Вельмі часта такія людзі носяць у паўсядзённым жыцці адзенне колеру хакі. Што гэта: звычайнае імкненне да зручнасці ці проста старая звычка? Даніна памяці ці знак прыналежнасці да кагорты тых, каго закранула вайна? Упэўненае абяцанне абараніць ці спроба захінуць хоць неяк збалелую душу? Хто ведае… Хіба толькі яны самі – воіны-інтэрнацыяналісты. З адным з іх, Уладзімірам Барысавічам Анціпавым з Белавежскага, мяне пазнаёмілі вершы.
Іх было шмат: у выглядзе кнігі і ў рукапісах. Чытаць пачала адразу ж, як толькі атрымала творы з рук іх аўтара, і ў выніку захапілася так, што ўзяла з сабой дадому. За роўнымі радкамі друкаваных літар стаяў незвычайны чалавек з няпростым лёсам, чалавек, які ведаў, што такое вайна не толькі па кнігах і кадрах кінахронік…
Бацька Уладзіміра Барысавіча быў афіцэрам, менавіта з гэтай прычыны яго сям’я часта пераязджала з месца на месца. Вось і атрымалася так, што нарадзіўся хлопчык у Эстоніі, адкуль бацьку перавялі ў ГДР, а школу скончыў у 1970 годзе ў пасёлку Даўгарукава Калінінградскай вобласці. Пасля было ваеннае вучылішча. Асабістае жаданне ды яшчэ прыгожы прыклад бацькі накіравалі на адзіна правільны шлях, аб якім шкадаваць не давялося. Правільны выбар заўсёды робіцца без усялякага прымусу, асэнсавана.
Пасля вучылішча пачаліся звыклыя яшчэ з дзіцячых часоў пераезды з адной граніцы – на іншую. Фінская, нарвежская, кітайская…. Розныя краіны, розныя людзі, і паўсюль адзіны доўг перад людзьмі, якія поруч. Доўг заўсёды быў для Уладзіміра Барысавіча паняццем першаступенным, таму і не дзіўна, што ў 1987 годзе ён, даведаўшыся пра накіраванне савецкіх войскаў у Афганістан, сам падаў рапарт, у якім прасіў знайсці яму месца для службы ў гэтай незнаёмай краіне. Дадому, аддаўшы свой міжнародны доўг яшчэ і Таджыкістану, воін-інтэрнацыяналіст вярнуўся ў 1989-м, прывёзшы з сабою неспакойныя сны, успаміны, ад якіх так часта робіцца балюча, і… вершы. Увогуле, кожнаму чалавеку неабходна дзяліцца з некім перажытым, каб не разарвала, не прымусіла замкнуцца ў сабе, не зламала, не пазбавіла надзеі. Мне ўзгадваюцца, калі думаю аб гэтым, словы вялікай рускай паэтэсы Марыны Цвятаевай, якія занатавала яна ў сваім дзённіку: “Шкадую людзей, якія не могуць пісаць вершаў, каб аддаць ім свой боль, людзей, якія проста плачуць.” А мужчынам, па сутнасці іх, нельга плакаць, — ёсць такі стэрэатып. Што ж застаецца? Правільна. Пісаць вершы…
Увогуле, за плячыма Уладзіміра Барысавіча 30 каляндарных гадоў службы, агульная выслуга складае 41 год, але для таго, каб ацаніць гэты тэрмін поўнасцю, трэба ўлічыць, што служба ў “гарачых кропках” мае сваю асаблівасць: год, праведзены тут, прыраўноўваюць да двух, а то і да трох. І практычна ўвесь гэты час побач была любімая жонка, якая, дарэчы, родам з блізкага ад нас Брэста. У гэты цудоўны горад ў 1974 годзе Уладзімір Барысавіч прыехаў на стажыроўку, напэўна, лёс накіраваў яго сюды, да яе – Ірыны. Вяселле згулялі хутка. Незаўважна праляцелі 38 гадоў сумеснага жыцця. Унучку, дачку сына, назвалі зноў жа Ірынай. Шчаслівае імя…
Пасля выхаду ў запас вырашылі пераехаць як мага бліжэй да Брэста, але ў сельскую мясцовасць. Аб’ява ў газеце падказала пункт прызначэння – пасёлак Белавежскі.
Уладзімір Барысавіч вядзе актыўны лад жыцця, штодзень робіць зарадку, займаецца спортам (у доме ёсць баксёрская груша), без гонару, як аб нечым зусім зразумелым, гаворыць ён пра тое, што ніколі не курыў і алкаголем не захапляўся. Вось у каго варта было б павучыцца многім!
А яшчэ знаходзіцца ў яго час і на вершы. Пісаць іх пачаў яшчэ ў школьныя гады, падштурхнула да гэтага першая закаханасць. Дзяўчынка, якую звалі, дарэчы, зноў жа Ірай, так і не прачытала тых нясмелых, яшчэ дзіцячых радкоў, але імкненне да чыстага ліста паперы засталося. Вершы друкаваліся ў гады службы ў акруговых пагранічных газетах, а потым былі выдадзены ў Цвяры асобнай кніжкай пад назвай, што гаворыць сама за сябе, – “Аб пройдзеным, аб каханні”. Ёсць у ёй радкі і аб любімай жонцы, і аб прыродзе, і аб вайне. Свой зборнік аўтар разаслаў сябрам, з якімі служыў, уручыў родным і блізкім.
– А як жа вайна? – спытаеце вы. – Як без успамінаў аб ёй у артыкуле, што распавядае пра воіна-інтэрнацыяналіста?
Адкажу на такое зусім лагічнае пытанне словамі майго героя: – “Аб гэтым цяжка гаварыць, бо толькі цяпер прыходзіць сталае асэнсаванне перажытага. Пачынаеш задумвацца: а што мы рабілі там? Нашто гэта было патрэбна? Я ведаю толькі адно, што ніхто з нас не пашкадуе аб тых гадах. Там мы навучыліся цаніць мір і жыццё. А вайна? Хай пра яе раскажуць вершы…”
Настасся НАРЭЙКА
Фота Міколы ШУМА
Это может быть интересно:
-
Девятиклассники из Высоковской СШ побывали на предприятии «Беловежские сыры»
-
В феврале в районе будет проводиться вакцинация домашней птицы
-
На участке в Высоковской СШ среди избирателей немало голосующих впервые
-
В ВЫСОКОМ ВПЕРВЫЕ ЗА ПОСЛЕДНИЕ 100 ЛЕТ ЗАФИКСИРОВАНА РЕДКАЯ ПТИЦА
-
Сказочный пряничный городок и Рождественский спектакль в этом году снова порадовал высоковчан