Аб гэтым заявіў 20 лістапада на пазачарговым пасяджэнні Пастаяннай камісіі па забеспячэнню бяспекі дарожнага руху пры Савеце Міністраў віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін.
У цэлым у рэспубліцы адзначаецца зніжэнне паказчыкаў, якія характарызуюць аварыйнасць на дарогах, у параўнанні з мінулым годам, але праблема застаецца актуальнай і ў сувязі з нядаўнім трагічным выпадкам на тэрыторыі школы ў Фрунзенскім раёне Мінска патрабуе павышанай увагі. У гэтым годзе ў краіне адбылося 4 тыс. 150 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 830 чалавек загінулі і 4,5 тыс. траўміраваны. Сярод загінуўшых 23 дзіцяці, 393 непаўналетніх атрымалі траўмы.
«Работа па прадухіленню гібелі дзяцей у ДТЗ праводзіцца нездавальняюча і не забяспечвае іх бяспеку», – падкрэсліў Анатоль Калінін. Ён дадаў, што гэта тэма была ў цэнтры ўвагі аналагічнага пасяджэння камісіі летам, але даручэнні ўрада не выкананы. Выяўлены грубыя парушэнні правіл дарожнага руху ў раёнах устаноў адукацыі, калі вадзіцелі ігнаруюць дарожныя знакі, якія забараняюць прыпынак, стаянку, рух транспартных сродкаў. На тэрыторыі многіх школ няма агароджаў, турнікетаў, шлагбаўмаў і іншых загараджальных устройстваў, на пад’ездах да іх не абсталяваны штучныя няроўнасці. У гэтым Анатоль Калінін бачыць бяздзейнасць і халатнасць службовых асоб, ДАІ, мясцовых улад.
Сярод прапанаваных мер, акрамя агароджвання, дзе магчыма і неабходна, тэрыторый школ і дзіцячых садоў, на пасяджэнні гаварылася аб арганізацыі работы стопменаў – педагогаў, старшакласнікаў ў спецыяльных святлоадбівальных камізэльках у цёмны час сутак, пастаянным кантролі за выкананнем скораснага рэжыму. Як адзначыў сакратар пастаяннай камісіі Юрый Літвін, акрамя пытанняў забеспячэння бяспекі дзяцей, на пасяджэнні разглядалася тэма падвозу школьнікаў да ўстаноў адукацыі ў сельскіх населеных пунктах.