Агітацыйны пікет прайшоў у Каменцы

Сёння ў агітацыйную кампанію актыўна ўключылася Камянеччына. У гарадскім парку “Ля Лясной” у раённым цэнтры сабраліся гараджане, чый інтарэс да будучага адзінага дня галасавання, ад якога нас аддзяляюць крыху больш за два тыдні, – непадробны і глыбока асэнсаваны. Удзел у ім 25 лютага – праява грамадзянскай пазіцыі і заклапочанасці лёсам роднай краіны і яе жыхароў.

Галоўнай тэмай сустрэчы 7 лютага стала знаёмства з кандыдатамі ў дэпутаты двух узроўняў – Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Камянецкага раённага Савета дэпутатаў. З вуснаў прэтэндэнтаў на дэпутацкія крэслы і іх давераных асоб прагучалі асноўныя тэзісы перадвыбарных праграм, а таксама шчырыя заклікі не застацца ў баку ад такой важнай падзеі, як электаральная кампанія. Удзельнікі пікета атрымалі лістоўкі, а таксама маглі далучыцца да праекта “БРСМ” “Паштоўка.БЕЛ”, якая прапаноўвала запоўніць спецыяльную картку “Выбіраем будучыню разам!” родным, блізкім і сябрам з імянным запрашэннем на адзіны дзень галасавання, якую бясплатна даставяць адрасату.

Цікаўлюся ў адной з удзельніц сустрэчы, старшыні раённага савета ветэранаў Валянціны МАЕЎСКАЙ, што прывяло яе на сустрэчу з кандыдатамі ў дэпутаты.


– Адчуваю, што абавязана быць у курсе палітычнага жыцця нашай краіны. Ды і ўвогуле для таго, каб 25 лютага зрабіць асэнсаваны выбар, патрэбна ведаць кандыдата, за якога аддаеш голас, пазнаёміцца з ім і яго планамі бліжэй, прыгледзецца, зрабіць высновы… Папярэднія нашы дэпутаты выдатна праявілі сябе ў рабоце, і сёння няма прычын сумнявацца ў новых, якія хутка прыйдуць пасля іх. Я рада, што на змену нам прыходзіць актыўная моладзь, якая любіць сваю краіну і народ. Я ўпэўнена, што ўсе ветэраны прыйдуць на галасаванне.

 

З вялікай адказнасцю падыходзіць да падрыхтоўкі да адзінага дня галасавання і член раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Рыта СКАЛКОВІЧ.


– Я абавязкова прыйду на свой участак у адзіны дзень галасавання! – запэўнівае яна. – Гэта мой абавязак, маё права аддаць голас за самага дастойнага. Немалаважны і той факт, што сёння на кожны мандат прэтэндуюць па два кандыдаты, што азначае: альтэрнатыва ёсць. Застаецца толькі зрабіць выбар, праявіць сваю грамадзянскую адказнасць, сваю зацікаўленасць у шчаслівай будучыні для Беларусі ў цэлым і кожнай сям’і ў прыватнасці.

 

А Юлія АСТАПУК, намеснік дырэктара Камянецкага ТЦСАН, разважае так:


– Важна, каб дэпутат быў, так бы мовіць, з народа. Разумеў паўсядзённыя клопаты людзей, мог пайсці ім насустрач, выслухаць, зразумець, удзяліць увагу, нікога не пакрыўдзіць. І ацаніць чалавечыя якасці кандыдата мы якраз і можам падчас такіх сустрэч, як тая, што адбылася сёння.

 

 

Настасся НАРЭЙКА
Фота Яўгенія АРАБЕЙКІ

 

Хотите читать актуальные новости Каменца и Каменецкого района первыми?Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/navinykam