Жанна Вярэніч: “Не бачу сябе без музыкі”

Автор Комментариев нет Поделиться 366 просмотров

Ці бывае голас глыбокім, як вір? Безумоўна! І гэта – не прыгожыя словы, паверце. Менавіта такім валодае маладая, але таленавітая спявачка Жанна Вярэніч…

Яе голас “задуманы”, нібы створаны нейкай вышэйшай сілай, што размяркоўвае таленты паміж людзьмі, менавіта – і выключна! – для народнай песні. Той самай, каштоўнасць якой ніхто не аспрэчыць.

Пра музыку, спадчыну нашу, паўсядзённае жыццё творчага чалавека і не толькі – у гутарцы з Жаннай…

– Пачнем з вытокаў. Твая малая радзіма – гэта…

– Прыгожая вёска Макарава. Тут я нарадзілася, расла, хадзіла ў пачатковую школу, якой цяпер ужо няма.

– Далей было Высокае?

– Так.  Скончыла 11 класаў мясцовай СШ. Любімым прадметам былі спевы і беларуская мова, якую цудоўна выкладала мой класны кіраўнік Галіна Дзярдзюк.

– Гэта азначае, што музыка была ў тваім жыцці заўсёды?

– Нікуды ад яе не схавацца… Удзельнічала ва ўсіх школьных ранішніках і канцэртах, а ў 10 класе выйшла на сцэну Макараўскага СДК.

– Не абышлося і без музычнай школы?

– Безумоўна, хоць і думала часам, прызнаюся: а можа, кінуць? Потым вырашыла ўсё ж давесці распачатае да канца.

– Які быў інструмент?

– Акардэон, мне даспадобы яго гучанне. Падчас навучання спявала ў хоры, тады – у акадэмічнай манеры выканання. Да народнай прыйшла пазней і цяпер разумею, што яна сапраўды МАЯ.

– Думаю, вызначыцца з прафесіяй было лёгка?

– Сапраўды. Я вырашыла не спрачацца са сваім неадольным жаданнем спяваць і з аптымістычнаю думкаю-спадзяваннем “А раптам заўважаць?” пас­ту­піла ў Гродненскі дзяржаўны музычны каледж.

– Чаму не Брэсцкі?

– Многа добрага чула і пра навучальную ўстанову, і пра само Гродна – вельмі прыгожае! Не шкадую. Столькі цікавага было: і заняткі, і канцэрты, і народны хор навучэнцаў “Верас”, у склад якога ўваходзіла.

– Твая спецыяльнасць?

– “Народная творчасць. Харавая музыка”. Прафесія – арганізатар культурнай дзейнасці і вольнага часу, кіраўнік хору.

– Не цягнула да эстрадных спеваў?

– Не. Напэўна, таму, што туды цяг­нула ўсіх. (Усміхаецца.) Правільнасць выбару пацвердзілася потым падчас праслухоўвання. Мы па чарзе спявалі “Купалінку” акапэла. Я слухала іншых (у большасці ўладальнікаў сапрана) і вырашыла: выйду ды заспяваю ніжэй. Вынік – мой голас аднеслі да альтовых, якому найбольш пасуе народная манера выканання.

– Чым табе імпануе фальклор?

– Ён – крыніца, гісторыя, традыцыі. У народнай песні, у адрозненне ад іншых, ЗАЎСЁДЫ ёсць сэнс. Я не адмаўляю таго, што існуе якасная эстрадная музыка, але ўсё ж цягне мяне да спрадвечнага, глыбіннага.

– Якія народныя песні ёсць у тваім рэпертуары?

– Беларускія, рускія і ўкраінскія. З першых любімая – “Долына-долынушка”, другіх – “Ой, то не вечер”, трэціх – “Ой, у вішнэвому саду…”

– Як і дзе падбіраеш творы?

– Мне з гэтым заўсёды няпроста, кожны даводзіцца падстройваць пад сябе. Заўсёды стараюся спяваць па-свойму, пражыць песню. Часам, здараецца, недзе выпадкова чую штосьці новае, і… музыка захоплівае. Адразу зразумела: МАЯ песня. Калі ж гаварыць пра выступленні, то, падбіраючы рэпертуар, улічваю  і тэматыку канцэрта, і слухача, і час сутак: спяваць днём і вечарам адно і тое ж – немагчыма.

– Каго з сучасных выканаўцаў народнай песні слухаеш у вольны час?

– Мне вельмі сімпатычная Пелагея. Узяла некалькі яе песень у свой рэпертуар. Ведаеце, калі б мая мара здзейснілася, і я трапіла б на праект “Голас” і да мяне павярнуліся  б усе суддзі, выбрала б у настаўнікі толькі Пелагею.

А Марына Дзявятава, Надзея Бабкіна, Надзея Кадышава?

– Не зусім маё. З задавальненнем слухаю нашу “Бяседу”.

Калі гаварыць пра беларускі фальклор і яго захаванне, то мне некалі вельмі імпанаваў праект тэлеканала “Беларусь 3” “Наперад у мінулае”. Столькі цікавага можна пачэрпнуць! І спеваку, і аматару народнага ў цэлым. А часам нават прыкмеціць нейкую песню і ўзяць яе “мінусоўку”. Шкада толькі, што апошнім часам перадача стала іншая: мне, у прыватнасці, не даспадобы тое, што робяць напрыканцы яе з народнымі песнямі. Жорстка “перакроеныя” на сучасны лад, яны губляюць самабытнасць.

– Што яшчэ можна ўбачыць у тваім плэй-лісце?

– І “Океан Ельзи”, і Лепса, і “Зіма” Вівальдзі… Люблю слухаць скрыпку.

– Пасля каледжа цябе чакала размеркаванне…

– Так. На два гады я стала мастацкім кіраўніком Камянюцкага сельскага цэнтра рамёстваў і культуры.

– Якое з праведзеных там мерапрыемстваў стала самым запамінальным?

– Новы год! Увогуле, калі жывеш пры пушчы, ставішся да гэтага свята па-асабліваму. Жыхары Камянюкаў прызвычаіліся да якасных канцэртаў, таму разумела: патрэбна здзівіць. І мы гэта зрабілі! Дружным калектывам зладзілі тэатралізаваную пастаноўку па матывах “Вечеров на хуторе близ Диканьки”. У нас былі традыцыйныя “три девицы под окном”, вось толькі пенсійнага ўзросту, “скатерть-самобранка”, якая выліняла з цягам часу і згубіла свае чароўныя здольнасці, і яшчэ – Новы год на носе. Як яго святкаваць? Мне дасталася роля гогалеўскай Аксаны. Свята працягвалася дзве гадзіны, і перапоўненую залу не пакінуў ніводзін глядач.

– У цябе ў цэнтры быў яшчэ і гурток?

– Мастацкай самадзейнасці для дарослых і дзяцей. Яны ахвотна спявалі, а адна з маіх вучаніц, Наташа Мышленнік, паступіла ў той жа каледж, які скончыла я сама.

– Дзе ты жыла пасля размеркавання?

– О, гэта асобная гісторыя! Спачатку здымала кватэру ў Камянюках, а потым ад Нацыянальнага парка мне выдзелілі месца ў гасцініцы, якая знаходзілася… ў лесе. Пабачыць дзікоў ля нашага жытла было справай звычайнай. Спярша баялася, але потым – нічога. Побыт быў наладжаны, сяброўка – побач. Увогуле, менавіта там, у Камянюках, я займела дзвюх лепшых сябровак, Наташу і Лену, з якімі і сёння падтрымліваем сувязь, хоць першая жыве ў Камянюках, другая – у Слоніме. Яны знаходзяць для мяне песні ў інтэрнэце і перасылаюць, плятуць вянкі са штучных кветак, якія так пасуюць да маіх канцэртных сукенак. Ведаеце, тое наша “пушчанскае” жыццё заўсёды нагадвала мне сюжэт любімага фільма “Девчата”. Мы з Наташай часта думалі пра гэта, седзячы ў пакоі за гарбатай і пазіраючы ў акно, за якім мяла завіруха…

– Два гады размеркавання праляцелі…

– Вельмі хутка! Я перастала быць маладым спецыялістам, з гасцініцы мусіла з’язджаць, вырашыла шукаць новую работу. Цяпер выконваю абавязкі выхавацеля ў адным з чатырох інтэрнатаў Брэсцкага дзяржаўнага палітэхнічнага ўніверсітэта. Ён – асаблівы. У першую чаргу з-за таго, што шматнацыянальны. З трохсот насельнікаў сотня – іншаземцы. З Пакістана, Непала, Бангладэш, Кітая, Туркменістана, Індыі, Бутана, Нігерыі.

– У тваёй новай работы – педагагічны ўхіл.

– Гэта так, але ёсць таксама і непасрэдна звязаны з асноўнай маёй спецыяльнасцю. Я арганізоўваю для студэнтаў культурныя мерапрыемствы, а таксама дапамагаю наладжваць узаемаадносіны. У апошнім дапамагае атрыманая завочна адукацыя – па спецыяльнасці “Сацыяльная педагогіка. Музычнае мастацтва” ў пе­дуніверсітэце імя Максіма Танка.

– Як працуецца ў інтэрнацыянальным асяроддзі?

– Вельмі цікава! Удзельнічала, напрыклад, у святкаванні кітайскага Новага года, а таксама – Курбан-байрама, падчас якога нашы туркмены набылі недзе ў Камянецкім раёне барана, а потым гатавалі плоў, якім частавалі ўсіх – такая традыцыя.

– Як складваюцца адносіны ў студэнцкім калектыве?

– Здараюцца, безумоўна, і сутыкненні з-за розных светапоглядаў, але ў цэлым атмасфера сяброўская. Цікава, што ў нашым інтэрнаце практычна немагчыма пасяліць у адзін пакой туркмена і кітайца, а вось беларусаў ахвотна бяруць у суседзі ўсе іншаземцы. Было ў нас і “міжнароднае” каханне. Напрыклад, вяселлем скончыліся адносіны паміж нігерыйцам Крыстоферам і беларускай Аляксандрай. Іх дачцэ мулатцы Сонечцы ідзе другі гадок. Вось такое каханне без межаў…

– Сумуеш па працы ва ўстанове культуры?

– Сумую, але зарплаты там невялікія. А выступаць магу дзе заўгодна. Нават калі і бясплатна.

– На якіх сцэнах звычайна можна цябе ўбачыць?

– На “Добрых сустрэчах” у Высокім, у Каменцы (радзей), на розных пляцоўках Брэста. Прычым абласны цэнтр у свой час падарыў мне магчымасць выступіць з цудоўным мясцовым ансамблем танца “Радасць” на сцэне акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі.

– Удзельнічаеш у конкурсах і фестывалях?

– Стараюся, але ў нашай краіне, на жаль, іх для выканаўцаў народнай песні няшмат. Я спявала на фестывалях “Ружанская брама” і нацыянальных культур у Гродна. У складзе “Вераса” атрымала Дыплом другой ступені рэспубліканскага конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю”, а яшчэ ўдзельнічала ў конкурсе таго ж узроўню ў складзе каманды Гродненшчыны.

– А праекты кшталту згаданага табой “Голаса”?

– Іншыя, апроч яго, мне не асабліва падабаюцца. Не люблю кастынгі. Да таго ж, часта бачу, як людзі з выдатнымі галасамі выбываюць з іх “з-за адсутнасці харызмы”. Гэта дзіўна…

Вырашыла аднойчы ўсё ж  пайсці на “Поющие города”, але не склалася. Потым назірала за падзеямі на той вялікай сцэне па ТБ і шчыра шкадавала дзяўчат-“народніц”, якія трапілі ў праект. Пасля работы прадзюсараў ад іх самабытнасці нічога не засталося.

У 2015-м таемна ад усіх паехала ў Брэст на кастынг Аляксандра Рыбака. Ён напісаў песню для “Еўрабачання” і шукаў для яе выканаўцу з народным голасам. Запоўніла анке­ту і схавалася ў ціхі куток, каб падрыхтавацца. Да таго ж побач круціліся журналісты, Адна карэспандэнтка мяне ўсё ж “злавіла”.

– Інтэрв’ю?

– Не, – адказваю. – Спярша выступлю, потым – калі ласка.

Абурана:

– Няўжо вы не можаце сказаць, чым будзеце здзіўляць Аляксандра Рыбака?!

– Вось здзіўлю, тады і скажу.

Выканала перад Аляксандрам дзве песні. Ён зрэагаваў вельмі станоўча, увесь час усміхаўся, пахваліў ды і ўвогуле нікому нічога дрэннага не сказаў. Першы тур я прайшла, мне абяцалі пазва­ніць. Ведаеце, ішла тады на вакзал і думала: калі нават гэта не адбудзецца – усё адно! Галоўнае: таленавіты, дасведчаны чалавек высока ацаніў мае здольнасці.

Пазваніла маме і прызналася, дзе была. Мяне так перапаўнялі пачуцці, што хутка ўся маршрутка ведала пра Рыбака і маё выступленне. (Усміхаецца.) З другім турам, на жаль, не склалася…

– Ці даводзілася табе сутыкацца з адкрытым захапленнем слухачоў?

– Здаралася. Выклікалі на біс. Прасілі даслаць запісы маіх песень. Дарылі кветкі.

Многія думаюць, што спяваць лёгка…

– Гэта памылка. Уявіце. Ёсць, напрыклад, дарагі, шыкоўны музычны інструмент, але без рук музыканта ён не народзіць ні гуку. Так і голас, ён – інструмент, які не існуе без спевака і яго працы.

– Спяваеш ужывую?

– Заўсёды. Перад выступленнем стараюся пабыць у адзіноце і малюся. Народная песня прадугледжвае стрыманасць, акуратнасць у абыходжанні з матэрыялам.

– Ці спяваюць твае родныя?

– Безумоўна! Тата і мама, а таксама бабулі Юля і Вера. Толькі старэйшыя сёстры Таня і Галя сталі настаўнікамі, географ-біёлаг і географ адпаведна.

– Яны бываюць на тваіх выступленнях?

– А як жа! І мой малады чалавек Андрэй – таксама. Ён – апора і падтрымка.

– Што для цябе музыка?

– Не люблю гучных слоў, таму скажу так: без яе я сябе не бачу.

Гутарыла Настасся НАРЭЙКА.

Фота Міколы ШУМА.

Предыдущая статья

«Если вы хотите служить, нажмите звездочку, если нет – решетку»

Следующая статья

Почему в этом году яблони почти без яблок?

Вам также может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *