У Ясень, да Саевічаў

Автор Комментариев нет Поделиться

Дэлегацыя Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ў складзе паэта і журналіста Георгія Тамашэвіча, празаіка, краязнаўцы і журналіста Анатоля Бензерука, а таксама аўтара гэтых радкоў выправілася ў самыя таямнічыя мясціны Белавежскай пушчы для таго, каб павіншаваць з 85-годдзем патомнага пушчанца, жыхара вёскі Ясень, былога ляснічага Фёдара Саевіча.

Нарадзіўся Фёдар Канстанцінавіч ў маляўнічай вёсачцы, што знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парка “Белавежская пушча”. У 1957 годзе паступіў у Полацкі лясны тэхнікум. У 1964-м стаў студэнтам Усесаюзнага сельскагаспадарчага інстытута завочнага навучання у Балашысе Маскоўскай вобласці, пасля заканчэння якога вярнуўся на радзіму, у пушчанскую глыбінку, дзе працаваў усё жыццё.

А калі выйшаў на пенсію, з’явілася жаданне абдумаць, сістэматызаваць шматгадовыя назіранні, веды і напісаць праўдзівую гісторыю пушчы, апець яе ў сваіх вершах, апавяданнях, казках. Фёдар Саевіч – аўтар дзевяці літаратурна-мастацкіх і навукова-папулярных кніг.

Першыя кнігі Фёдара Саевіча ўбачылі свет у 2002 годзе – «Записки лесничего Беловежской пущи» і «Записки». А за імі рушыла ўслед кніга «В Беловежских лесах». Затым былі выдадзеныя: «Беловежские корни», «Беловежские были», «Раздумья о Беловежской пуще», «Беловежская пуща – моя любовь, моя судьба», «Беловежская пуща: ВЕК ХХ «Поколение 30-х», «Становление жизненного пути».

Трапіць у схаваную ў гушчары вёсачку Ясень аказалася няпроста. Трэба было прайсці два кантрольна-прапускныя пункты, пры гэтым загадзя паведаміць аб запланаванай сустрэчы дырэктару аховы ДПУ «НП «Белавежская пушча». Першабытны лес надзейна ахоўваецца ад браканьераў, аматараў шашлыкоў і іншых лясных забаваў.

Гэта сёння пушча спакойная ў сваім зачараванні. Велічныя дрэвы верхавінамі дастаюць да нябёсаў, надзейна абараняючы ціхамірны чароўны свет, дзе духмяна пахне чарнічнікам і балотамі, квітнеюць лясныя суніцы і ландышы, чуцен голас зязюлі…

У другой палове пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя ў лясах свавольнічалі браканьеры. У пагоні за здабычай яны былі гатовы на самыя страшныя злачынствы. Бясстрашнасць, любоў да родных мясцін і высакароднасць дапамагалі Фёдару Саевічу ў складаных сітуацыях.

Як дарагіх, доўгачаканых гасцей сустракалі пісьменнікаў на ганку роднай хаты тры пакаленні пушчанцаў Саевічаў. Бацька Фёдар Саевіч, сын Канстанцін і ўнук Фёдар. Сустракалі з музыкай, цёпла, ветліва.

Сын пушчанскага ляснічага Канстанцін Саевіч – прафесар кафедры бяспекі жыццядзейнасці і курорталогіі факультэта «Вышэйшая школа турызму» Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, доктар біялагічных навук. А яшчэ – музыкант і кампазітар, настаўнік і краязнаўца, бацька чацвярых таленавітых дзяцей, афіцэр запасу і член БСА.

Унук, поўны цёзка дзядулі, Фёдар Канстанцінавіч Саевіч скончыў лесагаспадарчы факультэт БДТУ і вярнуўся спецыялістам у родную вёску Ясень. Васьмікласніца Ліза, малодшая ўнучка, перамагае ў літаратурных конкурсах, піша даследчыя артыкулы для рэспубліканскіх часопісаў. Вось такая таленавітая беларуская сям’я, сакрэт поспехаў і шчасце якой – адданасць і любоў да роднай зямлі, трапяткое стаўленне да яе няпростай гісторыі, беражлівасць да багатай беларускай прыроды.

Побач з сядзібай Фёдара Саевіча – бацькоўскі дом. Яго пабудаваў дзед пісьменніка – Міхаіл Саевіч яшчэ ў 1878 годзе! З другога боку “кіпіць” яшчэ адна будоўля: унук Фёдара Канстанцінавіча ўзводзіць сваё жыллё. Ён падхапіў дзедаву эстафету і стаў на варту пушчанскіх лясоў.

Паглыбляючыся ў гушчар, ідучы па малапраходных сцежках, Саевіч раз-пораз спыняе зацікаўленых падарожнікаў, расказваючы пра пушчанскія таямніцы. Фёдар Саевіч чытае непрыметныя для недасведчаных людзей сляды мінулага часу – вось тут адбыўся замах на лесніка, тут толькі колер зямлі нагадвае пра вугальны завод, які згубіўся сярод магутных соснаў.

Векавыя дрэвы сталі для Фёдара Саевіча вернымі сябрамі на ўсё жыццё. Да іх хочацца прыціснуцца і маўчаць, думаючы пра вечнае і лепшае, пра тое, як неабходна любіць і берагчы сваё роднае, карані, традыцыі, як важна пражыць жыццё без зайздрасці, злосці, карысці, помсты, у любові да навакольнага свету, яго прыгажосці, у людской дабрыні і душэўнай шчодрасці. Так, як жыве патомны пушчанец Фёдар Саевіч.

Мы развітваемся з Саевічамі ля помніка яўрэям з Шарашова. Пра тое, што ў 1942 годзе на тэрыторыі Ясеньскага лясніцтва Белавежскай пушчы былі расстраляны 30 чалавек, якія хаваліся ў час Другой сусветнай вайны ад нямецкіх захопнікаў на востраве сярод ляснога балота непадалёк ад вёскі Ясень, распавёў на старонках сваёй кнігі менавіта Фёдар Саевіч, тым самым стаў ініцыятарам узвядзення памятнага манумента.

Мы развітваемся… Але краязнаўча-літаратурная вандроўка працягваецца… Наперадзе – Шарашова, вёска Стойлы, Вяжное…

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Предыдущая статья

Вазьмі маё сэрца

Следующая статья

«Остается одно – «скинуться» по рублю…»

Вам также может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *