Вёска, разрэзаная напалам

Такары – старадаўняя вёска на мяжы з Польшчай. Падчас знаходжання заходне-беларускіх земляў у складзе Расійскай імперыі паўз іх праходзіла дарога на Варшаву, а таму не адзін з вяршыцеляў лёсу Еўропы ў прыгожай брычцы мог імчаць праз Такары па справах пільных і не вельмі. Сёння тая гістарычная дарога ўпіраецца ў граніцу з Еўрасаюзам.

Старажылам у Такарах лічыцца Вера Саўчук, якой у лістападзе споўнілася 92. Яе сёстры таксама мяжу 90-годдзя пераступілі. Радзіма Веры Паўлаўны – Ліцвінавічы (цяпер на тэрыторыі Польшчы), і разам з мужам, які родам з Такароў, жылі побач з яе бацькамі. Калі ж пасля вайны стала вядома, што праз Такары пройдзе дзяржаўная граніца, і трэба выбіраць, дзе асталявацца з сям’ёй, на польскім ці савецкім баку ад мяжы, малады гаспадар выбраў Такары савецкія. Было ж так, што граніца перасякала надвое нават сядзібу: хата на адным баку, хлеў на другім. Перасяленне доўжылася да 1948 года. Прыйшлося і Саўчукам старую хату свайго бацькі, якая апынулася акурат на “васьмісотцы”, перавозіць у Савецкі Саюз. З яе зладзілі часовае жытло, а побач з дапамогай яшчэ і дзеда вырашылі будаваць новую хату. У ёй, значна пазней пашыранай, дажывае свой век Вера Паўлаўна. У маладосці працавала ў тутэйшым магазіне (ён спачатку быў у доме Гаўзе, пакуль не збудавалі для магазіна новы будынак, які цяпер пустуе), пазней – тэхнічкай у пачатковай школе. Калі ж у 1960-м яе ў Такарах закрылі, пайшла на ферму, дзе кароў даілі яшчэ ўручную. Але ўсё ж давялося паспытаць і палёгку на той час, калі з’явіліся даільныя апараты…

Выгадавалі з мужам дваіх сыноў і дачку: адзін жыве ў Калінінградзе, двое – у Высокім. Дачка, былая настаўніца, і даглядае маці ў роднай хаце ў вёсцы. Адсутнасць зручнасцей Надзею Панкратаўну не палохае – быт, знаёмы з дзяцінства; галоўнае, каб матулі ў хаце было цёпла. Толькі два гады Надзея вучылася ў Такарах, астатнія восем – у Высокаўскай школе-інтэрнаце, з адкрыццём якой не стала неабходнасці знімаць на зіму кватэру для школьнікаў у Высокім. Панкратаўна і сёння з удзячнасцю згадвае, што ўсе восем год вучобы ў школе-інтэрнаце бясплатным было пражыванне і харчаванне там, – спачатку для ўсіх вучняў, а затым як заахвочванне для тых, хто добра вучыўся.

У яе памяці захавалася і вабная груша за калючым дротам, што адмежаваў вёску ад “васьмісоткі”, і дзіцячыя рэйды па смачныя грушы ды пад дротам не маглі не запомніцца.

“Граніца тады не была так умацавана, як сёння. Бывала, чарада індыкаў раніцай збярэцца ды і пойдзе праз мяжу ў Польшчу, а вечарам з заставы нам тэлефануюць, што індыкі вяртаюцца дадому. А вось сустракацца са сваякамі, якіх раздзяліла мяжа, доўгі час не дазвалялі. У  мамы па той бок засталіся сёстры і брат. Калі прыходзіла наша чарга пасвіць кароў у “васьмісотцы”, дык мама неяк яму пра гэта наказвала, і брат з польскага боку прыходзіў як найбліжэй да агароджы, сядаў пад кустом, а мама хавалася пад другім кустом, і так, бывала, нагаворацца на цэлы месяц… А потым ужо быў дазволены спрошчаны пераход граніцы – па спісах, складзеных у сельвыканкаме, адзін да аднаго хадзілі па святах, затым было яшчэ больш магчымасцей убачыцца. А мінулым летам стрыечная сястра прыязджала з Гданьска, скарыстаўшы ўвогуле бязвізавы ўезд…”

Зінаіда Давыдаўна Васілюк жыве разам з сынам, які ў “Макараве-Агра” (колішні “Савецкі пагранічнік”) працуе аўтаслесарам.

