Вайна, якой не забыць…

Дваццаць другога чэрвеня 1941 года, калі пачалася Вялікая Айчынная, Паўлу Кірылавічу Грысевічу са Шчэрбава было 12. Звычайная на першы погляд летняя нядзеля, адна з многіх, стала сапраўды пераломным момантам у жыцці маленькай вёскі і ўсёй найвялікшай краіны ў свеце…

– Помню, я тады толькі-толькі прачнуўся, – расказвае Павел Кірылавіч, – выйшаў на двор, а там… Самалёты над галавой ляцяць, снарады рвуцца. Кінуўся да людзей, а яны ўсе ўстрывожаныя. Як жа было не хвалявацца, калі хаты нашы, накрытыя саломай, у любы момант маглі ўспыхнуць?!
Міма мяне праехала машына з чырвонаармейцамі – яны адступалі. Бачыў, як вадзіцель схаваў машыну пад раскідзістым дрэвам ад усюдыісных самалётаў, а потым выправіўся далей, у бок Каменца.

У полі тады ж сеў самалёт, з чэрава якога выехаў чорны аўтамабіль, накіраваўся да скрыжавання. І раптоўна запанавала навокал цішыня…

Павел Грысевіч узгадвае, як у той дзень пагнаў да абеду кароў на выпас, – такі быў яго, хлапчукоў, штодзённы абавязак. Вайна вайною, але жывёлу карміць трэба…

Па дарозе бачыў зблізку немцаў у касках, а таксама – паветраны шар, што трымаўся на тросе, прымацаваным да машыны, – ворагі аглядалі мясцовасць.

– У мяне тады спытаў дарогу на Пружаны незнаёмы чалавек у цывільным, відавочна, наш. Я паказаў…

* * *
Другі дзень вайны захаваўся ў памяці Паўла Кірылавіча таксама ва ўсіх падрабязнасцях.

– Дваццаць трэцяга чэрвеня таксама не змог уседзець у хаце, – узгадвае ён. – Мне, хлапчуку, вельмі ж было цікава, што паспела зрабіць вайна за адзін-адзіны дзень. Немцы ўжо стаялі ў вёсцы, асабліва многа было іх на скрыжаванні. З віскатам над галавой праносіліся самалёты. Я з перапуду адзін раз нават упаў на зямлю. Бачыў таксама сапраўдны танк, а яшчэ… тут жа нашы расстраляныя ляжалі. Сярод іх нават камандзір быў, мне, малому, запомніліся чырвоныя лампасы. Далей стаяў разбомблены савецкі бранявік.

Тварам уверх з другога боку ляжалі яшчэ 14 нашых. Запомніўся адзін смуглявы, адрозны ад іншых, напэўна, казах. Мужчыны са Шчэрбава пасля пахавалі іх усіх у адной магіле. Пазней, ведаю, прыязджала ў вёску казашка, шукала свайго мужа, меркавала, што ён тут загінуў.

У Каменцы, помню, у той дзень выбухнула бомба, аж у нас чуваць было…

Павел Кірылавіч узгадвае таксама і аповед свайго бацькі, які ў першыя дні вайны вяртаўся з Высокага дадому і па дарозе сустрэў нашага салдата з прастрэленым вухам. Ён выйшаў з жыта, дзе хаваўся, і спытаў, куды яму лепш пайсці, каб не нарвацца на немцаў.

Тата Паўла Кірылавіча назваў вёску Рані, дзе фашыстаў не было, на тым і развіталіся.

* * *
У 1943 годзе, 9 красавіка (памяць дзядулі захавала нямала канкрэтных чыслаў), Паўла Кірылавіча, яго маці Пелагею Кандрацьеўну і бацьку Кірыла Пятровіча вывезлі ў Германію. Спярша ўсе разам працавалі ў баўэра, а потым тату адправілі капаць акопы.

Хлопчык даіў кароў, спярша адну, потым – усіх, якімі валодаў гаспадар. Былі ў яго і коні. Павел карміў жывёлу і абараняў яе.

Зімой 1945 года сям’ю Грысевічаў вызвалілі савецкія войскі. Да 1948-га яны заставаліся там, працавалі, бо правізія патрэбна была, потым – у саўгасе ў Калінінградскай вобласці, але заўсёды цягнула дадому… Вярнуўшыся, Павел Кірылавіч уладкаваўся ў калгас імя Будзённага.

– Бацька сказаў мне тады: абрывай, сын, пагоны і шукай работу. У нас так не ходзяць, – згадвае мой суразмоўца.

Тры гады адслужыў у арміі – горад Несцераў Львоўскай вобласці. Працаваў ажно да 86 гадоў (!) спярша пастухом, потым – паляводам, тры гады з’яўляўся дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў.

Сёння Паўлу Кірылавічу 88, але памяць яго ўсё яшчэ вострая і захоўвае ў сабе тое, што мы, наступныя пакаленні, павінны ведаць. Бо гэта – гісторыя наша…

Настасся НАРЭЙКА. Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий