«Хачу раскрыць усе таямніцы…»

Камянецкая зямля славіцца сваімі ўрадлівымі глебамі. Нашы продкі ахвотна сяліліся ўздоўж рэк, каля лясоў. Аб тым сведчыць вялікая колькасць знаходак.

Не першы год прыязджаюць археолагі ў наш край за новымі скарбамі гісторыі. У жніўні ў наваколлі Камянюк працавала чарговая экспедыцыя Інстытута гісторыі Акадэміі навук РБ пад кіраўніцтвам Алега Ткачова. У размове з ім даведалася нямала цікавага.

– Чаму вырашылі стаць менавіта археолагам?

– На гістфак выпадкова трапіў, туды быў меншым прахадны бал. А першапачаткова збіраўся стаць псіхолагам. Хоць гісторыяй цікавіўся яшчэ ў школе – чытаў кніжкі, глядзеў гістарычныя фільмы. Вядома, спачатку больш прыцягвала Сярэднявечча – перыяд Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай.

З часам зацікавіўся археалогіяй. Спачатку займаўся жалезным векам. Потым да нас на кафедру прыйшоў выкладчык Віктар Абухоўскі, пра якога можна сказаць, што ён таленавіты навуковец і актыўны папулярызатар археалагічнай навукі. Ён паволі “перацягнуў” мяне ў каменны век.

Пазней зразумеў, што кожны выбірае “сваю” тэрыторыю і перыяд даследавання. Сам я родам з Івацэвіцкага раёна. Таму і пачаў вывучаць Брэстчыну. Мне больш проста зразумець псіхалогію паляўнічых-збіральнікаў. Напэўна, гэта закладзена ў падсвядомасці.

– З чым звязана такая цікавасць археолагаў да Камянецкага раёна?

– Ужо ў 70-я гады XIX стагоддзя пачалося вывучэнне помнікаў каменнага і бронзавага вякоў на тэрыторыі Белавежскай пушчы, і з таго часу даследаванні практычна не спыняліся. Многія навукоўцы займаліся вывучэннем Палесся, надаючы пэўную ўвагу Камянеччыне. З 2007 года, у сувязі з падрыхтоўкай ды 600-годдзя ўсталявання запаведнасці пушчы, пачалося мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў археалогіі на яе тэрыторыі. У выніку быў складзены рэестр археалагічных помнікаў каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў на тэрыторыі Нацыянальнага парку, у які ўвайшлі 52 помнікі. Сення эпоха неаліту і ранняга бронзавага веку на тэрыторыі Белавежскай пушчы прадстаўлена шэрагам археалагічных культур. Паралельна вядзецца распрацоўка новых мясцін. Можна сказаць, куды ні капні, – паўсюль гісторыя.

– Раскажыце аб археалагічных экспедыцыях і іх удзельніках…

– Сёлета ў чэрвені быў арганізаваны археалагічны лагер для школьнікаў. Хлопцы і дзяўчаты жылі ў палявых умовах і дапамагалі весці раскопкі. Для іх была арганізавана спецыяльная лекцыя. У вёсцы Белая ёсць сям’я Яўташукоў. У першы год да нас далучылася старэйшая з дзяцей – Наташа, на наступны год прыйшоў яе брат Саша, а сёлета малодшы, – Алёша. Яму пашчасціла знайсці досыць вялікі фрагмент керамікі Нёманскай культуры.

У апошняй экспедыцыі, якая праходзіла ў жніўні, бралі ўдзел каля дваццаці валанцёраў з Брэста, Мінска. Хтосьці прыязджаў, нехта ад’язджаў… Падвяло крыху надвор’е, але ў цэлым усё задуманае зрабілі.

З 2010-га я займаюся даследаваннем неаліту і ранняга бронзавага веку на тэрыторыі Белавежскай пушчы. І ўжо неяк прыкіпеў да гэтага месца. Кожны год знаходзім нешта новае. Хачу да канца раскрыць усе таямніцы, бо кожны раз маем штосьці цікавае, што да гэтага не сустракалася.

– Што для вас самае каштоўнае са знойдзенага?

– Самае каштоўнае для мяне – кераміка эпохі неаліту. Спецыялізуюся больш на ёй. І, вядома, рэчы, якія можна датаваць. Нягледзячы на тое, што кераміка сама па сабе быццам бы аднолькавая і нялёгка яе датаваць, але вось больш ранняя была з элементамі раслінных дабавак, таму яна больш лёгкая і сітаватая. Такая кераміка і лягчэй падвяргаецца разбурэнню. У жніўні быў знойдзены фрагмент, які належыць да 6-5 тысячагоддзяў да нашай эры.

– Што вы можаце сказаць аб тых, каму належалі гэтыя рэчы?

– Усё гэта можна аднесці да індаеўрапейцаў. Трэба адразу адкінуць ўяўленне пра тое, што іх гаспадары былі зарослыя, брудныя. Этнаграфічныя паказанні сведчаць: каб мець ежу, яны палявалі і забяспечвалі сябе прыпасамі на тыдзень-два, астатні час аддавалі паўсядзённым справам. Вольны час прысвячалі прыкладному мастацтву, і выхаванню дзяцей.

Першыя ўзоры культуры былі знойдзены ў тарфяніках – у іх лепш за ўсё захоўваюцца прадметы. Адкапалі статуэткі з косці і дрэва з выявай людзей, якія акуратна падстрыжаныя, бароды клінком, магчыма, была мода такая. Знойдзена шмат узораў розных падвесак, пацерак з косці і зубоў – мініяцюрных памераў і разнастайных варыяцый. Або, напрыклад, знайшлі гарпун з тоненькай косткі. Зразумела, што з ім на рыбалку не пойдзеш. Пытанне: для чаго ён  зроблены? Магчыма, як цацка, або, скажам, для здачы своеасаблівага іспыту.

Людзі маглі дазволіць займацца тым, чым хочуць. Вядома, калі год быў ураджайным.

– Ці можна казаць пра пэўны род іх дзейнасці?

– Можна меркаваць, што недалёка быў выхад крэмнію, які затым апрацоўваўся. На досыць невялікім участку знойдзена шмат нуклеўсаў – камянёў, ад якіх адбівалі пласціны. Таму можна меркаваць, што блізка знаходзіцца рабочае месца майстра. Магчыма, мы проста на яго яшчэ не патрапілі.

На тэрыторыі ў 32 метры квадратныя, якія мы даследавалі, было знойдзена шмат долатаў, і толькі адна сякера. Гэта таксама паказальна.

Хутчэй за ўсё гэта не было стацыянарнае паселішча, бо керамікі выяўлена няшмат.

– Ці сустракалі сляды “чернокопателей”?

– Так, сустракаліся сляды «чорных» археолагаў. Часам яны закопваюць ямы, якія пакідаюць пасля сябе, але бываюць выпадкі, калі проста пакідаюць іх, тым самым наносяць незваротны ўрон помніку.

У большасці выпадкаў іх цікавіць толькі кошт знойдзенай рэчы, нас жа, гісторыкаў, – тое, аб чым можа расказаць знойдзенае. Бываюць выпадкі, што яны прыносяць нам нейкія знаходкі, але калі пытаемся, дзе яны іх адшукалі, расказаць не могуць. Таму часцей гэта проста прыгожыя старажытныя рэчы.

– Ці плануеце вы яшчэ вярнуцца сюды, у ваколіцы Камянюк,  і працягваць раскопкі?

– У наступным годзе мяркуем прадоўжыць вывучэнне мясцовасці. Спадзяюся, што нямала загадак разгадаем.

Дар’я ДЗЯМЯНКА.

Фота Алега Ткачова.

Добавить комментарий