 

Стараста вёскі Марыя Канстанцінаўна Зайцава ў Такарах ужо трыццаць год. Два дзесяцігоддзі працавала брыгадзірам – у Такарах і суседняй Вульцы. Самым вялікім галаўным болем на той час былі буракі: “дзялкі” больш як па 1 гектары, а для непрацаздольных – па 80 сотак, і памножыць гэта трэба на тры праполкі.

«Як падзелім радкі, бывала, дык два дні на сваю “дзялку” не выходзіла, каб па новай не выклікаць агонь на сябе, пакуль не супакояцца ўсе. А яшчэ вельмі клопатнай была бульба, збіралі яе за капалкай і школьнікі, і студэнты; замучвала нас буртаванне – па 20-40 буртоў насенкі насыпалі, і да вясны яе зберагчы трэба было, каб не згніла. Цяпер жа вунь якія сховішчы для бульбы, з мікракліматам… А на вырошчванне буракоў без ручной працы наш “Савецкі пагранічнік” перайшоў у ліку першых у раёне. Доўга не маглі паверыць, што лета не трэба аддаваць “дзялкам”, і не было межаў удзячнасці нашаму старшыні Валерыю Казаўчуку”

Ёсць у вёсцы і некалькі маладых сем’яў. З адной з іх пазнаёмілася гадоў пяць назад, неўзабаве пасля іх пераезду сюды з Данбаса. Дзвюх унучак ратавала ад вайны бабуля. Купіла хату ў незнаёмым для іх месцы, у Мачулішчы, дзе і пачыналі абжывацца. Але пасля перажытага хвароба хутка падкасіла яе, і пахавалі нябожчыцу на могілках у Такарах. У той няпросты час дзяўчаты, якія ўжо ўладкаваліся тут на працу, адчувалі спагаду і падтрымку мясцовых людзей і ўладаў… Абедзве ужо замужам. Адна з сясцёр з мужам і дзіцем жыве ў Мачулішчы, другая ў Такарах. Тут у Ані і Міхаіла Андоні нарадзіўся сын – таксама Міхаіл. Малады бацька цяпер  загадвае фермай, што побач з вёскай. Аб пераездзе і сёння не шкадуюць. Маюць тут працу, заробак, сяброў, не адчуваюць сябе адарванымі ад свету.

Ведаюць яны ўжо і пра лёс вядомага ўраджэнца Такароў Усевалада Ігнатоўскага, бо не маглі не зацікавіцца памятным каменем з мемарыяльнай дошкай ля Міхайлаўскага храма (збудаваны на пачатку 19 ст.), дзе быў ахрышчаны першы прэзідэнт Акадэміі навук БССР. Так, Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі  нарадзіўся тут, у сям’і народнага настаўніка, пазней праваслаўнага святара, які служыў у Воўчыне. Трагічна абарвалася жыццё нашага вучонага земляка ў 1931-м падчас сталінскіх рэпрэсій, цяжкім быў і лёс яго родных – двое сыноў расстраляны як “ворагі народа”, жонка атрымала восем гадоў лагераў…

Дачка маёй суразмоўцы – Зінаіды Давыдаўны Васілюк – згадала, што брат яе бабулі, ведаючы біяграфію Ігнатоўскага, некалі назваў у яго гонар свайго сына Усеваладам.

***

Сёння ў Такарах 57 пастаянных жыхароў, з іх 28 – працаздольныя, шасцёра школьнікаў. На месцы былой пашы вырас хмызняк – затое цяпер побліз ходзяць жураўлі. Выпісвалі шмат газет і часопісаў, але іх і тут паступова змяняюць інтэрнэт-выданні. Ранейшай застаецца толькі неабходнасць вяскоўцаў быць пільнымі, заўважаць незнаёмых людзей ці аўто і вучыць гэтаму дзяцей. Граніца побач. Па другі бок ад яе жыве вёска-блізнец, толькі там вымаўляюць назву яе з націскам на другім складзе – Такары…

 Галіна НОВІК
Фота Віталія Дулевіча

КАТАЛОГ УСЛУГ И ТОВАРОВ

Раздел в разработке