«Мая практычная дзейнасць і ёсць агітацыя…»

Дырэктар дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Нацыянальны парк «Белавежская пушча» Аляксандр Васільевіч Буры вылучаны кандыдатам у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў. Яго жыццёвы прынцып – дапамагчы справай, а не словам.

Аляксандр Васільевіч нарадзіўся ў вёсцы Гарэнічы Мінскай вобласці. Пасля заканчэння школы год працаваў рабочым у саўгасе «Бярэзінскі». Адтуль быў прызваны ў армію. У 1984 годзе паступіў у Дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на лесагаспадарчы факультэт. Выбар быў невыпадковы – з лесам звязана ўсё дзяцінства, там працавалі дзядуля і дзядзька. І будучая прафесія перайшла да яго па спадчыне. Пасля ўніверсітэта два гады працаваў майстрам у Клецкім лясгасе, затым займаў пасаду ляснічага спачатку Навінкоўскага лясніцтва, потым Нясвіжскага. З 2002 да 2005 года – галоўны ляснічы Клецкага лясніцтва. Пасля гэтага быў прызначаны дырэктарам Дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Краснасельскае». А ў красавіку 2011 года стаў дырэктарам Нацыянальнага парку «Белавежская пушча».

Прапанова працаваць у пушчы для Аляксандра Васільевіча была нечаканай. Прадпрыемства – шматфункцыянальнае, патрабуе адказнай працы. Але аказаны давер стараецца апраўдваць. Адзначае, што найважнейшае ў любой рабоце – не баяцца рабіць і думаць, як правільна зрабіць. Пад яго кіраўніцтвам знаходзяцца ўсе аспекты жыццядзейнасці Белавежскай пушчы. І першае –  прыродаахоўная дзейнасць. Навуковы аддзел займаецца маніторынгам насаджэнняў, дае заключэнні аб тым, як чалавек павінен паводзіць сябе на прыродзе, якія дзеянні ён не павінен рабіць.

Зладжанасць у працы шмат у чым залежыць ад узаемапавагі і паразумення ў сям’і. З жонкай Аляксандр Васільевіч жыве ў шлюбе 26 гадоў. Выхавалі двух дзяцей. Дачка працуе ў «Беларусбанку». Сын выбраў сцежку бацькі, зараз – студэнт 4 курса БДТУ, факультэт лясной гаспадаркі.

У дэпутаты Аляксандр Васільевіч Буры балатуецца ўпершыню. Пацікавілася, як праходзіць агітацыйная кампанія. Атрымала нечаканы адказ:

– Мая практычная дзейнасць і ёсць агітацыя. Кожны чалавек, будзь ён дэпутатам, кіраўніком або простым працаўніком, абавязаны імкнуцца да таго, каб людзі, якія знаходзяцца побач, адчувалі сябе камфортна. Усё залежыць ад нас саміх. Як мы хочам жыць, так і будзем. Сваю лінію жыцця мяняць не стану: ніколі не адмаўляю людзям у дапамозе, калі ёсць магчымасць, і адмаўляць не буду. За імі выбар. Кандыдатам у дэпутаты райсавета вылучаны па Камянюцкай выбарчай акрузе №19. Я ў адказе за свае словы і справы.

Анастасія ЯНКІНА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий