Абгон павінен быць бяспечным!

Такая тэма Адзінага дня бяспекі дарожнага руху, які быў праведзены ўчора.

Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі наведалі працоўныя калектывы і патлумачылі, да чаго могуць прывесці парушэнні правілаў абгону. Дарэчы, самыя цяжкія вынікі выезду на паласу сустрэчнага руху, калі два транспартныя сродкі сутыкаюцца, і сіла ўдару расце прапарцыянальна хуткасці іх руху. Гэта значыць, напрыклад, пры хуткасці 60 км у гадзіну адбываецца ўдар з такой сілай, калі б транспарт рухаўся з хуткасцю 120 км у гадзіну і ўдарыўся ў сцяну. Можаце ўявіць, што адбываецца ў гэты момант з вадзіцелем і пасажырамі, якія знаходзяцца ў аўтамабілі.

У нашым раёне з прычыны парушэння правілаў абгону і выезду на паласу сустрэчнага руху адбылося ДТЗ 24 красавіка. Жыхар Высокага на скутары ехаў па вул.Свярдлова. Пры выкананні манеўра абгону аўтобуса не пераканаўся, што паласа, на якую хоча выехаць, свабодная, і пры выездзе сутыкнуўся з сустрэчным аўтамабілем. У выніку здарэння атрымаў раненні, ад якіх памёр на месцы.

Напомню, што перш чым выехаць на паласу сустрэчнага руху і здзейсніць манеўр абгону, вадзіцель павінен пераканацца ў тым, што паласа, на якую плануе выехаць, свабодная, і сваімі дзеяннямі ён не стварае пагрозу бяспецы руху, не прымушае іншых удзельнікаў мяняць накірунак або зніжаць хуткасць. Вадзіцелю забараняецца выконваць абгон, калі вадзіцель сродка, што едзе наперадзе па той жа паласе, падаў сігнал левага павароту, або вадзіцель, што едзе за вамі, пачаў абгон. Акрамя гэтага, абгон забаронены ў зоне дзеяння дарожных знакаў “Абгон забаронены”, “Небяспечны паварот”, “Круты ўздым”, а таксама ў канцы ўздымаў і на іншых участках дарог з абмежаванай бачнасцю, якія не пазначаны знакамі прыярытэту, і на рэгулюемых перакрыжаваннях, пешаходных пераходах і бліжэй чым за 50 метраў ад іх у абодва бакі, на чыгуначных пераездах і бліжэй чым за 100 метраў перад імі. Толькі няўхільнае выкананне патрабаванняў Правілаў дарожнага руху абароніць вас ад непрыемнасцей на дарозе.

Ігар АНАНЧУК, часова выконваючы абавязкі па пасадзе начальніка РАУС.

Добавить комментарий