Адбылася пазачарговая сесія Камянецкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання

16 ліпеня адбылася пазачарговая сесія Камянецкага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання. У ёй прынялі ўдзел старшыні Камянецкіх раённых Савета дэпутатаў Аксана Высагроцкая і выканаўчага камітэта Віталій Кулак. Падчас сесіі былі разгледжаны 7 пытанняў.

Першае тычылася прысваення звання “Ганаровы грамадзянін Камянецкага раёна” настаяцелю рэлігіёзнай абшчыны “Праваслаўны прыход храма прападобнага Сімяона Стоўпніка ў Каменцы Брэсцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы (Беларускага Экзархата Маскоўскага Патрыярхата)”, благачыннаму цэркваў Камянецкай акругі Сергію Буркоўскаму. Падтрымана адзінагалосна. Як і прывядзенне інструкцыі аб парадку прысваення названага вышэй звання ў адпаведнасць з заканадаўствам, чаго тычылася другое пытанне павесткі сесіі.

Трэцяе пытанне закранала сацыяльную падтрымку, а менавіта – пастаянную фінансавую дапамогу (за кошт раённага бюджэту) дзяўчынцы з 1 групай інваліднасці, што жыве ў нашым раёне і адчувае жыццёвую патрэбу ў стэрыльнай дыстыліраванай вадзе для апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх дома. Дэпутаты прагаласавалі за тое, каб дапамагчы, аднагалосна.

Наступнае пытанне сесіі тычылася змянення рашэння раённага Савета дэпутатаў ад 29.12.2023 г. №289, а менавіта – падрыхтоўкі да 750-годдзя раёна, якое будзе шырока святкавацца у 2026 годзе. Так, у межах яе сродкі будуць выдзелены на:
рамонт цеплатрасы, фасада, прыступак Камянецкага РДК і плошчы перад ім;
рамонт вулічна-дарожнай сеткі па вул.8 Сакавіка ў райцэнтры;
рамонт дзіцячага сада №2 Каменца;
газіфікацыю ФАПаў і амбулаторый (Навіцкавічы, Войская, Ратайчыцы, Ставы), а таксама будынкаў сельвыканкамаў (Пелішча, Навіцкавічы, Дзмітровічы, Вярховічы);
субсідзіраванне ЖКГ па камунальных паслугах і ўтрыманне аб’ектаў добраўпарадкавання;
субсідзіраванне аўтапарка №9 Каменца (па гарадскіх перавозках);
субсідзіраванне кінатэатра “Мір” у Каменцы;
набыццё мяккага пакрыцця на бегавую дарожку і пляцоўкі на стадыёне “Лідар”…
Прынята адзінагалосна. Як і змяненні рашэння раённага Савета дэпутатаў ад 28.04.2016 г. №94 адносна куплі-продажу жылых дамоў (кватэр) сельгаспрадпрыемстваў (цяпер можна купляць і прадаваць не толькі самі жылыя дамы і кватэры, а і долі ў іх).

Таксама падчас сесіі было вырашана прадаставіць у арэнду паверхневы водны аб’ект – сажалку Павукі – сённяшняму яго арандатару яшчэ на 5 гадоў.
На наступную сесію было перанесена зацвярджэнне градабудаўнічага праекта “Генеральны план аг.Белавежскі”.

Настасся НАРЭЙКА
Фота аўтара

 

 


Хотите читать актуальные новости Каменца и Каменецкого района первыми?Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/navinykam