Абойма чвэрцьфіналу стала поўнай

P111001821 красавіка стартаваў розыгрыш Кубка раёна па футболе. Былі згуляны першыя матчы. У адной восьмай сустракаліся “Без праблем” і “Ніва”, “Аграпрадукт” і “Усход”.

У першай пары яўным фаварытам выступала даўбізнянская дружына, якая заваявала кубкавы трафей у мінулым годзе. “Без праблем” – каманда маладая і, вядома, яе ігракоў не вельмі парадаваў такі зыход жараб’ёўкі: усё ж атрымаць на першай стадыі такога “монстра”, як “Ніва”, не пажадае ніхто. Сустрэча паказала, што розніца ў класе ў каманд вельмі вялікая. “Ніва” літаральна з першых хвілін захапіла лідарства і дамінавала на полі да фінальнага свістка. Як вынік, тры мячы ў вароты сапернікаў у першым тайме. Забівалі Павел Шаўчук, Сяргей Васілюк і Уладзімір Куляшоў. Працягнулі “тарпедаваць” апанента і пасля перапынку. Спачатку Павел Шаўчук аформіў дубль. Затым Дзмітрый Немцаў, падключыўшыся да атакі, адкрыў свой бамбардзірскі рахунак. Што датычыцца “безпраблемаўцаў”, то яны ў асноўным абараняліся. І толькі на самым фінішы сустрэчы зарабілі пенальці за гульню рукой у межах штрафной. З “кропкі” бездакорна прабіў Вадзім Іванюк. Як кажуць, гол прэстыжу.

У другім матчы, які праходзіў у Высокім, ужо да перапынку “Аграпрадукт” змог двойчы засмуціць варатара “Усхода”. Андрэй Пархуціч знайшоў у варатарскай Сяргея Асійчука, і той проста не мог “кержакнуць”. Другі гол прыйшоў са стандарту: мяч у сетку загнаў Аляксандр Ланец. У пачатку другога тайма зноў спрацавала звязка Пархуціч-Асійчук: навес з флангу – і Сяргей зноў вымушае варатара даставаць мяч з сеткі. 3:0. Справа пачало папахваць разгромам. Аляксандр Кінчак быў з гэтым не згодзен. Удар. 3:1. Але Аляксандр Ланец, узяўшы ў сябры перакладзіну, зноў аднаўляе перавагу, і зноў са стандарту. І ўсё ж апошняе слова засталося за “ўсходаўцамі”. “Кропку” ў матчы ставіць Віктар Смаль.

Такім чынам, пасля двух паядынкаў 1/8 стала вядома ўся абойма каманд, якая 28 красавіка сустрэнецца ў наступнай стадыі кубка. У Каменцы “Агра-Зарэчча” згуляе супраць “Высокага”, у Белавежскім мясцовая дружына будзе прымаць “Ніву”, “Аграпрадукт” у Высокім памераецца сіламі з “Камянецкай пушчай”, а ў Доўбізне аднайменная каманда сыдзецца са “Ставамі”. Калі параўноўваць шанцы каманд на поспех толькі па назвах гэтых самых каманд і іх дасягненнях, то ў трох парах бачны яўныя фаварыты. Гэта “Агра-Зарэчча”, “Ніва” і “Аграпрадукт”. Але ж тым жа “ніваўцам” гуляць у Белавежскім. А там, як вядома, мясцовая тарсіда, сапраўдны дванаццаты ігрок. Павінны перамагаць і “алейнікі”… Калі не ведаць склад “Камянецкай пушчы”. Каманда ўзмацнілася былымі ігракамі “Аграпрадукта” і “Каменца”. І які з гэтага атрымаўся “вінегрэт”, пакуль не вядома. Магчыма, што такая страва будзе ўсё ж не па смаку “алейнікам”. Высакаўчане, як паказаў зімовы турнір па міні-футболе, могуць пакараць кожнага… амаль кожнага. Так што для “Агра-Зарэчча”, гэтая сустрэча, думаю, не акажацца лёгкай прагулкай. Самай жа загадкавай застаецца гульня паміж дэбютантам “Доўбізна” і “Ставамі”, што не хапаюць зорак з неба. Пажывём – пабачым.

ВЫНІКІ: “Без праблем” – “Ніва” – 1:5, “Аграпрадукт” – “Усход” – 4:2.

Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий