнае “не”.
З першых слоў размовы з Вячаславам Русакевічам, які не так даўно працуе ў сельсавеце, зразумела, што гэтая праблема яму добра знаёмая. І прапанова наконт сацыяльнага ложка далёка не першая. Праз інстанцыі адшукаў адрасы дзяцей Вольгі Макараўны. “А добраўпарадкаваць старую хату, збудаваць вадзяную калонку і нанова стварыць у лесе сядзібу – хто за гэта возьмецца,” – рытарычным пытаннем старшыні сельскага Савета ці не скончылася наша размова. У дадатак падзяліўся ўласным, на крайні выпадак, бачаннем рашэння праблемы. Аб асаблівасцях характару пажылога чалавека, які шмат гадоў жыве адзін, ён добра ведае.
У тэрытарыяльным цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва таксама ведаюць аб праблемах жыхаркі пушчанскага кардона, не раз вазілі ёй рэчавую “гуманітарку”, накіроўвалі да яе работніка, каб пасек дровы, звязваліся з дзецьмі, якія быццам бы не супраць забраць маці да сябе, але “лясному” чалавеку ўжо нязвыкла пад адным дахам з іншымі, хай сабе і роднымі, людзьмі…
Адказны за нерухомасць Нацпарка Анатоль Дземянчук патлумачыў, што так званая леснічоўка значыцца на балансе як жылы дом, пабудаваны ў 1959 годзе, і цяпер адбываецца працэдура яго рэгістрацыі з мэтай, як плануецца, перадачы на баланс ЖКГ праз рэспубліканскі камітэт па маёмасці. Паколькі ад той звесткі пакуль ні цёпла, ні холадна, пацікавілася: могуць сёння прапанаваць дзе-што з пустуючага жылля для той жа Вольгі Макараўны Радыванюк? Даволі казённы адказ: “Няхай бы напісала заяву на адрас жыллёвай камісіі” кампенсавала больш-менш канкрэтнае: “Хутчэй за ўсё, прапануем у Дзмітровічах”. Але ж, чарговая зіма на нашым парозе…
Ведаючы няпросты характар Вольгі Макараўны, да размовы з ёю падрыхтавалася, хацела і спытаць: чаму не ідзе да людзей, чаму рызыкуе жыццём на скрыжаванні сцежак пушчанскіх дзікоў? Аднак яе мабільны тэлефон ужо некалькі дзён адказвае мелодыяй недаступнасці…
Галіна НОВІК.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
На ферме в Кунаховичах Каменецкого района зарплата более 3 000 рублей
-
По результатам проверки мерами прокурорского реагирования восстановлены трудовые права работников сельскохозяйственного предприятия
-
Турнир по волейболу и соревнования по пулевой стрельбе и гиревому спорту памяти Василия Игнатюка прошли в Новицковичской СШ
-
Республиканский профсоюзный правовой прием граждан состоится 27 февраля
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе