Аграсэрвіс у надзейных руках

IMG_3840

Іван Іванавіч Юшкевіч у свой час быў кіраўніком райсельгасхіміі, потым займаў іншыя кіруючыя пасады. А з 2012 года ўзначаліў ААТ “Камянецкі райаграсэрвіс”, да якога на той момант ужо былі далучаны “Райаграпрамтэхніка”, “Сельспецмантаж”, ”Райаграпрамзабеспячэнне” і “Райаграпрамэнерга”. Такім чынам, райаграсэрвіс – адзіная арганізацыя раёна, якая аказвае сельгаспрадпрыемствам у комплексе паслугі па выкананні механізаваных агратэхнічных і аграхімічных работ і звязаныя з імі пагрузачна-разгрузачныя работы, а таксама транспартныя паслугі. Разам з земляробамі яна без усякіх раскачак напружана працуе на будучы ўраджай. Аб праблемах і перспектывах адкрытага акцыянернага таварыства гутарка з яго дырэктарам.

– Іван Іванавіч, што сабой уяўляе цяпер Камянецкі райаграсэрвіс?

– У арганізацыі працуе 170 чалавек. Асноўнымі відамі дзейнасці таварыства з’яўляюцца: будаўніча-мантажныя работы; аграхімічныя – па ўнясенні ў глебу мінеральных і арганічных угнаенняў, вапнаванні кіслых глеб; хімахоўныя работы; паслугі па вырошчванні, уборцы зерневых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы кармоў; аўтамабільныя перавозкі грузаў; рамонт і тэхнічнае абслугоўванне сельгастэхнікі; пастаўка і продаж мінеральных угнаенняў і сродкаў аховы раслін сельгаспрадпрыемствам, фермерскім гаспадаркам.

– Нягледзячы на пераўтварэнні, задачы арганізацыі засталіся ранейшымі?

– Так. Задачы тыя ж. Толькі ў агульным аб’ёме ўсіх паслуг будаўніча-мантажныя работы займаюць 37%, іх выконваюць 53 чалавекі: вядуць будаўніцтва сетак водаправода і каналізацыі ў раёнах індывідуальнай забудовы ў Каменцы, Жабінцы, Кобрыне. Калі ўзводзілі 40-кватэрны жылы дом у райцэнтры, яны былі заняты ўнутранымі сантэхнічнымі работамі. Могуць правесці ацяпленне, вентыляцыю. У арганізацыі ёсць акрэдытаваная электравымяральная лабараторыя, што дае магчымасць займацца дзейнасцю, звязанай з энергазабеспячэннем.

Вельмі важны фактар – дапамога сельскім працаўнікам не толькі ва ўборцы ўраджаю, а і ў вывазцы на прыёмныя пункты зерня, рапсу, цукровых буракоў. Аб’ёмы паставак выконваем вялікія.

У складзе мехатрада ёсць структурнае падраздзяленне, якое займаецца работамі ў кар’еры. Вывазка гравію 20-ю адзінкамі вялікагрузнага транспарту прадпрыемства заказчыкам з Брэста, Кобрына, Пружан, ДРБУ-137… – добрае фінансавае падспор’е.

– Іван Іванавіч, у большасці гаспадарак раёна няпростае фінансавае становішча. Як гэта адбіваецца на дзейнасці арганізацыі?

– Зразумела, што ад дабрабыту гаспадарак залежыць і наша становішча. За мінулы год за паслугі, якія мы аказалі, яны завінавацілі нам каля 5-і мільярдаў рублёў. Але калі ў цэлым характарызаваць фінансавае становішча райаграсэрвісу, то можна сказаць, што таварыства паспяхова развіваецца. Летась па выніках вытворчай дзейнасці за папярэдні год было занесена на раённую Дошку гонару, калектыву ўручана Ганаровая грамата райвыканкама. У 2013-м усе падраздзяленні прадпрыемства выйшлі на прыбытак, паказчык балансавага прыбытку склаў 3,1 млрд. рублёў, чыстага прыбытку – 2 млрд. рублёў.

Летась закуплена тэхнікі на 4,3 млрд. рублёў. Маем 5 зернеўборачных камбайнаў. За апошнія гады за кошт уласных сродкаў набылі 4 вялікагрузныя МАЗы, 6 МТЗ-80, штангавы апырсквальнік, пагрузчык, устаноўку водапаніжэння. Паводле праграмы мадэрнізацыі, немалыя капіталаўкладанні ідуць на перааснашчэнне машыннага парку. Вось і сёлета ўжо купілі 1 вялікагрузны МАЗ. На гэты год інвестыцыі ў асноўны капітал складуць звыш 4 млрд. рублёў.

– Што вас, як кіраўніка, больш за ўсё хвалюе сёння і якія бачацца перспектывы?

– Асноўная праблема – забяспечыць аб’ёмамі работ поўную занятасць людзей, бо яны – наша багацце. І з боку кіраўніцтва ствараюцца для іх усе неабходныя прававыя, эканамічныя, культурна-бытавыя ўмовы і гарантыі. Калі гаварыць пра перспектывы, то новыя задумкі ёсць, у прыватнасці, па арганізацыі работы ў кар’еры, але раскрываць іх пакуль яшчэ рана. Галоўнае цяпер – задзейнічаць на ўсю магутнасць той патэнцыял, які маем. Нават ва ўмовах нестабільнай эканамічнай сітуацыі райаграсэрвіс будзе і далей дапамагаць ва ўздыме эканомікі ўсяго раёна. Такім было прызначэнне прадпрыемства першапачаткова, такім яно застаецца і цяпер.

– Вы зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў па Камянецкай-Сакавіцкай акрузе №2. Як лічыце, якія наказы могуць даць вам выбаршчыкі?

– Для мяне гэта не першая выбарчая кампанія. Двойчы быў дэпутатам райсавета розных скліканняў. Тут, можна сказаць, як на перадавой трэба весці на працягу выбарчага тэрміну нялёгкі “бой”, займацца грамадскімі справамі. Наказы ад выбаршчыкаў чакаю рэальныя. І калі будзе магчымасць, дапамагу вырашаць надзённыя пытанні ў рабочым парадку.

Гутарыла Вера ІВАНЮКОВІЧ.

Добавить комментарий