Юлия Логвин из Беловежского: певица и жена

У мяне ёсць любімая песня – “Затрымай мяне” беларускага гурта “Aura”. Чуць яе даводзілася і ў запісе, і з вуснаў вакалісткі калектыву, названага вышэй, але найбольшае ўражанне гэты музычны твор зрабіў на мяне ў выкананні Юліі Логвін (тады – Максімук) з Белавежскага.

Мы з Юліяй неаднаразова сутыкаліся на “Добрых сустрэчах” у Высокім, канцэртах у Каменцы, а аднойчы нават ехалі ў адным цягніку “Брэст-Мінск”: я – дадому, яна – на конкурс маладых выканаўцаў, што праходзіў у межах фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2014”. Калі сёлета падчас Дня горада ў Каменцы лёс зноў звёў нас, вырашыла: інтэрв’ю быць!

Гутарка з Юліяй была ненапружанай і цікавай. Расказваючы пра моманты свайго творчага (і не толькі) жыцця, яна вельмі эмацыянальна апісвала перажытае. Часта ўсхоплівалася з месца, каб паказаць нешта, “пра­інсцэніраваць” пэўную сітуацыю, а я думала, што артыстызму, як і таленту, маёй суразмоўцы пазычаць не трэба. А гэта вялікі плюс для выканаўцы.

Пачынаем мы, вядома ж, з кароткай біяграфіі…

Юлія нарадзілася ў Мікалаеве, але роднай для яе стала іншая вёска раёна – Войская, куды пазней перабралася сям’я.

– З музыкай у нашай сям’і даўно і надзейна сябруюць усе: мама ў свой час спявала ў хоры, тата таксама ў юнацтве выходзіў на школьную сцэну як вакаліст і баяніст. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што я, дачка такіх бацькоў, з дзяцінства марыла спяваць. Заўсёды паўтарала: калі-небудзь маё выступленне пакажуць па тэлевізары! Так і атрымалася.

– Хто дапамагаў табе рабіць першыя крокі да сцэны?

– У гады школы ў мяне былі два цудоўныя педагогі: Іна Заяц з Войскай СШ і Любоў Міхнавец з мясцовага СДК. Памятаю, што вельмі хацела вучыцца спяваць у Доме культуры, але пайсці туды проста так – “Прыміце мяне!” – не хапала смеласці. Потым мяне проста выпадкова пачула Любоў Іосіфаўна і паклікала займацца.

– Пасля 11 класа вырашыла абраць прафесію, звязаную з музыкай?

– Вядома ж! Спынілася на каледжы імя Рыгора Шырмы. Без пачатковай музычнай адукацыі паступаць туды было няпроста, але – справілася. Дзякую за падтрымку начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалаю Громіку, які даў мне накіраванне, і педагогу Камянецкай дзіцячай школы мастацтваў Ганне Грушэўскай, што займалася са мной перад паступленнем. На тры бюджэтныя месцы прэтэндавалі 12 чалавек, адно з іх дасталася мне.

– Чым запомніліся тры гады вучобы ў Брэсце?

– Яны былі вельмі насычаныя! І новымі ведамі, і шматлікімі выступленнямі. Надзвычай ўдзячная педагогам па сцэнічным маўленні, выпускніку Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва (ГИТИС) Уладзіміру Яшчуку і па класе фартэпіяна Жанне Крукавай.

Уладзімір Мікалаевіч дапамагаў мне шукаць магчымасці выступаць, знаёміў з цікавымі, таленавітымі людзьмі. У Доме культуры чыгуначнікаў у Брэсце ў яго быў свой тэатр “Люстэрка”, куды я прыйшла аднойчы па ўласнай ініцыятыве і захапілася гэтым чараўніцтвам. Помню, мы ставілі мюзікл “Ну, волк, молодец!”, у якім я іграла Зайца. З гэтым спектаклем мы ездзілі ў Люблін і Львоў.

Двойчы мне давяралі ролю галоўнай Снягуркі Брэста ля ёлкі на плошчы Леніна.

Сёння мы падтрымліваем сувязь з Уладзімірам Мікалаевічам. Нядаўна па яго запрашэнні выступала на Дні горада ў абласным цэнтры.

Што ж тычыцца Жанны Крукавай, то яна вельмі шмат дала мне за тры гады ў плане ігры на інструменце. Асабліва, калі ўлічыць, што да той пары я ніколі не іграла на фартэпіяна…

– Вельмі насычанае творчае жыццё!

– Мне хацелася зарэкамендаваць сябе. Таму і ішла выступаць паўсюль, дзе была магчымасць. Платна, бясплатна – без розніцы.

– Так і з конкурсам у Мала­дзечне?

– Заяўку на ўдзел у ім падала, нават не здагадваючыся, што выступаць буду цяжарнай. Калі ўжо ў Маладзечне падышла да Міхаіла Фінберга, з аркестрам якога выступалі канкурсанты, і спытала, ці дазволіць ён мне выйсці на сцэну на восьмым месяцы, пачула ў адказ просьбу прынесці даведку ад урача, што гэта не пашкодзіць ні мне, ні дзіцяці.

Так і выступала. Вярнулася з дыпломам за ўдзел. Сёлета хацела паспрабаваць яшчэ раз, але не склалася…

– Якія яшчэ перамогі ў тваёй скарбонцы?

– Адзін дыплом 1-й ступені абласнога конкурсу “Табе мае песні, Белая Русь” і два 2-й ступені абласных “Эстраднага мікса” і “Рытмаў маладосці”, дыплом фіналіста конкурсу “Дэбют з аркестрам”. Акрамя таго, тройчы спрабавала прайсці ў беларускае шоу “Академия талантов”, двойчы – у “Поющие города”. А яшчэ ў 2012-м ездзіла з сяброўкай на “Х-фактар” ва Украіну.

– Як гэта было?

– Павучальна. Перад журы, якое паказваюць па тэлевізары, так і не выступіла, бо гэтаму папя­рэднічала некалькі прамежкавых этапаў, пераадолець якія змаглі адзінкі. Помню, прыехалі мы раніцай і прыйшлі на плошчу, дзе тоўпілася шмат людзей… Спярша з намі запісвалі крычалкі кшталту “Я люблю Х-фактар!”, пасля якіх можна было і ахрыпнуць, і страціць голас. Потым на працягу некалькіх гадзін мы стаялі ў чарзе за нумарам, а потым нас накіравалі да мэнэджараў тэлеканала, якія размяшчаліся ў палатках. Там я выканала акапэла песню Ані Лорак “Зажигай сердце” і атрымала наступнае накіраванне, на гэты раз – да прадзюсара канала. Ім нечакана аказалася жанчына… ў сланцах. З ёй у палатцы знаходзіўся малады чалавек з відэакамерай. Мне далі мікрафон. Спявала тую ж самую песню без музычнага суправаджэння.

Жанчына паслухала і спытала:

– Колькі табе гадоў, Юля?

– 18.

– Чаму ж ты спяваеш, як старая жанчына?

– ???

Я сумелася. І што гэта можа азначаць? Адказала:

– На дадзены момант я спяваю менавіта так.

– Тады на дадзены момант я гавару табе “не”.

Падзякавала, развіталася і пайшла. Што мела на ўвазе прадзюсар, не разумею і сёння.

– Засмуцілася?

– Не. Гэта карысны вопыт. Там проста робяць шоу. Помню, перада мной прадзюсар сказала “так” хлопцу, што прыйшоў на кастынг на джамперах (прыстасаванні для скачкоў – рэд.) і дзіўным голасам спяваў песню пра “белого лебедя на пруду”. Зрабіла для сябе выснову: там патрэбна ці зрабіць нешта эпатажнае, ці браць, як кажуць, “измором”.

– Што ў бліжэйшых творчых планах?

– “Белазаўскі акорд”. Гэта рэспубліканскі конкурс маладых эстрадных выканаўцаў. Ён адбудзецца ў кастрычніку, хутка адпраўлю заяўку.

– Жадаю поспеху! А пакуль вернемся яшчэ раз у мінулае. Пасля заканчэння каледжа ўладкавалася на працу ў…

– Белавежскую дзіцячую школу мастацтваў, займалася з дзеткамі вакалам.

– Чаму Белавежскі?

– Бо тут жыве і працуе мой муж Косця. Нам выдзелілі дом, у якім вельмі ўтульна і нам, і нашай маленькай Сонечцы. Пасля дэкрэтнага водпуску, што скончыўся літаральна месяц таму, уладкавалася ў Белавежскі Дом культуры кіраўніком тэатральнага гуртка, акрамя таго, працую на палову стаўкі ў дзіцячай школе мастацтваў.

– У мужа таксама творчая прафесія?

– Не, ён – інжынер-механік.

– Як вы пазнаёміліся?

– Вучыліся разам у школе. Я малодшая на тры гады і таму, напэўна, асаблівай увагі на Косцю не звяртала. Але аднойчы на дні нараджэння агульнага знаёмага мы сустрэліся позіркамі, і я зразумела: гэта – МОЙ чалавек! Мы сустракаліся пяць гадоў. Доўга гулялі, размаўлялі, гадзінамі ў любое надвор’е сядзелі на лаўцы, ён па лесвіцы да мяне ў акно на другі паверх лазіў… Потым пажаніліся. Было і вянчанне, бо ведаю дакладна: нікога так не буду кахаць.

– Ты, напэўна, спявала на сваім вяселлі таксама?

– Як без гэтага? (Усміхаецца.) Адну песню прысвяціла маме, мы плакалі з ёй разам, другую, “Любовь, похожая на сон”, – мужу. Нашай сям’і ўжо тры гады.

– Кажуць, каханне жыве менавіта столькі, а потым знікае…

– Няпраўда! Каханне жыве вечна. Да ўсяго прызвычайваешся, у тым ліку і да чалавека побач. Але потым надыходзіць момант, калі глядзіш на яго і думаеш: “Які ж ты ў мяне харошанькі!” Увогуле звязваць свой лёс з чалавекам без кахання нельга.

– Хто з вас першым ідзе на прымірэнне пасля спрэчкі?

– Па чарзе. Мы па гараскопу Рак (я) і Леў (Косця). Абое – лідары, абое ўпартыя. Але гатовы ісці на кампраміс. Я лічу, калі кахаеш чалавека, беражы яго! Мы ўсё робім разам. Не дзелім абавязкі па доме. Сёння шмат гавораць пра мужоў, што выдатна сябе адчуваюць пад абцасам жонкі. На маю ж думку, іх не існуе. Проста ёсць мужчыны, якія паважаюць сваіх жанчын.

Мой Косця – вялікі працаўнік. Яму не дай есці, а дай папрацаваць. (Смяецца.) Як мне не дай есці, а дай выступіць. У нас пры доме і агарод ёсць, і прылеглую тэрыторую даводзім да ладу, нядаўна, напрыклад, зладзілі вельмі прыгожы газон, які я ахвотна даглядаю.

– Ці маеш хобі, акрамя спеваў?

– Я канцэнтруюся на іх адных, каб дасягнуць лепшых вынікаў. У школе, праўда, сур’ёзна гуляла ў валейбол…

– Дачка пераняла любоў да музыкі?

– Яна і спявае, і танцуе. Лічу, што бацькі павінны даць дзіцяці ўсё, што можна, паказаць, як шмат у свеце цікавых заняткаў. Малы хлопчык ці дзяўчынка яшчэ не здольны самастойна вырашаць, што ім патрэбна. Няхай жа паспрабуюць усё, а потым самі вызначацца. Галоўнае – каб было з чаго выбіраць.

Мая мама Ірына Аляксееўна ў свой час шчыра падтрымлівала маё імкненне да спеваў. Яна і сёння ездзіць са мной на ўсе канцэрты, слухае са слязамі на вачах, перажывае і, спадзяюся, ганарыцца мной. Не магу выказаць, як я ёй удзячная!

– Як падбіраеш свой рэпертуар?

– Абавязкова ўлічваю тое, хто будзе мяне слухаць, што можа спадабацца менавіта гэтай публіцы. А яшчэ, вядома ж, спыняюся на кампазіцыях, якія пасуюць мне, дапамагаюць паказаць усе вакальныя здольнасці. Звычайна спяваю песні Ані Лорак, Валерыі, Алы Пугачовай, Ірыны Алегравай.

Люблю павольныя кампазіцыі са зместам. Аб сэнсе жыцця, напрыклад. Асабліва прачула атрымліваецца, калі сам перажываеш нешта падобнае на тое, што спяваеш. Кожную песню заўсёды прапускаю праз сябе. Спевы – гэта сапраўдны наркотык.

– Хацела б раўняцца на нейкага спевака?

– У мяне няма куміраў. Магу сказаць толькі, што мне падабаецца, як працуюць на сцэне Дзіма Білан і Сяргей Лазараў. Яны выкладваюцца на ўсе 100!

– Як рыхтуешся да чарговага выступлення?

– Непасрэдна перад ім мне проста неабходна застацца сам-насам з песняй, каб ніхто не перашкаджаў.

– Над якімі кампазіцыямі працуеш сёння?

– “Вздох” Алены Цемнікавай, “Сопрано” Ані Лорак і Мот і “Драмы больше нет” Паліны Гагарынай.

– Дзякую за шчырую гутарку!

 

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий