Уладальнікі аграсядзіб імкнуцца да стварэння ўласнай фішкі

У межах рэалізацыі ініцыятывы “Арганічная вытворчасць і рух наперад экапрадукта “Водар Белавежжа” сямёра гаспадароў аграэкасядзіб нашага раёна – “Лясная” і “Польскі маёнтак” у Белай, “Млынок” у Млынах, “Вугляны”, а таксама – “Ціхая затока”, “Мядовая” і “Калінка” ў Голым Барку – былі вызначаны як яе партнёры летась (на падставе прадстаўленых планаў развіцця сядзіб).

Акцэнт зроблены на пчалярстве і вырошчванні траў, з якіх можна гатаваць разнастайныя фітачаі. Паводле праекта ЕС і Праграмы развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ПРААН) “Садзеянне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі”, у вышэйназваныя аграэкасядзібы Брэсцкім трансгранічным інфацэнтрам перададзены саджанцы пладовых дрэў, ягадных кустоў, пасадачны матэрыял разнастайных раслін, якія выкарыстоўваюцца ў чайных зборах, а яшчэ – мотакультыватары.

У Голым Барку сустрэлася з гаспадарамі дзвюх названых вышэй сядзіб – “Мядовай” і “Калінкі”. Па суседстве тут асталяваліся двое братоў Неліповічаў. Першым, гадоў дзесяць назад, аблюбаваў ускраіну вёскі Мікалай Рыгоравіч. Яго жонка – Раіса Міхайлаўна – мужа падтрымала. А прычынай пераезду з Брэста ў вёску сталі “званочкі” аб праблемах са здароўем. Але ж і склаўшы рукі актыўны па натуры чалавек сядзець не будзе. Завялі на сядзібе авечак ды птушку, а да купленай немаладой ужо хаты з абодвух бакоў распачалі прыбудовы на сучасны кшталт – атрымаўся даволі прасторны дом з бытавымі выгодамі, з некалькімі гасцявымі пакоямі. Усё паступова рабілі сваімі рукамі, нават стылізаваную чарапіцу Раіса Міхайлаўна сама малаточкам на даху мацавала.

Пастаянна жывуць у Голым Барку ўжо гадоў пяць. З прычыны звыклага на мяжы зімы і вясны турыстычнага “несезоння” рамонт у доме працягваецца, і зноў няўрымслівая Раіса Міхайлаўна асноўны клопат бярэ на сябе, бо муж не так даўно перанес аперацыю…

На суседнім участку – Юрый Неліповіч прыехаў у Голы Барок крыху пазней за брата — за некалькі гадоў “вырас” будынак, на другім паверсе якога могуць камфортна размясціцца 18 чалавек. З вокнаў – від на Лясную.

А на беразе ракі – прасторная альтанка… Аднак галоўны клопат сёння – пасадзіць атрыманае ў інфацэнтры, бо вясна чакаць не будзе. Саджанцы яблынь і груш, кусты парэчак, бружмелю (жимолость), глогу (боярышник), каліны, а таксама брусніцы, чарніцы, суніцы, меліса, душыца… Шчыруюць няспешна, з роздумам, з толкам. Пладовыя дрэўцы, высаджаныя восенню, ужо радуюць пухлымі пупышкамі, а для астатняга скрупулёзна падбіраюцца самыя прыдатныя мясціны на сядзібах. У задумках: “чайныя” расліны паселяцца не на звыклых градках, а ў рукатворным ландшафце, каб і сузіранне, і філасофія, і прыродная прыгажосць – каб усё проста, але з густам, як дакрананне да вытокаў быцця. У тым пераліку і арганічнае земляробства.

Асобная тэма – мядовая. Калі ў аднаго з братоў – Мікалая Рыгоравіча – і раней было некалькі вулляў, дык Юрый упершыню займеў іх на сядзібе мінулай восенню. А за парадай Неліповічы найчасцей звяртаюцца да ўжо аднавяскоўца Анатоля Скалдзецкага, больш вопытнага пчаляра, гаспадара аграсядзібы “Ціхая затока”…

У Голым Барку сапраўды не гола. Нават у міжсезонне. Але ў тым, што пад нагамі – жоўты пясок, Юрый і Мікалай Неліповічы ўпэўніліся насамрэч. Прывезлі некалькі машын больш урадлівай глебы, тонкім слоем яе аздобілі сядзібы, астатняе – справа рук і… фантазіі. Бо ўладальнікі аграсядзіб імкнуцца да стварэння ўласнай фішкі, арыгінальнага турпрадукта. Як зазначае Юрый Рыгоравіч, апошнім часам адчуваецца, што пасля “крызіснага” зацішша цікавасць да падарожжаў па Беларусі пачынае пакрысе ажываць.

Галіна НОВІК. Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий