Сімпатычная выпускніца з такім незвычайным іменем пакідае сёлета сцены роднай Пагранічнай сярэдняй школы. Перад ёй – вялікія дарогі, вялікія планы і дасягненні. Давайце разам з Рэнатай Баднарчук азірнёмся на 11 школьных гадоў, што праляцелі, як імгненне. Якімі яны былі?
Рэната нарадзілася ў Пагранічнай і рэдкім іменем абавязана арыгінальнасці сваіх бацькоў. Спярша, праўда, мама Людміла Мікалаеўна хацела назваць дачушку Алесяй, але тата Міхаіл Іванавіч выступіў супраць, адбыліся перамовы, і ў выніку бацькі пайшлі на кампраміс.
На той год, калі Рэната першы раз села за школьную парту, прыпаў рамонт з мадэрнізацыяй у Пагранічнай СШ, таму ў 1 і 2 класах дзяўчынка вучылася са сваім класам у будынку Раснянскай школы, куды часова пераехала яе школа. І сёння ў святочнай сукенцы са стужкай выпускніка праз плячо яна выйшла насустрач карэспандэнту “НК” з абноўленага памяшкання школы, дзе 29 мая для яе прагучаў апошні званок.
– Ад яго засталіся выключна станоўчыя эмоцыі, – успамінае Рэната. – Было таксама і крыху сумна, бо дзяцінства скончылася, наперадзе – дарослае жыццё. Вось такія змешаныя атрымаліся пачуцці…
У дзень нашага прыезду ў госці да Рэнаты яна здала першы свой школьны экзамен па рускай мове. На дзявятку.
Калі пытаюся ў Рэнаты пра любімыя школьныя прадметы, яна называе нямецкую мову, грамадазнаўства і гісторыю. З мовай Гётэ і Шылера ў дзяўчыны асаблівыя адносіны:
– Мне заўсёды падабалася вывучаць замежныя мовы! Мне шанцавала на добрых настаўнікаў па гэтым прадмеце. Калі ж нямецкую ў мяне пачала выкладаць Жанна Іванаўна Аўдзей, я зразумела, што мне хочацца звязаць будучую прафесію менавіта з гэтым прадметам.
Ёсць нямецкая мова, вядома ж, і сярод прадметаў, якія Рэната будзе здаваць на ЦТ. Дададзім яшчэ рускую і гісторыю Беларусі – атрымаецца формула поспеху для тых выпускнікоў, якія, як мая суразмоўніца, паступаюць на факультэт замежных моў БрДУ імя Пушкіна.
Да тэсціравання па замежнай мове Рэната рыхтуецца са ўсім стараннем: выконвае тэсты, займаецца ў школе з настаўнікам, ходзіць да рэпетытара, а дома слухае песні на нямецкай мове, чытае кнігі нямецкіх аўтараў у арыгінале, трэніруецца ўспрымаць мову на слых (аўдзіраванне) і развівае бегласць свайго маўлення. Акрамя таго, дзяўчына ўжо паспрабавала свае сілы на рэпетыцыйным тэсціраванні – вынікам задаволена.
Ёсць у скарбонцы нашай выпускніцы і поспехі ў разнастайных канферэнцыях ды алімпіядах. Так, у канферэнцыі “З навукай у будучыню” з работай, прысвечанай пагранзаставе імя Барсукова, што недалёка ад Пагранічнай, Рэната заняла 2 месца. А сёлета гэта работа атрымала 1 месца краязнаўчага конкурсу. Добра праявіла сябе дзяўчына і на алімпіядах па грамадазнаўстве: 2 і 1 месцы, а таксама – у міжнародным конкурсе па замежных мовах “Лінгвісцёнак”.
На працягу ўсіх гадоў навучання ў школе Рэната была актыўнай удзельніцай практычна ўсіх мерапрыемстваў, нярэдка выступала ў ролі канферансье. Ездзіла на спаборніцтвы па баскетболе, і каманда займала прызавыя месцы.
Цяпер вольнага часу ў выпускніцы няшмат, таму пра хобі давялося часова забыць. А іх нямала. Тут і маляванне (здольнасці Рэнаце перадаліся ад мамы), і праслухоўванне музыкі, і вышыўка крыжыкам (прыгожую жабку, вышытую ў падарунак на дзень нараджэння, мама выпускніцы захоўвае з асаблівым трапятаннем), і бісерапляценне (навучылася падчас урокаў працоўнага навучання), і сустрэчы з сябрамі (іх – невялікае кола, але ўсе вартыя; лепшая сяброўка Рэнаты – 10-класніца Марыя Прохарава), і чытанне (дзяўчыну больш за ўсё кранаюць кнігі ваеннай тэматыкі).
– Якія тры кнігі пра вайну павінен прачытаць, на тваю думку, кожны адукаваны чалавек?
– Тыя, што ў школьнай праграме. “А зори здесь тихие” Барыса Васільева, “Сотнікаў” і “Знак бяды” Васіля Быкава. Быкаў увогуле любімы мой пісьменнік.
Акрамя таго, у школе Рэната здала экзамен на швачку 2 разраду. Сшыла кухонны фартух з фальбонкамі, прыхваткі, пасцельную бялізну, сталовыя сурвэткі, кухонныя рушнікі. “Усё зрабіла маме на кухню”, – усміхаецца дзяўчына. Увогуле яна – першая маміна памочніца і ў агародзе, і ў хатніх справах.
– За што ты ўдзячна бацькам?
– За тое, што яны заўсёды мяне падтрымліваюць, – між намі поўнае ўзаемаразуменне. За тое, што яны добра мяне выхавалі, прынамсі, так кажуць іншыя.
– Каму з настаўнікаў ты хацела б сказаць дзякуй?
– Класнаму кіраўніку Тамары Іосіфаўне Доцнік, маёй “другой маме”, з якой мы рашалі разам усе праблемы, яна заўсёды падтрымлівала мяне, дарыла цеплыню. Удзячна таксама дырэктару школы і настаўніку Жанне Іванаўне за падтрымку, за тое, што хваліла і дапамагала. Усім настаўнікам я гавару вялікі дзякуй, бо, калі даведалася, што буду ў 10 і 11 класах вучыцца адна (чацвёра аднакласнікаў Рэнаты пакінулі школу пасля 10 класа. – рэд.), гэта было нечакана. Я засмуцілася, але потым, з цягам часу зразумела: нічога тут страшнага няма. Усе настаўнікі добра ставяцца да мяне, разумеюць маё становішча.
– Хутка выпускны баль…
– 10 чэрвеня. Прыйдуць мама і тата. Магчыма, зможа прыехаць старэйшы брат Максім, які зараз у арміі. Гэта будзе прыгожае свята.
– Якой ты хацела б быць праз 10 гадоў?
– Жанчынай, якая нечага дасягнула і яшчэ дасягне для шчаслівай будучыні сваёй і будучай сям’і. Хачу, каб усё было добра ў мяне і ў маіх блізкіх.
– Якім, на тваю думку, павінен быць настаўнік? Хутка ты сама станеш ім…
– Ён павінен быць строгім і патрабавальным, а адначасова добра адносіцца да дзяцей. Так вучні будуць добра ведаць прадмет. Упэўнена: потым яны скажуць свайму строгаму настаўніку вялікі дзякуй.
– Аб чым ты марыш?
– Цяпер толькі аб адным – паступіць!
– Што пажадаеш іншым выпускнікам?
– Не здавацца! Цяпер – лета, хочацца расслабіцца, але трэба яшчэ трошкі папрацаваць. Удачы ім, цярпення, сіл і каб моцна не хваляваліся!
– Ці ёсць у цябе сакрэт пераадольвання хвалявання перад экзаменам?
– Я кажу сабе: “Рэната, нічога страшнага не будзе. Ты малайчына, у цябе ўсё атрымаецца”.
Няхай так усё і будзе!
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Віталія ДУЛЕВІЧА.