Прадстаўнікі Пружанскага, Свіслацкага і Камянецкага раёнаў сабраліся 14 ліпеня ў канферэнц-зале гасцініцы №4 НП “Белавежская пушча”. Тут прайшло адукацыйнае мерапрыемства “Ахова навакольнага асяроддзя, развіццё турызму і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна “Белавежская пушча” паводле праекта “Садзеянне рэгіянальнаму развіццю ў рамках еўрарэгіёнаў”.
Гэты Еўрарэгіён створаны ў 2002-м і складаецца з трох раёнаў Беларусі, названых вышэй, і Гайнаўскага павета Рэспублікі Польшча. 13 ліпеня ўдзельнікі мерапрыемства наведалі польскія агратурыстычныя сядзібы, а на наступны дзень завіталі на беларускую зямлю. За круглым сталом у Камянюках сабраліся тыя, для каго агратурыстычны бізнес – справа жыцця, а таксама – прадстаўнікі райвыканкамаў трох раёнаў, спецыялісты па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, эксперты праекта “Садзеянне рэгіянальнаму развіццю ў рамках еўрарэгіёнаў” і іншыя.
Адукацыйнае мерапрыемства праходзіла ў форме ажыўленага дыялогу. Ды і як інакш, калі цеснае супрацоўніцтва гаспадароў аграсядзіб і супрацоўнікаў Нацыянальнага парка стала справай звыклай. Кожная сядзіба прапануе гасцям свае “изюминки”: ад рыбалкі да валяння воўны. Але ж неабходны цэлы спектр уражанняў. Вось тут і прыходзіць на дапамогу Белавежская пушча. Куды везці стомленых ад вялікіх гарадоў іншаземцаў, як не сюды?
Згадвалі падчас мерапрыемства і пра невялікія населеныя пункты, што побач з Нацыянальным паркам, дзе таксама ёсць што паглядзець, пераначаваць і падсілкавацца. Для параўнання прыводзіліся факты з жыцця польскіх аграсядзіб, якім актыўна дапамагаюць разнастайныя фонды.
Фінансавыя сродкі, зразумела, заўсёды патрэбныя. Вось толькі як атрымаць іх? Тут дарэчы будзе ўзгадаць стары добры выраз: адзін у полі не воін. “Вам трэба аб’ядноўвацца. Ствараць асацыяцыю,” – запэўніла гаспадароў аграсядзіб Камянецкага і Пружанскага раёнаў старшыня еўрарэгіёна “Белавежская пушча” Зоя Мячкоўская. А зацвердзіў іх у гэтай думцы аповяд госці з Віцебшчыны, дзе ўжо дзейнічае грамадскае аб’яднанне сядзіб еўрарэгіёна “Азёрны край”, жамчужынай якога з’яўляюцца знакамітыя Браслаўскія азёры. Чым жа мы горшыя, тым больш, што жывём побач з самой Белавежскай пушчай?! Гаспадары аграсядзіб з Белай, Відамлі, Камянюкаў, Навіцкавічаў, фермерскай гаспадаркі “Пушчанская таямніца” і іх калегі з Пружаншчыны канчаткова вырашылі супрацоўнічаць, зрабілі важную для сябе выснову: “Трэба памятаць, што мы не канкурэнты адзін аднаму.” Будучыя партнёры адразу ж дамовіліся аб наступнай неафіцыйнай сустрэчы на адной з сядзіб, а гэта значыць, што першы крок да аб’яднання будзе зроблены.
Настасся НАРЭЙКА.
Это может быть интересно:
-
На Каменетчине прошла благотворительная кампания «Соберем детей в школу»
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМАХ Г.КАМЕНЦА
-
Брестчина полностью готова к осенне-зимнему отопительному сезону
-
«Народная зарядка» ко Дню народного единства прошла в Каменце