Яму было што сказаць… Аляксандр Лышчык

Нашаму знакамітаму земляку, таленавітаму скульптару, члену Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь і проста неардынарнай асобе Аляксандру Лышчыку сёння споўнілася б 65.

Нарадзіўся Аляксандр Іванавіч 13 жніўня 1951 года ў Каменцы. Маці мастака, Клаўдзія Арцёмаўна, усё жыццё працавала медыцынскай сястрой, бацька, Іван Сямёнавіч, – у Камянецкай ПМК-14. З дзяцінства іх сын захапляўся лепкай. З пяці гадоў лепшым сябрам хлопчыка быў пластылін. Ствараў звычайна салдацікаў – цэлыя арміі, што зусім і не дзіўна для хлапчука пасляваеннага пакалення. Так дзіцячая гульня, прыродная цяга да творчасці перараслі ў моцнае патрабаванне займацца мастацтвам прафесійна.

У 1968-м Аляксандр Лышчык скончыў СШ №1 у Каменцы і паступіў у Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, але, правучыўшыся год, вырашыў, што архітэктура – не яго прызванне, і без ваганняў пакінуў вучобу.
З 1971 года працаваў на Радзіме афарміцелем і загадчыкам мастацкай майстэрні пры тагачасным Камянецкім аддзеле культуры. Займаўся вырабам помнікаў, інкрустацыяй, чаканкай па метале, разьбой па дрэве. Менавіта тут сфарміравалася канчатковае жаданне стаць скульптарам.

У 1977 г. пасля некалькіх спробаў паступіў у Беларускі тэатраль-на-мастацкі інстытут на скульптурнае аддзяленне. Вучыўся ў выдатных педагогаў Генадзя Мурамцава, Анатолія Анікейчыка, Міхаіла Шкробата. Скончыў інстытут у 1983 годзе з дыпломнай работай “Помнік градарубу Алексе”, які быў устаноўлены ў 1988-м у Каменцы. Аляксандр Іванавіч вельмі ганарыўся тым, што гэта работа звязана з родным горадам, хацеў і планаваў зрабіць для Каменца больш (але, на жаль, не паспеў ажыццявіць свае задумкі). Дарэчы, помнік на брацкай магіле ў Прускаўскім лесе – гэта таксама студэнцкая работа Аляксандра Лышчыка. Ён – аўтар шматлікіх помнікаў воінам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай на тэрыторыі Беларусі.

Памятник на могиле в Прусковском лесу
Помнік на брацкай магіле ў Прускаўскім лесе
Мемориальный комплекс "Вишенки" (Витебская область)
Мемориальный комплекс “Вишенки” (Витебская область)
Памятник градорубу Олексе в Каменце
Помнік градарубу Алексе ў Каменцы

З 1985 па 1991 гг. Аляксандр Іванавіч займаўся выкладчыцкай дзейнасцю на кафедры скульптуры Акадэміі мастацтваў Рэспублікі Беларусь. У 1983-м заснаваў у Мінску сваю творчую майстэрню. Працаваў у галіне манументальнай і станковай скульптуры.

Скульптура мае многа напрамкаў і не толькі мастацкіх. Майстар выбірае матэрыял, а потым асвойвае адпаведную тэхналогію яго апрацоўкі. Аляксандр Іванавіч спыніўся на бронзе, бо “на душу легла”. Яна – вельмі працаёмкі ў тэхнічным плане матэрыял. І жыцця не хопіць, каб спасцігнуць усе сакрэты майстроў XVIII-XIX стст. Трэба сказаць, што Аляксандр Лышчык быў прафесіяналам і вялікім знаўцам усіх тонкасцяў ліцця, ведаў, як зрабіць сплаў, каб атрымалася якасная работа, асабліва скульптура з дробнай пластыкай.

Работа из бронзы
Работа из бронзы (фото с сайта http://laart.net)

У мастака сфарміравалася дакладная творчая манера, выпрацаваўся свой непаўторны мастацкі стыль. Кола яго творчых інтарэсаў вельмі шырокае. У пошуках мастацкіх формаў Аляксандр Іванавіч звяртаўся да гістарычных персанажаў. Перш чым прыступіць да новай работы, ён шмат чытаў, вывучаў гісторыю быту, касцюма і г. д., працаваў з архіўнымі матэрыяламі. Ён – аўтар шэрага твораў малых архітэктурных форм, якія сталі знакавымі: “Помнік градарубу Алексе” (Каменец, 1988), “Заснавальнікі горада. Князь Уладзімір Васількавіч і княгіня Вольга” (Кобрын, 2009), фантан “Купалле” (Кобрын, 2009), “Боцман” (Кобрын, 2009), “Бабёр” (Баранавічы), “Крэсла-трон і чаравічак” па матывах казкі Шарля Перо “Папялушка” (Орша, 2008) і інш. Сваіх персанажаў мастак надзяляў асаблівым пачуццём, вытанчанасцю, грацыёзнасцю, дасканалымі прапорцыямі і пластыкай.

Памятник князю Владимиру и его жене Ольге в Кобрине
“Заснавальнікі горада. Князь Уладзімір Васількавіч і княгіня Вольга” (Кобрын)

У творчым актыве мастака шырокі спектр прызоў і сувенірных кампазіцый, створаных для міжнародных мерапрыемстваў і чэмпіянатаў, работ бытавога прызначэння. Творы майстра знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Арабскіх Эміратаў, Англіі, Бельгіі, Італіі, Кітая, ЗША, Швецыі.
Аляксандр Іванавіч меў вялікі творчы патэнцыял і жаданне працаваць. А яшчэ ён вельмі хацеў стварыць у рэспубліцы Цэнтрбеларускай скульптуры. Таму што, на вялікі жаль, творы нашых таленавітых скульптараў у большасці сваёй сёння сыходзяць у замежжа, дзе цэніцца аўтарская ручная работа і яны запатрабаваны. З аднаго боку, гэта добра – майстры становяцца сусветнавядомымі, з другога – дрэнна, бо Беларусь губляе частку культурнай спадчыны.

А што да Аляксандра Іванавіча, лічу, што слава, вядомасць і прызнанне знайшлі яго не толькі за межамі Беларусі, але і ў нашай краіне… Ды і не іх шукаў мастак, проста яму было што сказаць людзям.

Ларыса ТАБОЛЬЧЫК, галоўны бібліёграф Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя У. М. Ігнатоўскага.

Добавить комментарий