Ён пішa пра нас

44 просмотров

26 снежня споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Гніламёдава, нашага земляка, Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, прафесара, доктара навук, кавалера ордэна Францыска Скарыны. З гэтай нагоды ў раённай бібліятэцы імя У. Ігнатоўскага адбылася вечарына “Пісьменнік. Зямляк. Чалавек”.

Ва ўтульнай кампаніі гаварылі пра чалавека, які адкрыў усёй Беларусі нашу маленькую радзіму, нашу Камянеччыну. А я ўспамінала сваю матулю, мясцовую, ураджэнку невялічкай вёскі Старышова. Яна да самай сваёй апошняй хвіліны жыцця чытала кнігi, газеты, часопісы, а апошнім творам, які яна прыціскала да грудзей, была менавіта “Ра­сія” Уладзіміра Гніламёдава. Чаму гэту кніжку? Бо яна пра нас, нашых бабуль i дзядуль, што кінуты былi ў страшэнны вip Першай сусветнай вайны, выжылі, дзякуючы дапамозе Бога i братоў-ра­сіян, што не пакінулі нашых продкаў у бядзе.

А пачыналася ўсё з “Уліса з Прускі”, дзе цікава апісана жыццё Каменца i наваколляў, i кожны чытач нібы трапляў на сто гадоў назад, адкрываў для сябе невядомыя старонкі жыцця роднага краю, маленькай радзімы, з якой пачынаецца вялікае пачуццё любові да Беларусі. Пасля цягнецца сага ’’Вяртанне”, “Валошкі на мяжы”, “Вайна”… Усё гэта пра на­шу зямлю, пра бацькоў нашых. Думаю, каб жывая была мая мама, яна б сказала: “Пра нас пішa”.
Тым вечарам было цікава паслухаць пра сваю гісторыю, увасобленую ў мастацкім слове. Тым больш, калі вечарына аздоблена драматычнай пастаноўкай школьнікаў i мультымедыйным прадстаўленнем урыўка з рамана “Уліс з Прускі”. А чытачам, асабліва тым, хто родам з Камянеччыны, i не толькі, хачу параіць: прачытайце мастацкія творы Уладзіміра Гніламёдава – i адкрыеце цудоўны свет душы нашага земляка.

Вера ФІЛОСАФ,
г.Каменец.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *